На Віцебшчыне "з малатка" сёлета прадалі каля 70 будынкаў коштам больш 1,1 млн рублёў. 21.by

На Віцебшчыне "з малатка" сёлета прадалі каля 70 будынкаў коштам больш 1,1 млн рублёў

21.11.2017 09:30 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На Віцебшчыне з пачатку года правялі каля 460 аўкцыёнаў па продажы аб’ектаў нерухомасці. У выніку «з малатка» пайшлі прыблізна 70 будынкаў і збудаванняў на суму больш за 1 мільён 140 тысяч рублёў.


На аўкцыён 4 снежня выстаўлены дарэвалюцыйны будынак на вуліцы Чэхава, 7 у Віцебску. Фота: Таццяна Мацьвеева, TUT.BY

Навошта інвестару карта?

Да цікавых вывадаў прыйшлі супрацоўнікі фонду «Віцебскаблмаёмасць».

— На інтарэс інвестара ўплывае не толькі стан будынка, але і яго геаграфічнае размяшчэнне. Больш актыўна прадаюцца дамы і зямельныя ўчасткі каля гарадоў. Але, канешне, эфектыўнасць уцягвання іх у гаспадарчы абарот у многім залежыць ад ініцыятывы мясцовай улады, — расказвае Вольга Юшкоўская, намеснік начальніка ўпраўлення па распараджэнні дзяржмаёмасцю.

Станоўчых прыкладаў нямала. У вёсцы Гараднянскі Мох Віцебскага раёна прыватнік выкупіў пустуючы адміністрацыйны будынак і адкрыў краму. Набываюць незапатрабаваныя будынкі ў маланаселеных вёсках і пад арганізацыю больш сур’ёзных праектаў. Прадпрымальнікі асвойваюць нішы, якія, на першы погляд, не вельмі ўласцівыя паўночнаму рэгіёну. Узяць хоць бы прадпрыемства «Майстар-грыб». Яно спецыялізуецца на вырошчванні шампіньёнаў.

— Піянеры грыбнога бізнэсу ў вобласці арганізавалі справу ў вёсцы Васількі Віцебскага раёна — у будынках былога зернясклада, — тлумачыць супрацоўнік фонду.

Элітныя свяцільні

Пустуючыя будынкі карыстаюцца попытам і ў рэгіёнах з багатым прыродным патэнцыялам, перспектывамі развіцця турызму. Сярод такіх Браслаўшчына, Глыбоччына.

У прыватнасці, доўгі час у Глыбокім нікому не быў патрэбны адміністрацыйны будынак «Сельгастэхнікі». Цяпер яго не пазнаць. Прыватная кампанія ўклала сродкі ў рамонт і арганізавала камфартабельную гасцініцу. Там спыняецца нямала турыстаў.

Цікавую вытворчасць арганізавалі ў Паставах у будынках, якія таксама доўгі час не выкарыстоўвалі. Іх купілі на аўкцыёне з паніжэннем пачатковай цаны на 80%. Там прыкладна год таму таварыства з абмежаванай адказнасцю наладзіла выраб настольных свяцільняў. Для арганізацыі вытворчасці набылі абсталяванне за 70,4 тысячы рублёў. Стварылі чатыры рабочыя месцы. Электрапрыборы робяць з розных парод драўніны: дуба, бука, хвоі. Прадукцыю экспартуюць у Расію. Ужо зрабілі больш за 630 свяцільняў агульным коштам 23,9 тысячы долараў.

Школы пад жыллё

Таксама ў Паставах некалькі гадоў таму на аналагічных умовах індывідуальны прадпрымальнік набыў будынак канторы з прыбудовай. І сёння тут можна ўбачыць прыгожы гандлёвы аб’ект. На першым паверсе — крама па продажы мэблі, а на другім, які надбудавалі, — більярдная зала. На рэканструкцыю патрацілі больш за 10 тысяч рублёў. Работу атрымалі 8 мясцовых жыхароў.

Цікавай тэндэнцыяй апошніх гадоў стаў інтарэс людзей да набыцця пад жыллё закрытых школ, іншых будынкаў у сельскай мясцовасці.

— Права набываць на аўкцыёнах нерухомасць для выкарыстання ў якасці жылых памяшканняў або вядзення падсобнай гаспадаркі прадастаўлена ў сярэдзіне 2012 года. Гэта было зроблена ў адпаведнасці з указам прэзідэнта № 294. Але толькі пры ўмове, калі аб’ектам не зацікавіліся інвестары для арганізацыі вытворчасці. Новыя ўладальнікі абавязваюцца ў канкрэтныя тэрміны акультурыць участак і абжыцца на новым месцы, — канстатаваў Міхаіл Паўлючкоў, старшыня фонду «Віцебскаблмаёмасць».

Уся інфармацыя для патэнцыйных інвестараў, у тым ліку аб нарматыўнай базе, ёсць на сайце фонду. Неабходныя звесткі можна знайсці і на сайтах органаў дзяржаўнага кіравання.

На лістапад-снежань фонд прызначыў больш за 100 аўкцыёнаў. У прыватнасці, на продаж 4 снежня выстаўлены дарэвалюцыйны будынак на вуліцы Чэхава, 7 у Віцебску. Па некаторых аб’ектах пачатковая цана продажу зніжаная на 20, 50 і нават 80%. Ёсць аб’екты, якія можна набыць усяго за адну базавую велічыню.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пустуючыя будынкі карыстаюцца попытам і ў рэгіёнах з багатым прыродным патэнцыялам. Сярод такіх Браслаўшчына, Глыбоччына.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика