А душа спявае. 21.by

А душа спявае

29.01.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У МАЛЕНЬКІМ горадзе цяжка застацца незаўважаным. Асабліва калі ты не проста ходзіш на працу і з працы, а яшчэ і займаешся чымсьці публічным. Ну, напрыклад, спевамі ці танцамі. У Мядзеле талент дакладна не праігнаруюць і зробяць усё, каб пра яго даведалася як мага больш людзей. Думаю, шмат хто заўважыў, што на канцэртах у гарадскім Доме культуры з’явілася многа таленавітай артыстычнай моладзі. Сярод яе — новая зорачка, спявачка Вольга Навумава, якая ў жніўні мінулага года прыйшла працаваць па размеркаванні эканамістам у ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга”. Чытачы, вядома, памятаюць яе як удзельніцу раённага маладзёжнага конкурсу патрыятычнай песні “Міншчына — сэрца Беларусі”, а зараз мы пазнаё­мімся бліжэй.

— Я сама з Бярозаўкі. Гэта Лідскі раён, вучылася ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце па спецыяльнасці «эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў галінах агра­прамысловых комплексаў».

Паступалі на абраную спецыяльнасць па сваім рашэнні, ці можа хто натхніў зрабіць такі выбар?

— У дзяцінстве хацела стаць выхавальніцай дзіцячага садка, бо вельмі люблю малышоў. Але біялогія ў мяне так і не “пайшла”. Потым планавала звязаць  жыццё з вакальнай дзейнасцю, але вырашыла, што спевы стануць маім хобі. Да моманту, калі трэба было ўжо вызначацца, зразумела, што адзіныя прадметы, якія мне сапраўды вельмі падабаюцца, — матэматыка і англійская мова.
А гэта — аснова ўсіх эканамічных спецыяльнасцей. Так і выбрала накірунак.

Чаму размеркаваліся менавіта ў Мядзел? Не было жадання знайсці месца бліжэй да дома?

— Вядома, было. З самага пачатку шукала месцы ў сваім раёне, ці хаця б у вобласці. Але бліжэйшым варыянтам, куды можна было атрымаць размеркаванне, аказалася стратная гаспадарка, якая  абвяс­ціла пра сваё банкруцтва. Таму пашырыла кола пошуку. І з усіх прапанаваных месцаў мне больш за ўсё спадабаўся Мя­дзел. Бацькі, вядома, хваляваліся і не хацелі адпускаць, таму што гэта вельмі далёка ад дома. Галоўнае пытанне, якое паўстала бліжэй да пераезду, — як буду дабірацца да Бярозаўкі? З Мядзела няма прамога маршруту, ехаць трэба з дзвюма перасадкамі. Але бацькі прынялі мой выбар. І ў выніку ўсё атрымалася выдатна.

Пытанне з жыллём таксама вырашылася станоўча?

— Так. Яго мне прадаставіла арганізацыя. Жыву з дзвюма дзяўчынкамі, якія з’яўляюцца калегамі па рабоце, у прыватным доме. Усе чатыры гады навучання ва ўніверсітэце правяла ў інтэрнаце, так што мне прывыкаць не прыйшлося. Тым больш, што ў нас у кожнай свой пакой. Ніякіх цяжкасцей у плане ўладкавання не паўстала — мне тут вельмі камфортна. Ды і цікава жыць з кімсьці, хто разумее тваю працу. Хоць арганізацыйныя справы дома стараемся не абмяркоўваць.

А як прынялі ў калектыве?

— Добра, калегі мне адразу вельмі спадабаліся. Прыемна працаваць сярод такіх людзей. Усе імкнуцца дапамагчы. Калі нешта не зразумела ці не атрымліваецца — заўсёды параяць. Не сварацца, а скажуць: «Нічога страшнага, з вопытам ўсё прый­дзе». Мне не сорамна і не страшна прасіць дапамогі, гэта вельмі прыемна. Калектыў згуртаваны, дружны і добразычлівы, што, на мой погляд, самае галоўнае.

Ну а пра тое, што пераехалі ў іншы горад, не шкадуеце?

— Мне падабаецца Мядзел. Тут — прыгожая прырода, спакойна і ціха. Цудоўнае возера, дзе прыемна пагуляць па набярэжнай. У любым выпадку ўспрымаю свет пазітыўна. Лічу, усё, што робіцца ў нашым жыцці, — да лепшага. І выпрабаванні
(а новая праца ў незнаёмым горадзе — гэта ўсё ж такі выпрабаванне) даюцца нам нездарма. Калі я тут, значыць, так трэба. Спадзяюся, гэта праца стане маленькай прыступкай да таго, каб стаць сапраўдным прафесіяналам.

Кажаце, што вакал застаўся ў якасці хобі, але вас і зараз можна ўбачыць на канцэртах. Вы працягваеце займацца?

— Вядома. З дзяцінства прывыкла да сцэны. З пяці гадоў наведвала ўзорны ансамбль танца “Крышталікі”, закончыла музычную школу па класе акардэона. Ва ўніверсітэце займалася ў вакальнай студыі “Vocal Time”, прымала ўдзел у канцэртах, конкурсах, фестывалях, з’яўляюся дыпламантам рэспубліканскага конкурсу “АРТ-вакацыі”. І зараз з задавальненнем спяваю на сцэне Мядзельскага гарадскога Дома культуры. Мне прыемна выступаць на канцэртах і дарыць лю­дзям добры настрой.

Пра тое, куды ісці пасля адпрацоўкі, ужо думалі?

— На самай справе нейкіх глабальных планаў на будучыню ў мяне пакуль няма. Думкі ёсць розныя, але загадваць не люблю, таму на дадзены момант мая галоўная мара — быць паспяховым, шчаслівым чалавекам і атрымліваць задавальненне ад жыцця.

Аляксандра ГАРАЧКА.

Фота з архіва В. Навумавай.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У МАЛЕНЬКІМ горадзе цяжка застацца незаўважаным. Асабліва калі ты не проста ходзіш на працу і з працы, а яшчэ і займаешся чымсьці публічным. Ну, напрыклад, спевамі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика