Берасцейскі пясняр. 21.by

Берасцейскі пясняр

15.12.2017 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На дух не пераносіў ні фальш, ні пустаслоўе,
Сябе ён прысвяціў Паэзіі і Мове.

26 лістапада гэтага года значную страту панесла наша нацыянальная літаратура. У лепшы свет на 66-м годзе пайшоў Алесь Каско, выбітны беларускі паэт, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова і прэміі “Берасцейская зорка”. Ён валодаў не толькі абсалютным паэтычным слыхам, але і рэдкай у наш час духоўнай бескампраміснасцю. Нарадзіўся будучы майстар слова 10 снежня 1951 года ў вёсцы Чудзін Ганцавіцкага раёна. Ён рана выявіў непаўторны паэтычны талент. Паэт да апошняга дня ўпарта працягваў працаваць са Словам. Яшчэ за чатыры дні да свайго сыходу адправіў нізку вершаў у абласную газету “Заря”.
Алесь Каско бліскуча выявіў сябе ў розных аспектах: як лірычны паэт – у шчымлівых, трапяткіх вершах пра каханне і ў шчырых прызнаннях у любові да зямлі і роднай мовы, як грамадзянін – у бескампраміснай патрыятычнай лірыцы, як эсэіст – у напоўненых тонкім філасофскім гучаннем роздумах пра рэчаіснасць. Ён карпатліва збіраў мясцовыя казкі і потым выдаў фальклорны зборнік. Паэт нездарма пасвечаны ў тайны светастварэння і надораны тонкім адчуваннем як знешняга свету, так і патаемных глыбінь чалавечай душы. Праўдзівы творца паэтычнага слова ішоў па жыцці сваім цярністым шляхам, не здра-
джваючы высокаму наканаванню. Пры гэтым уласцівы яму былі і звычайныя чалавечыя слабасці. Трапна заўважыў некалі Эрнэст Хэмінгуэй, што лепшыя людзі на зямлі ўмеюць адчуваць прыгажосць, маюць смеласць рызыкаваць і сілы гаварыць праўду. Мне пашчасціла бліжэй пазнаёміцца з успрымальным унутраным светам берасцейскага песняра. Алесь Каско быў не толькі маім рэдактарам, але і настаўнікам у літаратуры. У той час ён ужо лічыўся прызнаным мэтрам, яго вершы друкаваліся ў школьных падручніках, а я – невядомая правінцыйная літаратарка-пачаткоўка. Як кажуць – ніхто, нішто і ніадкуль… І я да гэтага часу ўдзячна Алесю Каско за падтрымку маіх першых літаратурных спроб. Ён не адносіў сябе да насельнікаў Эмпірэяў, якія з вышыні пазіраюць на пачаткоўцаў, а на ўсю моц рэалізоўваў свой рэдкі дар тонкага ўспрымання паэтычнай субстанцыі.
На развітанні ў Жабінцы многія выступоўцы выказвалі ўслед сябру-паплечніку шчырыя словы падзякі за паэтычнае акармленне. Майстар слова з бескампраміснасцю ставіўся да творчасці. Ён не прызнаваў паўтаноў, не зважаў на “німбы”. Мог у пух і прах разнесці графаманскі твор, але, калі бачыў задаткі даравітасці, аддаваў і сілы, і час, каб падтрымаць няўпэўненага ў сабе аўтара. Алесь Каско шмат часу займаўся рэдагаваннем твораў, каб вывесці на літаратурны шлях новыя імёны. У сваіх разважаннях пра жыццё ён часта апеляваў такімі словамі, як служэнне, народ, мова… І яны не былі для яго пустымі. Паэт сэрцам успрымаў балявыя працэсы нашага грамадства. Не пабаюся сказаць высакамоўна: усё жыццё Алесь Каско імкнуўся быць карысным Беларусі, спаўна сцвердзіў адказную місію Паэта. Але лепш пра гэта скажуць яго шчымлівыя і ўзнёслыя вершы, якімі папоўнілася скарбніца нацыянальнай культуры.
Валянціна ОСІПАВА, г. Бяроза.

 

Успаміны пра сябра і настаўніка

Урокі паэта

Як многія паэты-пачаткоўцы, я таксама пачынаў пісаць на рускай мове. Алесь Каско неаднойчы пры выпадку напамінаў, што трэба спрабаваць пераходзіць на сваю родную мову. Калі вершаў у мяне назбіралася на кніжачку, Алесь, ужо працуючы ў Брэсце, рэкамендаваў выдаць першы зборнічак. Пагадзіўся быць рэдактарам. Я ж больш захапляўся мастацкай фатаграфіяй. А вершы пісаліся не так часта, як хацелася б. Ладзіў адну за адной фотавыставы, ды нарэшце задумаўся над кнігай. Дамовіліся чарговы раз сустрэцца на беразе Мухаўца. З сабой прыхапіў рукапіс.
За дзень мне давялося пачуць ад Алеся вельмі многа. Ён перачытваў па некалькі разоў кожны радок, “біў” за русізмы, недасканаласць асобных вершаў, іх прымітыўнасць. Многія давялося дапрацоўваць і нават перарабляць.
– Паэзія патрабуе вытанчанага слова, мастацкага вобраза, – неаднойчы паўтараў Алесь Канстанцінавіч. – Вершы кляпаць не трэба, іх трэба прапускаць праз душу.
Было гэта ў далекім 1990 годзе. Нарэшце першая мая кніжка з прадмовай Алеся Каско ўбачыла свет. Паэт, крытык, літаратуразнаўца, перакладчык, рэдактар шматлікіх паэтычных і празаічных кніг, ён працягваў пісаць, выдавацца, часам з вялікай цяжкасцю, бо не заўжды хапала грашовых сродкаў. Дорачы мне чарговую кніжку, іншы раз наракаў, што нехта ўнёс свае не самыя лепшыя праўкі, нават змарнаваў асобны верш. Слухаў яго і вучыўся, прыслухоўваўся. Аддаючы чарговую падборку свайго паэтычнага мастацтва яму ў рукі, ведаў, што без заўваг, іншы раз без сур’ёзнай крытыкі не абыдзецца. Так і было. Але давер, сяброўскія адносіны заставаліся ранейшымі. Калі заходзіла гаворка пра маё ўступленне ў саюз, шчыра прызнаюся, вагаўся. Хацелася выдаць яшчэ хаця б адну кніжку, каб больш важка заявіць пра сябе. Міналі месяцы, гады, а новых вершаў з’яўлялася небагата. І ў рэшце рэшт асмеліўся, пагадзіўся з Алесем. Трэба ўступаць. Адно мучыла: ці прымуць.

Лясныя сцежкі

Нядзеля для мяне – дзень адпачынку. Улетку ў чатыры гадзіны ўжо не спіцца. Калі спрыяльнае надвор’е для фотаздымкаў – на ровар і ўздоўж Мухаўца. Дзясяткі разоў па адных і тых жа сцежках. І кожны раз бачыцца нешта новае, раней не заўважанае. Часта сустракаюцца знаёмыя. Хто выйшаў на ранішнюю прагулку, хто шукае грыбы. Здаралася, што, папярэдне не дамаўляючыся, сустракаў Алеся. Тады весялеў, было пра што пагаварыць.
Апошні год сустракаў Алеся на ўлонні прыроды нячаста. Дый знаёмыя гараджане пры сустрэчы іншы раз заўважалі, што не відно на прагулцы Алеся Каско. Апошні раз мы дамовіліся сазваніцца ў нядзелю. Хацеў перадаць яму новыя вершы. Але ў нядзелю зранку зазвінеў сотавы, і сумны голас паведаміў: няма Алеся… А мы планавалі сустрэцца 10 снежня ў дзень нараджэння Алеся Канстанцінавіча.
Сумна. Роспачна. Адзінота.
Аляксей ГАНЧУК.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На дух не пераносіў ні фальш, ні пустаслоўе, Сябе ён прысвяціў Паэзіі і Мове. 26 лістапада гэтага года значную страту панесла наша нацыянальная літаратура. У лепшы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика