Ці спыніўся грыбны ажыятаж?. 21.by

Ці спыніўся грыбны ажыятаж?

22.10.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З такім пытаннем звярнулася да жабінкаўскіх грыбнікоў, якія зазначылі, што сёлета толькі лянівы застаўся без смачных і карысных дароў лесу.

Валерый Пятровіч КУНАШКА:
– Наведвацца ў лес па грыбы пачынаю з мая. Вясновыя чырвонагаловікі і белыя заўсёды ў маім кошыку. На працягу лета збіраю багатыя дары прыроды не толькі ў жабінкаўскіх лясах, але й у Брэсцкім і Кобрынскім раёнах. Сёлетняя восень шчодрая на грыбы: людзі ўдосталь назапасілі белых, польскіх, маслякоў, зараз пайшлі зялёнкі і падзялёнкі. Грыбны бум не спыняецца, і гэтаму спрыяе надвор’е: цёпла, ідуць дажджы. Сябе грыбамі на зіму забяспечылі. У нашай сям’і ёсць свой фірменны рэцэпт, калі ў цеста да бульбяных аладак і мучных бліноў дадаем адвараныя грыбы, перакручаныя на мясарубцы. Паспрабуйце – смаката!

Галіна Іванаўна РАГОЖНІКАВА:
– У пачатку верасня з’ездзілі па грыбы ў Пружанскі раён. Гэтага аказалася дастаткова, каб вярнуцца з поўнымі кошыкамі польскіх і маслякоў. Частку іх замарозіла, замарынавала, а яшчэ зрабіла смачную салянку, якую так любяць у нашай сям’і. Зімою нарыхтоўкі як знойдзеш – смачны пачастунак для родных і сяброў.

Галіна Аляксееўна ГУЛЮК:
– Я – грыбнік з дзяцінства. Ёсць у мяне свой любімы лес і свае месцы, якія ніколі не падводзяць і адорваюць шчодрымі дарункамі: баравікамі, лісічкамі, маслякамі. Люблю бываць у пятровіцкім лесе, езджу ў барздзілаўскі, арэпіцкі, вярхоўскі. На Жабінкаўшчыне шмат месцаў, дзе можна хутка напоўніць кошыкі ляснымі дарамі, таму ў іншыя раёны ніколі не наведваюся. Грыбы ўсе люблю, атрымліваю вялікую асалоду, калі іх збіраю, але перавагу аддаю ўсё ж беламу – ён, як вядома, кароль сярод сваіх сабратаў. Дастаткова насушыла іх і замарозіла. Не кожны год маем такі ўраджай грыбоў, сёлетні – небывала шчодры: ніхто з пустымі кошыкамі з лесу не вярнуўся. Цяпер – час для зялёнак і падзялёнак, якіх таксама шмат.

Надзея Аляксандраўна ХІЛЬЧУК:
– Даўно не памятаю такога багатага ўраджаю на грыбы, як сёлетні. У канцы мая ўжо збірала падбярозавікі. На працягу лета актыўна раслі лісічкі, якія сустракаюцца і цяпер, многа было падасінавікаў, белых. Гэтаму спрыялі частыя дажджы. Днямі была ў лесе. Чырвонагаловікі, грузды чорныя, падзялёнкі – грыбы не адпускаюць нас. І далёка ехаць не трэба. Мой шлях вядомы – на бары, Вялікія Сяхновічы, Хмелева. У двары майго дома выраслі апенькі. Зрэзала іх і закатала, атрымалася пяць літраў. Грыбы замарожваю, сушу, салю, частую імі родных і сяброў, ахвотна дзялюся рэцэптамі.

Валерый Мікітавіч МАЦВЯЮК:
– Езджу ў лес па грыбы на працягу многіх гадоў. Накіроўваюся на бары, у напрамку Малых Сяхновічаў, Арэпічаў. Бываў у лясах на Пружаншчыне. Любімыя грыбы – белыя і падбярозавікі. Сёлета наведваўся ў лес у канцы жніўня – пачатку верасня. Ён шчодра ўзнагароджваў мяне. Грыбы, звычайна, адварваем і замарожваем. Потым тушым з імі бульбу, варым суп, дадаем у піцу, іншыя стравы. У лес з’ездзіць планую яшчэ: з’явіліся падзялёнкі. Ведаеце, якая смаката атрымліваецца, калі іх адварыць ды пасмажыць з цыбулькаю на патэльні?! Галоўнае, каб надвор’е не падвяло!
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З такім пытаннем звярнулася да жабінкаўскіх грыбнікоў, якія зазначылі, што сёлета толькі лянівы застаўся без смачных і карысных дароў лесу. Валерый Пятровіч...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика