Суровы гарадзенскі камісар. 21.by

Суровы гарадзенскі камісар

06.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Анатоль БЕНЗЯРУК.
2 лютага споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння аднаго з найбольш вядомых барацьбітоў за “вольнасць нашу і вашу” Канстанціна Вікенція Каліноўскага (1828–1864).

У мастацкай і навуковай літаратуры ён найчасцей вядомы пад імем Кастусь, хоць пры жыцці, як і многія рэвалюцыянеры, Каліноўскі карыстаўся не адным прозвішчам, а меў вялікую колькасць мянушак.
Мо адна з найбольш распаўсюджаных і вядомых – Яська-гаспадар з-пад Вільні. Пад гэтым імем ён рэдагаваў газету “Мужыцкая праўда”, якая выклікала значны неспакой у стане ворагаў. І гэта не дзіўна, бо са старонак першага беларускамоўнага перыядычнага выдання неаднойчы гучалі заклікі да барацьбы з самаўладдзем.
Каб заблытаць паліцэйскіх, свае адозвы і лісты Каліноўскі падпісваў таксама псеўданімамі Вітажэнец, Хамуціус ды Янка з Вільні. Не парываючы повязі з “простым скрыўджаным народам”, ужываў імёны Хлоп (што значыць “халоп, прыгонны”), Чарнецкі (або Чарноцкі) ды Хам з Хамовічаў – каб падкрэсліць, што хоць і паходзіць са шляхецкага даўняга роду, ды не грэбуе сялянскімі справамі і не лічыць ніжэй за сябе тых, хто ў цяжкай “чорнай” працы гібее ў гаротным краі, дзе “цар з панамі маюць уладу над целамі і нават душамі сваіх падданых”.
Паўстанне супраць уладаў Расійскай імперыі, якое звязана з імем Кастуся Каліноўскага, выбухнула 155 гадоў таму, у ноч з 22 на 23 студзеня 1863-га. Сігнал падала Варшава. Праз лічаныя дні яго падхапіла Вільня.
У сярэдзіне лютага першыя паўстанцкія аддзелы з’явіліся на Жабінкаўшчыне ды Кобрыншчыне. Прынамсі, у нашых мясцінах актыўна дзейнічаў атрад, узначалены палкоўнікам Рамуальдам Траўгутам (дарэчы, нараджэнцам блізкага Камянецкага раёна).
Сам Каліноўскі развіў кіпучую дзейнасць, стаў адным з найбольш прыкметных кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага руху. Нават ворагі з павагай казалі пра яго: “суровы гарадзенскі камісар”, паколькі рэвалюцыянер нярэдка выязджаў інспектаваць атрады, што дзейнічалі ў межах тагачаснай Гродзенскай губерні.
Ёсць сведчанні, што ў гэты час Каліноўскі-Чарнецкі не абмінуў і жабінкаўскія землі.
Так, пасля ягонай гібелі на шыбеніцы мясцовы шляхціц Апалон Гофмейстар паказаў на допыце наступнае. Недзе ў сярэдзіне ці канцы сакавіка 1863 года з прычыны смуты, што ахапіла край, памешчык пакінуў свой маёнтак Шастакова і перабраўся на жыхарства ў Брэст-Літоўск. На Вялікдзень (свята ў той год прыпадала на 5 красавіка) Апалон Паўлавіч завітаў у карчму, якую трымаў купец Глухоўскі. Шастакоўскі памешчык рабіў так звычайна, каб пагартаць свежыя газеты і даведацца пра апошнія навіны. Нечакана да стала падышоў невядомы. Ён назваўся Чарноцкім і прадставіўся камісарам Народнага ўрада.
Было бачна, што малады чалавек (якому на выгляд можна было даць прыблізна чвэрць веку) раней цікавіўся, хто такі Гофмейстар. Бо, без ваганняў назваўшы суразмоўцу “добрым патрыётам”, незнаёмец прапанаваў яму “дзеля карысці Айчыны” званне гродзенскага грамадзянскага ваяводы.
Па даручэнні камісара, далей прызнаваўся Апалон Паўлавіч, ён з’ездзіў у Беласток і Гродна, а затым вярнуўся ў горад над Бугам. Адказваючы на пытанні следчага, Гофмейстар дадаў: “Ні з кім з асобаў рэвалюцыйнай партыі больш не сустракаўся, акрамя Чарноцкага, які ездзіў з Брэста ў Кобрын, Пружаны і, нарэшце, Бог ведае куды”.
На шляху, што быў апісаны дапрошаным, Кастусь Каліноўскі не мог абмінуць нашыя землі. У звестках Апалона Гофмейстара ёсць яшчэ адна цікавая дэталь: пад час размовы загадкавы Чарноцкі “адкрыў чамадан, напоўнены паперамі рэвалюцыйнага зместу, большай часткаю друкаванымі заклікамі ды газетамі”. Няма сумневу, што сярод тых падпольных выданняў былі і свежыя нумары “Мужыцкай праўды”. Бо праз хуткі час падпалкоўнік Вімберг з Брэст-Літоўска з непакоем дасылаў на імя гродзенскага генерал-губернатара рапарт. З яго можна даведацца, што ў вёсцы Сакі (непадалёку ад сённяшняй Жабінкі) царскія шпікі нечакана натрапілі на трэці нумар забароненай “Мужыцкай праўды”. Газета, што падбухторвала сялян да бунту, была канфіскаваная.
Той самы нумар, знойдзены паліцэйскімі, завяршаўся наступнымі палымянымі словамі (захоўваем тагачасную арфаграфію): “Няма чаго ждаці ад нікога, бо той толькі жне, хто пасее. Так сейце ж, дзецюкі, як прыйдзе пара, поўнаю рукою – не шкадуйце працы, – каб і мужык быў чалавекам вольным, як е на цалюськам свеце. Бог нам дапаможа!!!”
Царскія служкі цудоўна разумелі, да якога пасеву кліча баявая газета, знойдзеная ў Саках. Нездарма “Мужыцкую праўду” расійскі рэвалюцыянер Аляксандр Герцэн вобразна называў “Лятучымі лісткамі”.
Сваіх прыхільнікаў Калі-ноўскі вучыў, што без сапраўднай волі “не будзе ні справядлівасці, ні багацця, ні навукі”. Хоць сам кіраўнік загінуў, а паўстанне было задушана, аднак свой плён выступленне 1863–1864 гадоў прынесла, паколькі стала вялікім крокам на шляху да ўтварэння сённяшняй незалежнай Беларусі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анатоль БЕНЗЯРУК. 2 лютага споўнілася 180 гадоў з дня нараджэння аднаго з найбольш вядомых барацьбітоў за “вольнасць нашу і вашу” Канстанціна Вікенція...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика