Крокі ад бяспамяцтва. 21.by

Крокі ад бяспамяцтва

23.11.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У 1970-ыя ў вёску Заброддзе (гэта на Вілейшчыне) на пастаяннае месца жыхарства са сталіцы пераехаў мастак Барыс Цітовіч з сям’ёй. Выпадкова натрапіўшы ў лесе на пахаванні часоў Першай сусветнай, зацікавіўся — і зрабіў для вяртання памяці пра тую вайну вельмі шмат. На рахунку Барыса Барысавіча — добраўпарадкаванне пахаванняў, устаноўка помнікаў, пабудова капліцы, стварэнне музея, заснаванне дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі»… Проста неверагодна шмат — тым больш, што пачынаў ён гэту справу, калі пра “царскую” вайну, мякка кажучы, не згадвалі. А ў ліку аднадумцаў адразу была толькі ўласная сям’я.
***
У пазамінулую суботу ў Заброддзі адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да 99-годдзя завяршэння Першай сусветнай вайны (11 лістапада 1918 года было заключана Камп’енскае перамір’е) і 100-годдзю спынення баявых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі (у лістападзе 1917-га падпісана перамір’е ў Солах).
Хоць мерапрыемства праходзіла ў іншым раёне, думаю, варта расказаць пра яго чытачам “Нарачанскай зары”. Бо тэма нам не чужая: цікавасць да падзей Першай сусветнай расце, ёсць і немалы вопыт правядзення тэматычных мерапрыемстваў на Мядзельшчыне (самыя яскравыя — ваенна-гістарычныя рэканструкцыі (2014, 2015 гады) і навукова-практычная канферэнцыя ў 2016-ым).
11 лістапада ў Заброддзі сабралася шмат зацікаўленых: не толькі з Вілейшчыны, але і з Мінска, Смаргоні, Іўя, іншых населеных пунктаў Беларусі… Былі і жыхары нашага раёна. А прадстаўнік этнакультурнага комплексу “Наносы-Наваселле” Віктар Майсяёнак нават падараваў Барысу Цітовічу самавар пачатку ХХ стагоддзя для музейнай экспазіцыі.
…Пачалося мерапрыемства каля капліцы прэзентацыяй новай кнігі з серыі “У пошуках страчанага” — “Палігон. Гісторыя Скобелеўскага ваеннага лагера”. …Потым — супольная малітва пра загінуўшых. Перад пачаткам прысутным раздалі лісточкі паперы, на якіх — імёны палеглых на Вілейшчыне салдатаў Рускай імператарскай арміі. На маім было напісана: “Земнохот Павел Фёдорович… 28 лет. Убит 21 сентября 1915 года, погребён 22 сентября 1915 года на берегу реки Спяглица у дер. Новосады Вилейского уезда Виленской губернии. Из крестьян. Уроженец Харьковской губернии, Старобельского уезда, Александровской волости, хутора Западный”. Пасля малітвы лісточкі прапанавалі прымацаваць да сцяны капліцы. Пакуль мацавала свой, на іншым прачытала: “Ролич Михаил Иванович, фельдфебель 116-го пехотного Малоярославского полка, 29 лет, православный. …Из крестьян. Уроженец Виленской губернии, Свентянского уезда, Занарочской волости, деревни Проньки”. Наш зямляк таксама загінуў 21-га верасня 1915 года і пахаваны на беразе Спягліцы ля вёскі Навасады…
…Найбольш відовішчнай часткай мерапрыемства стала ваенна-гістарычная рэканструкцыя падзей Віленскай аперацыі 1915 года. Складалася яна з трох эпізодаў і была вельмі маштабнай: удзел прынялі больш за 70 чалавек з ваенна-гістарычных клубаў Беларусі і Расіі. Самым важным, на маю думку, быў апошні эпізод: у ім рэканструявалі не баявыя дзеянні, а будні лазарэта. “Пры кожным лазарэце абавязкова былі могілкі, — падкрэслілі рэканструктары. — Любая вайна — жах, а ўсе спрэчкі лепш вырашаць мірным шляхам”. Шкада, што гэту простую ісціну не заўсёды бяруць пад увагу тыя, хто прымае важныя рашэнні — у гэтым плане за апошнія сто гадоў мала што змянілася. На жаль.
***
А людзі, якія падхапілі ідэі Барыса Цітовіча, ёсць і ў нашым раёне. Чарговым сведчаннем таму — стварэнне на Мядзельшчыне філіяла дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны “Крокі”. Але пра гэта — наступным разам.

Матэрыялы да друку падрыхтавала Наталля ЛІСІЦКАЯ, фота С. Гаўрыса.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 1970-ыя ў вёску Заброддзе (гэта на Вілейшчыне) на пастаяннае месца жыхарства са сталіцы пераехаў мастак Барыс Цітовіч з сям’ёй. Выпадкова натрапіўшы ў лесе на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика