Увесну зляцяцца і птушкі, і людзі. 21.by

Увесну зляцяцца і птушкі, і людзі

19.01.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара. 

Адрас другі

Вёска – у Крыўлянскім сельсавеце. На аўтобусным прыпынку пазначана: “Сямёнаўцы”, тутэйшыя спрадвеку казалі: “Семенаўцы” з націскам на першы склад. Упершыню паселішча згадваецца ў ХVI стагоддзі, дажыло да ХХІ-га, хоць магло знікнуць з твару зямлі значна раней… 
– Ёсць у вас лапата?
– Божа літасцівы, мо нас будзеце закапваць? Нечаканы госць ашчэрыўся ды буркнуў:
– Найн!
Хацеў падмануць, ды праўду сказаў.
Ледзь прабіваўся світанак, калі рылі акоп, каб пакласці ў яго семенаўцаў, як педантычныя каты даведаліся: памылачка выйшла… Сяло не тое! На ростанях не ўгледзелі “правільнай” дарогі: збочылі направа – у Семенаўцы, а трэба ж было налева – у Драмлёва… Гэтак світанак 11 верасня 1942 года стаў апошнім у лёсе адной вёскі і страшным успамінам для жыхароў другой…
Пра гэты выпадак расказала апошняя мясцовая жыхарка Надзея Сідараўна Лось. Яна памерла два гады таму. Да апошняга дня была жыццярадасная, гаваркая. Калі выпадкова з ёю сустрэліся ў пачатку 2013 года, карцела напісаць пра жанчыну, што сама жыве ўзімку ў апусцелай вёсцы. Гэтыя абставіны і стрымалі руку, бо падумалася: раптам нехта нядобры прачытае і паквапіцца на чужое… Старшыня Крыўлянскага сельвыканкама Анатоль Марчук успамінае, як заўсёды з радасцю пераступаў парог яе хаты, цікавіўся, у чым жанчына мае патрэбу. Найчасцей прасіла: уладкуйце ў пачатку вёскі крыж у напамін, што Семенаўцы жывыя. Так і зрабілі. Хутка Надзеі Лось не стала, толькі крыж, аздоблены стужкамі, застаўся ў напамін…
Сёння захавалася восем хат, што напаўняюцца, як пацяплее, гоманам людскіх галасоў. Кіраўнік спраў сельвыканкама Галіна Савіцкая прыгадала: яшчэ гадоў 20 таму жылі ў Семенаўцах дзясяцера насельнікаў, у тым ліку паважаныя ветэраны і інваліды вайны Пётр Фёдаравіч Бавін, Пётр Дзмітрыевіч Федарук, Мікалай Мікітавіч Гутко, Цімафей Захаравіч Яшчук. На жаль, няма ўжо нікога з іх сярод жывых.
У Яшчуковай хаце разам са старшынёй сельсавета зараз і спыніліся. Бо і ўзімку, аказваецца, ёсць з кім у ёй павітацца. Блізілася свята, і духмянымі пахамі напаўнялася хата, збудаваная семдзесят гадоў таму. Ля печы – Цімафеева дачка Алена Сядко з мужам Мікалаем Мікалаевічам ды важным катом Васілём.
– І ён, спраўны памочнік, жвава пірагі рашчыняе, – усміхаецца Алена Цімафееўна. – Гэтай справе мяне маці навучыла: паўгадзіны трэба мясіць, каб добры пірог атрымаўся. А я ўжо дачцэ Святлане сакрэт перадала, а тая сваёй – Алёнцы. Гэтак традыцыя жыццёвая і перадаецца: і ў справах, і ў імёнах. Хоць жыву даўно ў Брэсце, ды на родны вясковы парог цягне з паверхаў. Бо радзіма тут…
Згадвае, як раней тут жылося. Неяк з пляменніцай сталі ўспамінаць, колькі людзей па суседству жыло. 147 налічылі. Столькі было семенаўцаў паўвека таму, у кожнай хаце – па пяцера-шасцёра дзяцей. У Яшчукоў – чацвёра (крыху менш за “стандарт”), ды ўсе дзяўчаты: да вайны нарадзілася Зоя, у ліхалецце – Таня, а як бацьку з фронту пашчасціла вярнуцца, яшчэ й Тома ды наймалодшая Алена. Усіх у лазовай калысцы гойдалі, а затым, як малеча падрасла, практычны селянін прыстасаваў яе для рыбнага лову.
– Эх, якія ж зімы былі – не роўня сённяшнім. Возьмеш канькі і па рове – пад Ханькі! – уздыхае гаспадыня і позірк яшчэ больш святлее ад успамінаў. – Вучыліся ў Малых Сяхновічах. Гэта цяпер школьнікаў возяць – прыгажосць! А калісь – і ў слоту, і ў снягі – усё пешшу. Сцяжыну прачысцім, каб на гасцінец выбрацца, ды праз цемень з факелам, як той Праметэй, рушым да святла ведаў! А затым і сама тры дзясяткі гадоў выкладала ў Брэсце ў вучэбным камбінаце, вучыла будучых юрыстаў, эканамістаў, бухгалтараў.
…Вёска пры дарозе, не забытая. Рэгулярна наведваецца аўталаўка, ды і аўтобус на сваім маршруце спыняецца ля шыльды “Сямёнаўцы”. А яшчэ ўражвае буслянка на слупе паблізу Яшчуковай хаты. Яе ўладкавалі электрыкі ў дапамогу птушкам. Каб буслам, што абавязкова вернуцца са свайго цёплага выраю, было дзе дзетак гадаваць. У спёку маўклівая зараз вёска, як заведзена, абудзіцца ад птушынага клёкату і дзіцячага смеху. Бо зноўку прыедуць са сваіх гарадскіх паверхаў дачнікі, што прыдбалі вясковыя хаціны пад лецішчы.
Праводзячы нас да ганка, Алена Цімафееўна прыгадала на расстанне бацькавы словы, якія і сёння для яе запавет ды падтрымка: “Жыві з людзьмі і Богам – і ўсё будзе ў цябе добра!”
На здымку: апошняя жыхарка Семенаўцаў Надзея ЛОСЬ; ля крыжа, уладкаванага ў пачатку вёскі, – Алена СЯДКО з мужам Мікалаем. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.  Адрас другі Вёска – у Крыўлянскім сельсавеце. На аўтобусным прыпынку пазначана: “Сямёнаўцы”, тутэйшыя спрадвеку казалі:...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика