НАЙБОЛЬШЫ ЭФЕКТ – АД ПРАФІЛАКТЫКІ ПРАВАПАРУШЭННЯЎ. 21.by

НАЙБОЛЬШЫ ЭФЕКТ – АД ПРАФІЛАКТЫКІ ПРАВАПАРУШЭННЯЎ

01.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

КАЛІ пацікавіцца набыткамі ад сумесных намаганняў праваахоўнікаў, органаў выканаўчай улады, іншых суб’ектаў прафілактыкі нашага рэгіёну па супрацьдзеянні розным негатыўным праявам, то відавочны станоўчыя напрацоўкі. Летась у параўнанне з папярэднім годам адбылося зніжэнне як агульнай колькасці ўчыненых злачынстваў, так і па лініі крымінальнага вышуку. Яго супрацоўнікі раскрылі ўсе цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Станоўчыя тэндэнцыі забяспечаны ў справе змяншэння колькасці ўчыненых крадзяжоў, наўмыснага прычынення сур’ёзных цялесных пашкоджанняў. Не зарэгістравана ніводнага разбою, выкрадання аўтатранспарту. Як і злачынстваў у сферы сямейна-бытавых адносін. Усё гэта ў цэлым і дазволіла па іх узроўні выйсці на адзін з самых нізкіх у сталічнай вобласці. Такія факты прыводзіліся на чарговым пасяджэнні райвыканкама ў мінулую пятніцу пры абмеркаванні вынікаў работы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй у мінулым годзе на Мядзельшчыне. З інфармацыяй напачатку выступіў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Андрэй Мініч. Са станоўчага Андрэй Іванавіч адзначыў і тэндэнцыю па стабілізацыі дарожнай абстаноўкі. Колькасць аварый зменшылася з дваццаці трох да шаснаццаці і, што вельмі важна, параненых у іх — нават больш як напалавіну.
Не ўтойваў дакладчык і сур’ёзныя недапрацоўкі. Адначасова са станоўчым, у раёне не ўдалося стабілізаваць сітуацыю, звязаную з учыненнем цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку супраць асобы. Па лініі крымінальнага вышуку іх стала больш на тры. Апрача таго, зафіксаваны рост з пяці да дзесяці крымінальна караемых хуліганстваў, з аднаго да трох — наўмысных прычыненняў менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Раскрыццё крадзяжоў маёмасці з жылля склала летась 56,4 працэнта, што ніжэй за сярэднеабласны паказчык. На тэрыторыі шэрагу сельсаветаў назіраецца павелічэнне колькасці ўчыненых злачынстваў — Сваткаўскі, Свірскі, Занарацкі, Нарацкі і Слабадскі. Не можа не турбаваць, што ў двух апошніх з іх яўна прагрэсіруюць і крымінальныя замахі ў адносінах да вяскоўцаў у гадах. Застаецца пакуль высокай, хаця і забяспечана тэндэнцыя да зніжэння, удзельная вага супрацьпраўных дзеянняў, учыненых асобамі, якія знаходзіліся ў нецвярозым стане — 31 працэнт. Для параўнання: сярэднеабласны паказчык на пяць пунктаў ніжэйшы. Ёсць падстава казаць і наконт недастаткова эфектыўнага правядзення мерапрыемстваў па накіраванні ў лячэбна-прафілактычныя прафілакторыі асоб, якія з’яўляюцца хранічнымі алкаголікамі.
У справаздачным перыядзе праваахоўнікам не ўдалося высветліць падазроных ва ўчыненні сарака васьмі злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку. Ільвіную долю тут складаюць крадзяжы — сорак тры, чатыры — хуліганствы з пашкоджаннем маёмасці і адно махлярства. У пераважнай большасці выпадкаў асобамі, якія ўчыняюць супрацьпраўныя дзеянні, з’яўляюцца тыя, хто не працуе і не вучыцца, злоўжывае спіртнымі напоямі. Найбольш прагрэсіруючы спосаб крадзяжоў — “прыхапіць” маёмасць шляхам свабоднага доступу. Адзін з іх зарэгістраваны з крамы раённага спажывецкага таварыства ў вёсцы Лук’янавічы, ласыя на чужыя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці высветлены.
Летась з мэтай папярэджання правапарушэнняў на аб’ектах аграпрамысловага комплексу праводзіўся маніторынг мабільнымі групамі аддзела ўнутраных спраў. У ходзе 135 рэйдавых мерапрыемстваў выяўлена 49 адміністрацыйных правапарушэнняў. Што ж гэта за парушэнні? Аказваецца, даволі сур’ёзныя, яны не ўпрыгожваюць ніводзін працоўны калектыў. Зрэшты, мяркуйце самі: дваццаць тры факты ўжывання спіртных напояў ці з’яўлення на працы ў нецвярозым стане, дванаццаць дробных крадзяжоў, восем кіравання транспартнымі сродкамі “пад мухай”, шэсць — незаконнага абарачэння нафтапрадуктаў. Апрача гэтага, зафіксаваны два дзясяткі парушэнняў правілаў дарожнага руху, чатырнаццаці вартаўнікоў не аказалася на рабочых месцах. Не на карысць справе і адсутнасць на аб’ектах начнога асвятлення, належнай агароджы, адкрытыя ўязныя вароты… На тэрыторыі многіх мехдвароў адсутнічаюць стэнды для размяшчэння прафілактычнай інфармацыі, нярэдка выяўляюцца аналізатары алкаголю, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку праверку, пустыя пляшкі
з-пад спіртнога… Па выяўленых хібах у адрас кіраўнікоў гаспадарак унесена ажно восемдзесят прадстаўленняў, дванаццаць асоб за несвоечасовае рэагаванне або невыкананне прад’яўленых патрабаванняў прыцягнуты да адміністрацыйнага пакарання.
На тэрыторыі раёна знаходзіцца 39 аб’ектаў, якія ў абавязковым парадку павінны быць абсталяваны сістэмамі відэаназірання. Да цяперашняга часу яно адсутнічае на скрыжаванні аўтадарог вуліц Юбілейнай і Ленінскай у Мядзеле. У “даўжніках” застаецца і раённае спажывецкае таварыства, бо ў магазіне “Мэбля” пакуль няма ні ахоўнай сігналізацыі, ні сістэмы відэаназірання.
Адной з важных задач у нашай краіне з’яўляецца барацьба з карупцыяй. Укараняючыся ў розныя сферы эканамічнага і палітычнага жыцця грамадства, яна ўяўляе рэальную пагрозу стабільнасці дзяржавы, правам і законным інтарэсам грамадзян. Летась выяўлена шаснаццаць эканамічных злачынстваў — на ўзроўні папярэдняга года. У той жа час з аднаго да шасці ўзрасла колькасць цяжкіх, а карупцыйнай накіраванасці — з нуля да чатырох.
З тым, што летась крымінагенная абстаноўка на Мядзельшчыне з’яўлялася стабільнай, з наяўнасцю станоўчых тэндэнцый агульнага зніжэння ўчыненых злачынстваў пагадзіўся ў сваім выступленні і пракурор раёна Іван Малафей. Разам з тым Іван Іванавіч указаў на рост цяжкіх і асабліва цяжкіх, а таксама іншых супраць жыцця і здароўя людзей. У большасці выпадкаў яны сталі вынікам бытавых канфліктаў і ўчынены на глебе злоўжывання спіртнымі напоямі. Акцэнт Іван Малафей зрабіў на пытанні выканання антыкарупцыйнага заканадаўства, а таксама захаванні працоўнай і вытворчай дысцыпліны на прадпрыемствах. Так, з чатырох злачынстваў карупцыйнай накіраванасці тры ўчынены начальнікам электрамантажных работ ПМС С. П. Шыцікам. Адной з прычын гэтага з’явілася адсутнасць з боку адказных асоб прадпрыемства належнага кантролю за парадкам налічэння заработнай платы занятым на ўчастку электрамантажных работ, а таксама прадастаўленнем ім дадатковых вытворчых нагрузак і іх аплаце. Аналагічная сітуацыя і па інжынеры-электрыку Д. Э. Святоху з АСП “Вузлянка”, дзе не было парадку ў водпуску, апрыходаванні і спісанні матэрыяльных каштоўнасцей.
Таварыствам “Занарацкі” і “Мядзельскае аграпрамэнерга” выдзяляліся бюджэтныя сродкі для будаўніцтва жывёлагадоўчых аб’ектаў. І яны асвоены ў поўным аб’ёме. Аднак у парушэнне існуючых патрабаванняў не праводзілася прадугледжаная Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 кастрычніка 2016 года
№ 380 працэдура закупак тавараў (работ, паслуг). А гэта — прамы шлях па стварэнні ўмоў для карупцыі… Практычна ва ўсіх сельскагаспадарчых арганізацыях дапушчаны парушэнні Правілаў пажарнай бяспекі, патрабаванняў Працоўнага кодэкса, што прыводзіць, у тым ліку і да матэрыяльнага ўрону для прадпрыемстваў. У прыватнасці, механізатар ПМС У. А. Тамбальскі ў кастрычніку мінулага года кіраваў транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Аказалася, ужо другі раз на працягу года. Таму па выніках разгляду ў судзе гэтай крымінальнай справы трактар канфіскаваны. Нанесены прадпрыемству ўрон будзе спагнаны з вінаватага, а таксама асоб, якія не забяспечылі кантроль за яго работай. Як высветлілася, перадрэйсавы агляд В. А. Тамбальскага ў той дзень не праводзіўся, пуцявы ліст яму не выдаваўся…
Шэрагу кіраўнікоў, дзе дапушчаны пралікі ў рабоце па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, давялося трымаць справаздачы: старшыням Нарацкага сельскага выканаўчага камітэта Мікалаю Маркевічу, праўлення раённага спажывецкага таварыства Аксане Грузд, дырэктарам прадпрыемства меліярацыйных сістэм Аляксандру Барздыку, таварыстваў “Мядзел-
аграсэрвіс” Уладзіміру Бабкевічу, “Слабадская зара” Сяргею Роўду, дзе ніяк не могуць арганізаваць перадрэйсавы агляд вадзіцеляў. І гэта пасля таго, як у гаспадарцы з-за механізатара, які неаднойчы ў рабочы час “зазіраў у чарку”, ужо канфіскавалі адзін трактар. Няўжо мала, няўжо жорсткі ўрок не пайшоў на карысць!?..
Падагульняючы размову, старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка падкрэсліў, што па важным пытанні, якое вынесена на парадак дня пасяджэння, яшчэ многае не ўдалося зрабіць. Карэннага паляпшэння патрабуе сітуацыя з цяжкімі і асабліва цяжкімі злачынствамі. Нікуды не варта таксама, калі даводзіцца канстатаваць рост правапарушэнняў, у прыватнасці, хуліганства. Найбольшы эфект тут могуць даць канкрэтныя захады па прафілактыцы злачыннасці з далучэннем да гэтай справы дзіцячых, маладзёжных і іншых грамадскіх аб’яднанняў. Для павышэння эфектыўнасці барацьбы з крымінальнымі праявамі і карупцыяй, абароны правоў і свабоды грамадзян патрабуецца пастаянная і скаардынаваная дзейнасць усіх зацікаўленых органаў і службаў. Нельга скідваць з рахунку і работу па выпраўленні несвядомых асоб, якія не жадаюць займацца грамадска-карыснай працай. А прынятае на гэтым пасяджэнні разгорнутае рашэнне скіравана на ўзняцце барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй на якасна новы ўзровень.

Павел ЖУКАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
КАЛІ пацікавіцца набыткамі ад сумесных намаганняў праваахоўнікаў, органаў выканаўчай улады, іншых суб’ектаў прафілактыкі нашага рэгіёну па супрацьдзеянні...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика