Брыльянт мудрасці Фёдара і Аляксандры. 21.by

Брыльянт мудрасці Фёдара і Аляксандры

07.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Алмаз – самы трывалы, дарагі і прыгожы з усіх каштоўных камянёў у свеце. Але ж незвычайнай прыгажосцю яго надзяляе рука майстра падчас доўгай агранкі, ператвараючы ў брыльянт. Так і сямейныя адносіны маіх герояў выстаялі перад усімі нягодамі лёсу, набылі алмазную трываласць і не страцілі ззяння пачуццяў. Сёння Аляксандра Андрэеўна і Фёдар Лук’янавіч Махонькі з Падлесся святкуюць брыльянтавае вяселле – 60 гадоў сумеснага жыцця.

След вайны

Свой цяжкі адбітак на жыццёвым шляху юбіляраў пакінула вайна. Успамінаючы той жахлівы час, Аляксандра Андрэеўна падышла да серванта і беражліва дастала невялікую скрыначку.
– Гэта мой бацька, працаваў загадчыкам фермы перад тым, як у 41-м пайсці на фронт, – паказала маленькі чорна-белы фотаздымак суразмоўніца. – Мама ў вайну была сувязной партызанскага атрада, старэйшая сястра ёй дапамагала. Акрамя нас, у сям’і раслі яшчэ два браты. І зараз памятаю, як у хату ўвайшлі тры немцы, прыставілі маці да горла аўтамат і пачалі дапытвацца пра партызанаў. Я так спалохалася, кінулася да аднаго ў ногі і давай галасіць! Дзякуй Богу, яны пайшлі, нікога чапаць не сталі. Але ж жылі вельмі цяжка, амаль невыносна, галадалі. З крапівы і лебяды варылі суп, жавалі траву і жалуды, елі гнілую бульбу. Пасля вайны на бацьку прыйшла пахаванка, а пра матулю-сувязную нават у газеце пісалі.
Аляксандра Андрэеўна працягнула гомельскае выданне “Дняпровец” за 1965 год (юбіляры родам з Гомельшчыны). На пажоўклай старонцы вялікі матэрыял расказваў пра даярку Еўдакію Мікалаеўну Гошка, пра яе дапамогу партызанам у ваенны час і чулае сэрца. Яна выхавала чацвярых дзяцей, зведала шмат нягод і выпрабаванняў, але не счарсцвела душою і засталася прыкладам дабрыні і жыццялюбства для маёй гераіні.

Белы штапель – сімвал новага жыцця

Успамінала Аляксандра Андрэеўна і той час, калі яе сям’і прыйшлося перажыць вялікі пажар. “Падпалілі злодзеі, згарэла ўсё, а мы так і засталіся стаяць, у чым былі”, – прызналася яна. Але і гэтае ўзрушэнне не зламала дружную сям’ю, якая жыла верай у лепшае, і яно нарэшце пастукалася ў дзверы. З’явіўся ўласны дом, гаспадарка, а Аляксандру ўзялі працаваць на торфазавод.
– Мне, мабыць, гадоў шаснаццаць толькі споўнілася, таму было цяжка ўладкавацца на працу, але неяк пашанцавала, – сказала юбілярка. – Канечне, я там была самая малая ды худая, а рупілася нароўні з іншымі. Скончыла перад гэтым сем класаў. Памятаю, што абутку не ставала, каб на вучобу дайсці. Маці нешта шыла з цялячай скуры, такіх “ботаў” хапала ненадоўга. А на заводзе ж ужо дзяўчынай працавала, вядома, хацелася апрануцца прыгожа. Жыла тады ў інтэрнаце, завод знаходзіўся за дваццаць кіламетраў ад роднай вёскі. Памятаю, як на першыя грошы набыла спадніцу ды белага штапелю для блузкі. Якая шчаслівая была!
Прывозілі сястрычцы абновы і браты. Абодва сталі людзьмі ваеннымі, часта ездзілі ў камандзіроўкі, а вярталіся з падарункамі. З цягам часу адзін пасяліўся ў Ленінградзе, а другі – у Светлагорску. Знайшла сваё шчасце і Аляксандра.

Жаніх Фёдар

Аднойчы гулялі ў вёсцы вяселле. Вядома, шырока гулялі, музыканты гралі. Быў сярод іх невысокі хлопец, які добра іграў на бубне. Даведалася потым Аляксандра, што ён не толькі добра валодае інструментам і скача ўпрысядкі, але і шчыра працуе.
Фёдар тады быў шафёрам у калгасе, ва ўсім дапамагаў маці. Бацька яшчэ да вайны памёр, а ў сям’і засталося чацвёра малых дзяцей. Як прыйшоў час, Фёдар тры гады адслужыў у вой-ску на Брэстчыне і вярнуўся на малую радзіму. Як відаць, не дарма, бо менавіта тут ён сустрэў каханне на ўсё жыццё.
Хлопец жыў за пятнаццаць кіламетраў ад вёскі Аляксандры, таму сустракаліся яны вельмі рэдка. Хапіла трох разоў, каб, як заўважылі юбіляры, пакласці роспіс. Сёмага лютага 58-га ўтварылася маладая сям’я Махонькаў.
– Замяло тады моцна, сумёты паўсюль, холадна, – успамінала Аляксандра Андрэеўна. – Але ж вяселле было сапраўднае, усё як мае быць, і сукенка белая таксама была, і вэлюм. Гэткую прыгажосць узяла ў сяброўкі. І касметыкай нейкай карысталіся, памятаю, што пудра мелася, шчокі бураком падмазвалі.
Махонькі пераехалі жыць у вёску Дуброва, што ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці. Мелі прасторную і хлебасольную хату, вялікую гаспадарку. Абодва рупіліся на цагельным заводзе. Фёдар Лук’янавіч за шчырую працу неаднаразова адзначаўся граматамі і атрымліваў грашовыя ўзнагароды. Яго імя ўпрыгожвала Дошку гонару прадпрыемства, а знак “Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў 1980 года” дасюль захоўваецца ў Махонькаў. Працавітая і добрасумленная сям’я карысталася ў вёсцы вялікай павагай і з’яўлялася прыкладам для землякоў.

Жабінкаўшчына гасцінная

Першай на жабінкаўскую зямлю прыехала дачка сёлетніх юбіляраў. Пакінуць родныя мясціны жанчыну прымусіла чарнобыльская бяда. У 1990-м
Наталля са сваёй сям’ёй апынулася ў Падлессі ды й так і засталася тут. Праз дванаццаць гадоў сюды пераехалі і бацькі. На Жабінкаўшчыне яны адзначылі сваё залатое вяселле. “На 50-годдзе сумеснага жыцця бацька яшчэ танцаваў упрысядкі”, – усміхнулася дачка Наталля. Зараз Аляксандры Андрэеўне ўжо 80 гадоў, а Фёдару Лук’янавічу – амаль 90. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, яны ўсё робяць самі.
Звычайна на ўрачыстасці дом Махонькаў поўніцца галасамі ўнукаў і праўнукаў, прыязджае да бацькоў сын Фёдар з Гродзеншчыны. Аляксандра Андрэеўна гатуе святочны стол, яшчэ сама робіць разнастайныя нарыхтоўкі, разнасолы і варэнні, завіхаецца на агародзе, улетку палівае вялікі кветнік на падворку, любіць звязаць што-небудзь для малых. Фёдар Лук’янавіч клапоціцца, каб у хаце было цёпла, топіць грубку, даглядае курачак, а яшчэ ён сапраўдны майстар разьбы па дрэве.
– Вось так і пражылі шэсцьдзясят гадоў душа ў душу, – прызналіся юбіляры. – Саступалі адзін аднаму, ніхто не бачыў нашых спрэчак, усё вырашалі ўнутры сям’і. Навучыліся чуць адзін другога, ра-зумець, калі лепей прамаўчаць, а калі падтрымаць словам. Жыццёвая мудрасць прыходзіць з гадамі, але патрэбна самому вельмі хацець адшукаць яе. Памятайце, што разам гэта рабіць лягчэй.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара. Алмаз – самы трывалы, дарагі і прыгожы з усіх каштоўных камянёў у свеце. Але ж незвычайнай прыгажосцю яго надзяляе рука майстра падчас...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика