Ён вельмі хоча жыць. 21.by

Ён вельмі хоча жыць

25.01.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Пра сапраўдную цану надзвычай прыгожага і шматколернага свету мо лепш за іншых ведае той, каму даводзіцца штодня стаяць ля жыццёвай рысы. У сваім юным узросце Данііл Страшынскі з Ленінскага выклікае шчырую любоў і павагу ва ўсіх, хто ведае пра яго няпросты лёс. Хлопчык змагаецца за жыццё і вельмі хоча мець яго працяг. Ён верыць у лепшае насуперак цяжкой хваробе, што апанавала цела, ды не змагла зламаць душу.

Гэта гісторыя не толькі пакут, але й змагання, веры і надзеі. Пачалася яна сем гадоў таму.
Вялікая радасць, якую прынесла нараджэнне малодшага сына, восенню 2010-га раптоўна змянілася для Людмілы трывогай і пошукам паратунку. Яе чатырохгадовы хлопчык усё часцей скардзіўся на прыступы болю. Пачаліся пакутлівыя паходы па ўрачах. Тыя падазравалі лейкоз, аднак канчатковы дыягназ ставіць не спяшаліся. Напрыканцы года Данік з мамай паехалі ў Бараўляны. Праведзеныя аналізы паказалі: хлопчык пакутуе не ад заражэння крыві, але і тое, што здарылася з ім, таксама анкалагічнае захворванне – нейрабластома забрушыннай прасторы з паражэннем касцявога мозгу апошняй, чацвёртай стадыі.
Пачалася хіміятэрапія, якая з часам прынесла станоўчыя вынікі. У маі 2011 года ў Бараўлянах хлопчыку была праведзена трансплантацыя касцявога мозгу. Улетку ён быў выпісаны дамоў пад агульны нагляд. Паратунку і дапамогі шукалі ва ўсім свеце. Дыягностыка, праведзеная ў Санкт-Пецярбурзе і Варшаве, засведчыла, што новых ачагоў няма. Узнікла спадзяванне прайсці супрацьрэцыдыўную тэрапію і ліквідаваць саму пухліну. Яна была тым спячым вулканам, што стаў крыніцай хваробы. Таму ўсімі магчымымі сродкамі, якія на ўзбраенні медыцыны, спрабавалі зменшыць пухліну.
Іскрынка надзеі бліснула, калі ў сям’і даведаліся пра ізраільскую клініку Шнайдэра. Яшчэ падчас лячэння ў Бараўлянах матуля Даніка пазнаёмілася і пасябравала з Аленай – маці Варвары Сташэўскай, якая таксама лячылася ў анкалагічным цэнтры. Ад яе і даведаліся пра магчымасць паспрабаваць наладзіць кантакты з ізраільскімі спецыялістамі. Даслалі ў клініку пакет Данікавых дакументаў. Але тады, пяць гадоў назад, разгледзеўшы просьбу з Беларусі, замежныя ўрачы адмовілі ў аперацыі, бо існавала вялікая рызыка для жыцця маленькага пацыента, аднак згадзіліся кваліфікавана назіраць яго.
Стаялі велікодныя дні 2013 года, калі Данік з надзеяй упершыню ляцеў на Святую Зямлю. Разгледзеўшы гісторыю хваробы, урачы пацвердзілі: супрацьрэцыдыўная тэрапія можа быць вельмі карыснай, існуе спадзяванне на тое, што яна прынясе паляпшэнне.
Але ж у гэты час узмацняюцца болі. Пачынаецца новы этап змагання. У самыя крытычныя моманты хлопчык становіцца нібыта крышталёвы кубачак, да якога трэба адносіцца з выключнай беражлівасцю. Бо нават нязначны дотык выклікае боль і можа пакінуць ранку ці гематому.
Доктар Аш, якая назірала Даніка, наведвала кансіліумы ў Германіі, ЗША, іншых краінах, раілася з калегамі наконт лячэння хлопчыка. А таго чакаў новы год выпрабаванняў – год хіміатэрапіі, падбору індывідуальных лекаў. Шалі, на якіх вагалася яго жыццё, хісталіся то ў адзін, то ў другі бок: ад рэмісіі да новых хваляў болю і пагаршэння стану.
Толькі летам 2014 года пасля таго, як змагаючыся за здароўе хлопчыка, пераспрабавалі шмат відаў лячэння, атрымалі нарэшце чаканы станоўчы вынік. Было праведзена пяць блокаў супрацьрэцыдыўнай тэрапіі. Кожны ўключаў прыём адпаведных лекаў і перыяд аднаўлення. У пачатку 2015-га, пасля завяршэння апошняга блоку, зноў узнікла надзея. Стан прыкметна палепшыўся, і Даніку вельмі хацелася пабачыць тату Паўла. Вясной на месяц прыехалі з мамай дамоў, наведалі яшчэ і бабулю ў Івацэвіцкім раёне, а потым – чарговае пагаршэнне і вяртанне ў клініку. Паколькі хлопчык адчуваў сябе горш, яго чакалі новыя 10 блокаў “хіміі”, затым – спецыяльнае лячэнне ў Германіі з дапамогай радыёізатопнай тэрапіі, нарэшце, паўторная трансплантацыя касцявога мозгу, праведзеная ўлетку 2016-га ў Ізраілі. Пасля часовага паляпшэння ў лютым сямнаццатага – новы рэцыдыў.
Нямала ёсць людзей, што, дзякуючы найперш інтэрнэту, ведаюць пра Данікаў лёс, пра ягонае адважнае сэрца і мужчынскі характар. Ён і маме дае сілы, якая гэтыя гады жыве дзеля сына з надзеяй на выратаванне, у чаканні цуда. Аднак і ў самага мужнага чалавека часам выступаюць слёзы на вачах. І тады Данііл гаворыць:
– Я плачу не ад болю. Я расхваляваўся толькі ад надзеі, што не памру.
У пачатку студзеня, у калядныя святочныя дні, Данікавы старэйшыя сёстры Даша і Аня наведалі брата ў клініцы. Ён верыць у Бога і ў сілу малітвы. А яшчэ – у цеплыню людскіх сэрцаў, што саграваюць і ўзімку, і часам казку робяць быллю…
Усіх, каго кранула гісторыя Данііла Страшынскага і ёсць жаданне дапамагчы хлопчыку, запрашаем 2 лютага ў 18.00 у Жабінкаўскі ГДК на дабрачынны канцэрт сямейнага калектыву Шчасюкоў “2 + 2”. Наблізім цуд разам!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анатоль БЕНЗЯРУК. Пра сапраўдную цану надзвычай прыгожага і шматколернага свету мо лепш за іншых ведае той, каму даводзіцца штодня стаяць ля жыццёвай рысы. У сваім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика