Чатыры акорды свята. 21.by

Чатыры акорды свята

19.10.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Асветлена жыццёвая дарога
Дабром і ласкай маміных вачэй,
І бацькаў напамінкам позірк строгі
Мне сілы прыдае штодня яшчэ.

Георгій ТАМАШЭВІЧ.

У прадчуванні
(замест уступу)

ПЕРАПОЎНЕНАЯ ЗАЛА гаманіла ў прадчуванні святочнага відовішча. Сцэна, апранутая ў яркія адзежы, дыхала духоўна-лірычнымі акордамі Дня маці і Пакроваў Багародзіцы. У 14.00 дзея, багатая на прыемныя нечаканасці, пачалася і захапіла кожнага, хто 14 кастрычніка прыйшоў у ГДК.

Акорд першы:
Ордэн

ПАСЛЯ ВАЙНЫ было малалюдна: чорная жанчына з касой выкасіла беларусаў. Аднак дзеці нараджаліся – дзеля адраджэння. Нярэдка ў сем’ях гадавалася іх сямёра, васьмёра, дзявяцера. Маці, што нараджалі столькіх, урад даваў медалі. Калі дзесяць і болей – ордэн Маці і ганаровае званне “Маці-гераіня”, якія цаніліся не менш за баявыя ўзнагароды. Беларусь толькі ў 1974-м – апошняй сярод саюзных рэспублік – дасягнула даваенных паказчыкаў па колькасці жыхароў. І ў тым бясспрэчная заслуга жанчын, што выканалі сваё найгалоўнейшае прадвызначэнне: даць жыццё і выхаваць сапраўдных грамадзян. Пагэтаму залатымі літарамі ў гісторыю Жабінкаўшчыны ўпісаны прозвішчы Ахрымукоў, Балюкоў, Дубінаў, Жоўклых, Казакоў, Панятоўскіх, Чарнакоў, Чаротаў ды іншых, чые жанчыны насілі на грудзях Ордэн. На тых грудзях, што кармілі мацярынскім малаком.
У 1996 годзе ўжо незалежная Беларусь увяла ордэн Маці, якім узнагароджвае жанчын, што нарадзілі і выхоўваюць пяць і болей дзяцей. Да гэтага дня 35 жыхарак наша раёна мелі такую ўзнагароду, сёлета да іх далучыліся яшчэ тры.
Як справядліва заўважыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, “мудрымі былі людзі, якія прымеркавалі Дзень маці да 14 кастрычніка, што супадае з надзвычай важным хрысціянскім святам – Пакровамі Прасвятой Багародзіцы”. Адначасова ў віншавальным слове Дзмітрый Мікалаевіч падкрэсліў: “Самая галоўная місія, якую выконваюць жанчыны, – нарадзіць і вырасціць дзяцей. Са свайго боку, дзяржава спрыяе гэтаму, паколькі дзейнічае цэлая сістэма мер падтрымкі шматдзетных сем’яў. У іх ліку – увядзенне сямейнага капіталу, якім на Жабінкаўшчыне скарысталіся ўжо 193 сям’і (55 з іх – сёлета). За апошнія пяць гадоў колькасць шматдзетных сем’яў у Жабінцы і раёне павялічылася з 270 да 429. Яшчэ адзін важны від падтрымкі з боку дзяржаўных органаў – будаўніцтва жылля для такіх сем’яў. Летась узведзена 19 кватэр для шматдзетных, у гэтым годзе – ужо 25, ажыццяўляецца падтрымка і ў будаўніцтве індывідуальнага жылля”.
Пасля прамовы кіраўніка раёна былі зачытаны вытрымкі з указа Прэзідэнта краіны аб узнагароджванні ордэнам Маці трох нашых зямлячак: Алёны Халіман, Ліліі Ільяшэвіч і Таццяны Шэйко. Яны, сапраўдныя гераіні свята, узнімаліся на сцэну, каб атрымаць падарункі, кветкі, зычлівыя словы і цёплыя апладысменты залы.
Для Алёны Халіман, якая разам з мужам Раманам Аляксандравічам гадуе пяцёра дзяцей, жыццёвым арыенцірам сталі агульная павага і клопат, што прапісаліся ў іх дружнай сям’і. 14 кастрычніка для Алёны Пятроўны стала трайным святам, якое запомніцца надоўга. Па-першае, гэта Дзень маці і Пакровы. Па-другое, ёй ва ўрачыстай абстаноўцы ўручана высокая дзяржаўная ўзнагарода. Нарэшце, уганараванне адбылося дзень у дзень з важным асабістым святам: 14 кастрычніка жанчына адзначала сваё 30-годдзе. (А ў дужках пазначым яшчэ некалькі цікавых збегаў акалічнасцяў. Першы падарунак Алёна Пятроўна сабе і сваёй сям’і паднесла 11 гадоў таму, калі напярэдадні ўласнага дня нараджэння дала жыццё найстарэйшай дачушцы. За Анечкай былі яшчэ тры дзяўчынкі – Саша, Даша і Танечка, пакуль, нарэшце, не з’явіўся Вовачка. Прычым, наймалодшыя Таня і Вова нарадзіліся ў адзін дзень – 28 ліпеня, праўда, з розніцай у два гады).
Наступнаю на сцэну ў атачэнні сваёй сям’і ўзнялася Лілія Ільяшэвіч – прыгожая, нібыта кветка, чыё імя спрадвеку носіць. Разам з мужам Уладзімірам Васільевічам Лілія Уладзіміраўна дала жыццё тром дзяўчынкам – Сашы, Эміліі і Марыі (дарэчы, Маша нездарма атрымала імя, бо нарадзілася на Дабравешчанне) і двум хлопчыкам – Даніку і Мішу.
Трэцяй ордэн Маці атрымала жыхарка Жабінкі Таццяна Шэйко. У яе сям’і такая ж жыццёвая арыфметыка, што і ў Ільяшэвічаў: 3 + 2. Разам з мужам Васілём Васільевічам Таццяна Дзмітрыеўна выхоўвае Кацю, Лізу і Аню, Арсенія ды наймалодшага Андрэйку.

Акорд другі:
Дзеці

НА СВЯЦЕ было шмат кветак. Яшчэ больш – дзетак.
Нездарма напярэдадні на Жабінкаўшчыне ладзілася акцыя “Павінны нараджацца дзеці”. Яе арганізатары – аддзел загса, раённыя суполкі Беларускага фонду міру, саюза жанчын, “Белай Русі”, “БРСМ”, прафсаюзаў – пашчыравалі, каб гэты дзень у многіх захаваўся ў памяці.
Дзеля таго адбыліся ўганараванні не толькі дарослых і малых, але й нават самых маленечкіх.
Каб павіншаваць Алачку Сароку – першаніцу 2017 года – і яе бацькоў Таццяну Пятроўну і Уладзіміра Міхайлавіча, на сцэну ўзняўся старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Аляксандр Апекуноў. Можна лічыць цудоўным сімвалам, што Ала нарадзілася 7 студзеня – у дзень Раства. А далей – шчаслівы працяг, пра які расказала спецыяліст аддзела загса райвыканкама Валерыя Маркоўская: сёлета ў раёне ўжо зарэгістраваны 119 хлопчыкаў і 113 дзяўчынак, і год яшчэ не дасягнуў фінішнай рысы… А значыцца, па-ранейшаму спяшаецца ў жабінкаўскія сем’і на хуткіх крылах бусел… Да некага – упершыню, да іншага – у пяты раз. Таму ў намінацыі “Шматдзетнае шчасце” – сёлета адразу двое пераможцаў: сем’і Гадулькаў з Федзькавічаў і Курыных з Рагозна. У кожнай з іх нарадзілася па пятым дзіцяці: сынам далі адпаведна імёны Данііл ды Андрэй. Сем’і, што з часам могуць стаць прэтэндэнтамі на ордэн Маці, прымалі віншаванні ад старшыні прафсаюзнага камітэта ААТ “Рагазнянскі” Жанны Трафімук і эканаміста Людмілы Лясной.
З наступнымі словамі віншавання звярнулася да прысутных старшыня праўлення раённага аддзялення ГА “Беларускі саюз жанчын” Ала Ануфрыюк. Зразумела, большасць яе слоў адрасавалася прыгожай палове чалавецтва. І ўсё ж адно выключэнне было зроблена на карысць Андрэя Андрэевіча Аксюціка. І хоць яму пакуль толькі чатыры з паловай месяцы, малодшага з Аксюцікаў нездарма называлі са сцэны паважліва імем з далучэннем імя па бацьку. Бо як яшчэ велічаць “Малыша-волата”, што прыйшоў у свет з вагою амаль пяць кіло?! За нараджэнне такога Геркулеса (а ён ужо трэці ў сям’і) заслужаныя віншаванні атрымалі і матуля Наталля Мікалаеўна, і бацька Андрэй Пятровіч, што жывуць у аграгарадку Ленінскі. А вось пераможцаю ў намінацыі “Дзюймовачка года” прызнана дачка Яны Мікалаеўны і Юрыя Аляксеевіча Панасікаў – Мілена, якой ад роду крыху менш за месяц, а вага – у два з паловай разы меншая, чым у волата Андрэя Андрэевіча.

Акорд трэці:
Творчасць

УСЕ НАМІНАНТЫ і іх бацькі атрымалі ў падарунак танцавальныя нумары ў выкананні гарэзлівых калектываў “Непаседы” і “Вясёлкавы мікс”. Увогуле, прадстаўнікі культуры раёна радавалі гледачоў разнастайнасцю сваіх талентаў. Лічыце, кожная нота ў іх выкананні была прысвечана аднаму з найбольш моцных зямных пачуццяў – мацярынскай любові, што “кожнага суправаджае на шляху ад першага жыццёвага імгнення і да скону”.
Таму асабліва пранікнёна ліліся спевы, прысвечаныя матулям: “Мама”, “Пра маму”, “Мама – першае слова”, “Маміна сэрца”, “Маміны вочы” ў выкананні Аксаны Пракошынай, Ірыны Шалонік, Аляксандры Скарыны, Валерыя Няменьшага.
Але ж не толькі музычныя нумары – і вершы таксама былі ў той дзень падарункам для шаноўных жанчын-маці. За некалькі гадзін да імпрэзы выйшаў чарговы нумар “Сельскай праўды” з вершамі-пераможцамі раённага конкурсу “Прыгожы свет любоўю мацярынскай”. Каб уганараваць найлепшых самадзейных паэтаў, на сцэну ўзнялася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Вера Бортнік. З яе рук заслужаныя ўзнагароды атрымалі Ангеліна Карнавух, Марыя Лазавік і Ірына Фёдарава. Свой верш-прысвячэнне “Маме” апошняя прачытала на памяць з падмосткаў ГДК.
Вызначыліся і пераможцы творчага конкурсу “Рознакаляровыя фантазіі” ў намінацыях “Усмешкі восені” і “Цуд з агарода”, дзе першыя месцы занялі Павел і Міхаіл Міхневічы, Максім Саўчук і Яраслаў Здановіч.
Спонсарамі падарункаў для матуль выступілі філіял ТАА “Табак-Інвест”, Брэсцкага ГЦ “Карона”, філіял №100 “Беларусбанка”, Брэсцкая дыстанцыя абароны насаджэнняў.

Акорд чацвёрты:
Пакровы

НА ПРАЦЯГУ ВЕЧАРЫНЫ скразной лініяй праходзіла думка: “Наш горад і ўвесь наш край жыве пад абаронай Пакроваў Божай Маці”. Пра тое згадвалася неаднойчы і ў прозе, і ў вершы. Адчувалася, што кожны выступоўца, віншуючы ўсіх жанчын з Днём маці, перш-наперш воляй-няволяй успамінаў родную матулю і тую адзіную, што падаравала жыццё Выратавальніку Сусвету.
Пра асаблівасці для нашай зямлі вялікага хрысціянскага свята Пакроваў Божай Маці нагадаў айцец Сергій Петрусевіч – дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель Свята-Пакроўскага храма ў Жабінцы.
Больш за 130 гадоў гэтая царква, закладзеная на месцы аднайменнага храма, які існаваў у колішніх Мышчыцах ужо ў ХVII стагоддзі, асвятляе зямны шлях многіх пакаленняў жабінкаўцаў. “Горад развіўся ад храма, – гаварыў святар, – і спрадвечна знаходзіцца пад аховай Пакроваў Божай Маці”. Звярнуўся айцец Сергій і да зямных жанчын – з папярэджаннем, нагадаўшы, якім моцным бывае слова маці, заўсёды пачутае Богам, а таму не толькі матуліна блаславенне, але і яе праклён маюць надзвычайную сілу. Адначасова настаяцель нагадаў, што сёння галоўны храм Жабінкаўшчыны вызначаецца сваім багатым і надзвычай разнастайным духоўным жыццём.
Пацвярджэннем гэтых слоў стала цудоўнае выступленне дзіцяча-юнацкага хору “Пакровы”, што дзейнічае пры царкве. Нікога са шматлікіх слухачоў не пакінулі абыякавымі спевы юных вернікаў, якія прыўнеслі непадробнае хараство ў праграму душэўнага свята.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота Святланы КІСЛАЙ. Асветлена жыццёвая дарога Дабром і ласкай маміных вачэй, І бацькаў напамінкам позірк строгі Мне сілы прыдае штодня яшчэ....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика