Забяспечыць дынамічнае развіццё Жабінкаўшчыны, павысіць якасць жыцця. 21.by

Забяспечыць дынамічнае развіццё Жабінкаўшчыны, павысіць якасць жыцця

06.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На мінулым тыдні ў зале гарадскога Дома культуры адбылося пашыранае пасяджэнне Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта. З дакладам на ім выступіў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. У абмеркаванні справаздачы ўдзельнічалі генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктар Міронаў, дырэктары: ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Васіль Волк, КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” Павел Заграй, ААТ “Мацеевічы” Мікалай Кавальчык і ААТ “Хмелева” Барыс Парафянюк.
Перш чым паведаміць прысутным вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўшчыны ў 2017 годзе, кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі прыгадаў ключавыя падзеі, якія адбыліся летась. Сярод асноўных ён адзначыў прывядзенне межаў Жабінкі ў адпаведнасць з генеральным планам горада-спадарожніка Брэста (пры рашэнні дадзенага пытання вывучалася меркаванне грамадзян, якія падтрымалі дадзеную ініцыятыву); рэалізацыю нормаў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”; падпісанне Кіраўніком дзяржавы пакета дакументаў пра стымуляванне прадпрымальніцкай ініцыятывы, (практычнае прымяненне іх нормаў будзе ажыццяўляцца сёлета); правя-дзенне Прэзідэнтам краіны рэспубліканскага семінара “Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны”, падчас якога былі падняты шматлікія праблемныя пытанні ў рабоце ЖКГ, вызначаны асноўныя кірункі іх рашэння і пастаўлены задачы па развіцці галіны.
Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў, што летась удалося захаваць дынаміку развіцця раёна, а па шэрагу паказчыкаў палепшыць. Выкананы тры з чатырох ключавых паказчыкаў эфектыўнасці працы: экспарт тавараў і паслуг без уліку прадпрыемстваў рэспубліканскай падпарадкаванасці і стварэнне працоўных месцаў за кошт новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў. Па выніках года прыцягнута прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ў суме 617 тыс. долараў ЗША пры заданні адзін мільён. Нягледзячы на невыкананне паказчыка, раён знаходзіцца на 7 месцы ў вобласці па аб’ёме прыцягнення прамых замежных інвестыцый, апярэджваючы такія буйныя і прывабныя для гэтых мэт раёны, як Баранавіцкі, Пінскі, Пружанскі і іншыя.
Выканана 9 з 10 заданняў сацыяльна-эканамічнага развіцця, у тым ліку: па валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, індэксе фізічнага аб’ёму вытворчасці і запасах гатовай прадукцыі, стварэнні новых мікра- і малых прадпрыемстваў і новых працоўных месцаў, рознічным таваразвароце, будаўніча-мантажных работах і ўводзе жылля, энергазахаванні.
Па выніках мінулага года сярэдняя намінальная налічаная заработная плата ў раёне склала 713 рублёў, а ў снежні – 965 рублёў. Па ўзроўні заработнай платы за год сярод раёнаў Жабінкаўскі знаходзіцца на другім месцы пасля Бярозаўскага.
У сваім справаздачным дакладзе старшыня райвыканкама падрабязна спыніўся на асноўных мінулагодніх выніках у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, гандлі, расказаў пра тэндэнцыі іх развіцця і планы на бягучы год. Дзмітрый Мікалаевіч прааналізаваў дасягненні ў сістэме аховы здароўя, адукацыі, культуры за мінулы год, закрануў пытанні знешнеэканамічнай дзейнасці, працы і заработнай платы.
“Высокіх вынікаў працы мы дасягнулі ў тым ліку дзякуючы плённай і добрасумленнай працы кадраў – ад кіраўніка да простага працаўніка, – адзначыў Дзмітрый Гарадзецкі. – І для таго, каб рэгіён паспяхова развіваўся ў далейшым, мы павінны павялічыць эфектыўнасць работы кадравай вертыкалі. Праца з кадрамі павінна быць накіравана на рэалізацыю прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця і забяспечыць падрыхтоўку і расстаноўку кадраў, здольных ажыццявіць эфектыўнае кіраванне галінамі эканомікі. Задачы, якія нам неабходна будзе вырашаць у бягучым годзе, – напружаныя. Жыццёва важна прадоўжыць работу па забеспячэнні дынамічнага развіцця Жабінкаўшчыны, павышэнні якасці жыцця і забеспячэнні сацыяльнай абароненасці насельніцтва”.
Кіраўнік раёна выказаў словы шчырай падзякі за працу работнікам сельскай гаспадаркі, прамысловасці, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, медыкам, сацыяльным работнікам, настаўнікам, работнікам культуры і ўсім, хто працуе на карысць Жабінкаўшчыны.
У рабоце пасяджэння прыняў удзел і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў. Сяргей Дзмітрыевіч павіншаваў жабінкаўцаў з выдатнымі мінулагоднімі працоўнымі вынікамі, з занясеннем раёна летась на абласную і рэспубліканскую Дошкі гонару. Як дэпутат абласнога Савета дэпутатаў па Жабінкаўскай выбарчай акрузе № 30, ён нагадаў прысутным пра выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія адбудуцца 18 лютага, заклікаў усіх прыняць актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі. Сяргей Дзмітрыевіч падзякаваў жабінкаўцам за аказаны яму давер, які ён стараўся апраўдаць на працягу трох тэрмінаў, і пажадаў удзельнікам пася-джэння здароўя, поспехаў і дабрабыту.
З гэтага моманту, якім завяршылася афіцыйная частка пашыранага пасяджэння, пачалося ўзнагароджванне лепшых работнікаў раёна. У прыватнасці, Граматы раённага выканаўчага камітэта занесеным на Галерэю працоўнай славы за дасягненне высокіх паказчыкаў у розных галінах эканомікі раёна (поўны спіс іх у калонцы на 1-й старонцы) уручыў Дзмітрый Гарадзецкі.
За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, значны асабісты ўклад у вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў 2017 годзе Дзмітрый Мікалаевіч узнагародзіў Пісьмамі падзякі райвыканкама старастаў: вёскі Пруска Антона Жыгмана, вёскі Федзькавічы Анатоля Ляшука, вёскі Налезнікі Ларысу Чашук і аграгарадка Хмелева Юлію Чыжыкаву.
За перамогу ў конкурсе сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў і органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання раёна па выніках работы ў мінулым годзе старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк уручыў грашовую прэмію ў памеры 150 базавых велічынь і памятны дыплом старшыні Ленінскага сельскага Савета дэпутатаў Юрыю Кадолічу. Узнагароды з рук Анатоля Вітальевіча прымалі і лепшыя старасты раёна. Грашовай прэміяй у памеры пяці базавых велічынь і памятным дыпломам за першае месца была ўганаравана стараста вёскі Вежкі Крыўлянскага сельсавета Марыя Галавейка; грашовай прэміяй у чатыры базавыя велічыні і памятным дыпломам за другое месца – стараста вёскі Старое Сяло Азяцкага сельсавета Аксана Федарук; грашовай прэміяй у тры базавыя велічыні і памятным дыпломам за трэцяе месца – стараста вёсак Ёжыкі і Шалухі Ленінскага сельсавета Марыя Галаўчук.
За перамогу ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2017 годзе ўзнагароды ўручаў намеснік старшыні райвыканкама Дзяніс Гардзееў. Грашовымі прэміямі ў 30 базавых велічынь і Граматамі раённага выканаўчага камітэта былі ўганараваны працоўныя калектывы ПМК-19 (г. Жабінка) УП “Брэстводбуд” (начальнік Аляксандр Снітко), ААТ “Вазнясенскі” (дырэктар Надзея Кандрацюк) і УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ” (галоўны ўрач Анатоль Лаўрукевіч).

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мінулым тыдні ў зале гарадскога Дома культуры адбылося пашыранае пасяджэнне Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта. З дакладам на ім выступіў старшыня...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика