Марыць выкладаць, чароўны свет моў раскрываць. 21.by

Марыць выкладаць, чароўны свет моў раскрываць

11.12.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
З самага дзяцінства Волечка Сідорка была цікаўнай і дапытлівай, хацела ўсё ведаць. Дзяўчынка марыла хутчэй вырасці, пайсці ў школу і стаць нарэшце вучаніцай.
Першы званок прагучаў для яе ў першай гарадской адзінаццацігодцы. Узяла Вольгу за руку і павяла ў краіну ведаў Людміла Барысаўна Александровіч. Чатыры гады пачатковай школы пакінулі ў дзяўчынкі незабыўныя ўражанні ад цікавых адкрыццяў і першых перамог. Адміністрацыя ўстановы парэкамендавала выдатніцы прадоўжыць далейшую вучобу ў трэцяй гарадской школе, дзе былі гімназічныя класы. Вольга адносіла сябе больш да гуманітарыяў, таму выбрала філалагічны. А першага верасня яна даведалася, што залічана ў матэматычны клас і разгубілася. У планах дзяўчыны не было надаваць столькі часу і ўвагі дакладным навукам. Але дастаткова было некалькіх урокаў, каб Вольга, дзякуючы Таццяне Багданаўне Сыч, улюбілася ў матэматыку. Педагог ніколі не перагружала вучняў самастойным чытаннем тэорыі, самы складаны матэрыял тлумачыла проста і зразумела. Прымяняла дыферэнцыраваную сістэму заданняў, рыхтавала цікавыя дадатковыя для тых, хто выканаў асноўныя. Як прызналася ў размове Вольга, урокі матэматыкі праляталі імгненна, на іх ніколі не даводзілася сумаваць, а адказваць ля дошкі для яе было сапраўдным святам. Цікава вывучалася і біялогія разам з Галінай Сцяпанаўнай Бурко, няпросты прадмет станавіўся ясным і зразумелым.
Вучобу ў агульнаадукацыйнай школе Вольга сумяшчала з музычнай, дзе асвойвала фартэпіяна. А яшчэ займалася вакалам у студыі “Алегра-Нова” ў педагога Нэлі Дукавай, прымала ўдзел у розных творчых конкурсах. Пазней дзяўчына спявала на клірасе ў Свята-Пакроўскай царкве і ўваходзіла ў склад моладзевага брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага пры гэтым храме.
У старэйшых класах Вольга паступае ў гарадскі ліцэй і абірае філалагічны профіль. Разам з Кацярынай Фёдараўнай Місіюк пачынае сур’ёзна займацца рускай мовай і рыхтавацца да алімпіяды. Іх сумесная праца прыносіць добрыя вынікі. У дзясятым класе Вольга займае трэцяе месца на вобласці, у выпускным – перамагае ў абласным этапе і на рэспубліканскім заваёўвае дыплом ІІІ ступені. Па выніках алімпіяды дзяўчына была залічана без экзаменаў у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна на філалагічны факультэт (спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”).
Вольга дагэтуль з удзячнасцю ўспамінае сваіх універсітэцкіх педагогаў: Станіславу Антонаўну Каралевіч, якая выкладала старажытнаславянскую мову і была навуковым кіраўніком падчас напісання курсавой і дыпломнай работ; Надзею Віктараўну Рубанюк – выкладчыка англійскай мовы; Галіну Васільеўну Пісарук – педагога па методыцы выкладання рускай мовы і іншых выкладчыкаў. Расказвала таксама пра цікавыя практыкі, якія праходзілі ў чацвёртай гімназіі Брэста і Брэсцкім прафесійным ліцэі будаўнікоў.
З пятага курса Вольга пачала рыхтавацца да паступлення ў магістратуру пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Пасля атрымання дыплома з адзнакай у Брэсце яна прадоўжыла навучанне ў сталіцы і ўжо праз год была магістрам філалагічных навук.
Паводле размеркавання дзяўчыну накіроўваюць на працу ў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Некаторы час яна працуе на факультэце славянскіх і германскіх моў, выкладае граматыку і фанетыку англійскай мовы. Па накіраванні ад сваёй установы Вольга паступае ў аспірантуру пры тым жа лінгвістычным універсітэце ў сталіцы, дзе вучыцца другі год. Паралельна з навучаннем працуе: вядзе практычныя заняткі па англійскай мове ў першакурснікаў і магістрантаў на фізічным факультэце БДУ. Нягле-дзячы на яе малады ўзрост, студэнты бачаць у Вользе кампетэнтнага выкладчыка, з ёй кансультуюцца і раяцца. У сваю чаргу яна заўважае гэтыя адносіны, давер і імкнецца адпавядаць ім: пастаянна ўдасканальваецца і папаўняе свой багаж ведаў.
Вользе падабаецца выкладаць, і гэта асноўнае, чым яна хацела б зай-мацца ў жыцці. Практычны вопыт атрымлівае тут жа, у лінгвістычным універсітэце. Прыслухоўваецца таксама да слушных парад калег-выкладчыкаў, свайго навуковага кіраўніка Зінаіды Андрэеўны Харытончык. Апошнім часам Вольгу цікавіць кагнітыўная лінгвістыка –
накірунак у мовазнаўстве, які даследуе праблемы суадносінаў мовы і свядомасці. У будучым Вольга Сідорка марыць удала абараніць дысертацыю і выкладаць рускую мову як замежную. Дэвіз дзяўчыны: займацца такой справай, дзякуючы якой жыццё было б насычаным і цікавым.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара. З самага дзяцінства Волечка Сідорка была цікаўнай і дапытлівай, хацела ўсё ведаць. Дзяўчынка марыла хутчэй вырасці, пайсці ў школу і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика