У краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча адкрылася выстава фотакарэспандэнта Уладзіміра Сіза “Пярэградзь і наваколле”. 21.by

У краязнаўчым музеі імя Францішка Багушэвіча адкрылася выстава фотакарэспандэнта Уладзіміра Сіза “Пярэградзь і наваколле”

Размер текста:
A
A
A

Дзевяноста здымкаў, на якіх адлюстравана блізкая сэрцу майстра вёсачка, змяшчаюць гісторыю дзясяткаў і соцень маленькіх вёсак Беларусі, якія дзень за днём, страчваючы інфраструктуру і самае галоўнае сваё багацце – насельнікаў, адыходзяць у нябыт. Пейзажы, партрэты, эцюды, фотарэпартажы змяняюць адзін аднаго і прымушаюць узгадаць простую, як Божы дзень, ісціну: усе мы родам з вёскі, з той зямлі, адкуль пачалі прарастаць карані нашых прадзедаў, якая дала жыццё нашым дзедам і якая нам засталася ў спадчыну. Ёй мы ў пошуках лепшай і лягчэйшай долі часта здраджваем, адпраўляючыся ў горад і забываючы дарогу назад. На гэтай зямлі расце хлеб – аснова нашага з вамі жыцця.


Дваццаць пяць год таму Уладзімір Сіз у вёску Пярэградзь, што на Мядзельшчыне, трапіў выпадкова. Так сталася, што на дарозе бліз той самай вёскі спусціла ў машыне колы. Тое няшчасце было лёсавызначальным, тым больш што ехаў ён, каб дзе-небудзь прыгледзець сабе дамок пад лецішча. Ужо чвэрць стагоддзя жыве аўтар гэтых шчымлівых душэўных здымкаў у Пярэградзі, у невялічкім утульным доме, за гэты час адноўленым і ўладкаваным, амаль цалкам памяняўшы яго на сталічную кватэру з усімі выгодамі (калі пайшоў на пенсію, у Мінску з’яўляецца зрэдчас).

— Хіба можна не любіць гэтыя мясціны, — прызнаецца Уладзімір Сцяпанавіч. – На раніцы выйшаў на веранду і любуйся, як сонца ўстае. Вечарам з другога боку зайшоў – новы пейзаж: сонца за лесам садзіцца. А якое тут паветра! Якая звонкая цішыня!


Вёска Пярэградзь стала часткай яго жыцця. Гэтак жа, як і фотаапарат, які наш герой амаль не выпускае з рук. Першыя свае кадры ён зняў у 1963 годзе. Менавіта тады бацькі падарылі падлетку просценькі фатаапарат “Вясна”. Першы вопыт быў няўдачным: фатограф пераблытаў “проявитель с закрепителем” і здымкі ў выніку не атрымаліся. Аднак гэта няўдача навучыла “здымаць галавой”, а не проста націскаць на кнопку ў фатаапараце. Менавіта так адказвае Уладзімір Сцяпанавіч сваім суразмоўцам, калі яго просяць падзяліцца сакрэтамі фотамайстэрства.


Пасля школы, якую ён скончыў на Чарнігаўшчыне, марыў стаць фотакарэспандэнтам. Шлях у прафесію быў не зусім легкім. Прыйшлося працаваць у порце матросам, займацца рамонтам доменных печаў у Дняпрапятроўску. Пасля службы ў арміі ўладкаваўся ў Навазыбкаве вучнем да фатографа ў атэлье, адкуль вярнуўся з жаданай даведкай і адпаведным запісам у працоўнай кніжцы. Гэтыя абставіны прывялі яго пасля ў бялыніцкую раённую газету. Затым быў факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта, плённая і цікавая праца ў розных перыядычных выданнях, апошнім з якіх стала газета “Белорусская нива” (“Сельская газета”).

У аб’ектыў фотамайстра трапляюць розныя кадры. Усе яны затым знаходзяць месца ва ўласным фотаархіве, які налічвае больш за мільён плёначных негатываў і 800 тысяч лічбавых фотакадраў. Гадамі выпрацавалася асабістая сістэма класіфікацыі архіўных дакументаў: па году, месяцу, дню здымак, па падзеях і мясцовасці. Фотамайстар часта звяртаецца да свайго архіва, адшуквае праз гады людзей, якія трапілі ў аб’ектыў яго фотакамеры, каб у чарговы раз падзяліцца з чытачамі інфармацыяй пра лёс сваіх герояў.

Задумка арганізаваць выставу пра вёску ўзнікла ў Уладзіміра Сіза сама па сабе. Была вялікая колькасць здымкаў самой вёскі і яе ваколіц, якія старанна адбіраліся, групаваліся па порах года, па падзеях, што адбываліся тут. З вялікай колькасці сабраўся затым стосік у 200 здымкаў. А ў выніку засталося 90, якія і ўвайшлі ў экспазіцыю выставы.


Калі Уладзімір Сцяпанавіч задумаў зладзіць выставу, пачаў вывучаць гісторыю населенага пункта і быў вельмі ўражаны тым, што гэта невялічкая, ужо амаль сцёртая з карты вёска, мае багатую 500-гадовую гісторыю. Паўстала яна на старажытным Альгердавым шляху з Полацка. Мажліва, назва яе ўзнікла ад таго, што памежная варта Полацкага княства перагароджвала тут шлях чужынцам, адсюль вяла самая кароткая дарога да возера Мядзель і палаца на востраве. Сёння ў невялічкай вёсцы стала жывуць толькі тры жыхары, ды і тыя ўжо ва ўзросце. Няма тут ніводнай каровы. Ажывае Пярэградзь толькі ўвесну, калі цягнуцца з горада дачнікі і спадкаемцы колішніх гаспадароў.

Важнейшая і, бадай, адзіная мэта фотавыставы — захаваць гісторыю беларускай вёскі, яе культуру, той непаўторны каларыт, які прыцягвае да сябе і прымушае спыніцца і падумаць, што мы робім не так, чаму ўсё-такі знікаюць Пярэградзі.

Фотавыстава Уладзіміра Сіза вандруе па гарадах краіны. Была яна зладжана ў Астраўцы, Паставах, Мядзелі, Вілейцы. Да канца месяца будзе дзейнічаць у Ашмянах.

На ўрачыстым яе адкрыцці ў краязнаўчым музеі сабралася шмат мясцовых прыхільнікаў фатаграфіі і краязнаўства. Цікавай гэта сустрэча была і для другакурснікаў аграрна-эканамічнага каледжа. Гутарка з аўтарам выставы была перасыпана тонкім гумарам. Уладзімір Сцяпанавіч расказваў аб сабе, аб сваіх героях, аб сакрэтах, якія дазваляюць зрабіць жывыя эмацыянальныя здымкі, адказваў на пытанні вядучай Настассі Навіцкай і іншых удзельнікаў мерапрыемства, дзяліўся сваімі ўражаннямі ад наведвання Ашмян. Калега Уладзіміра Сіза па “Беларускай ніве” Наталля Валынец узгадала, як яны ўпершыню прыехалі з рэдактарскім заданнем у наш раён.

У гэты дзень у сценах музея гучала музыка. Настаўнікі Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Віталь Юрэвіч і Ганна Мацкевіч дапоўнілі цёплую хатнюю атмасферу музея дасканалай ігрой на музычным інструменце.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзевяноста здымкаў, на якіх адлюстравана блізкая сэрцу майстра вёсачка, змяшчаюць гісторыю дзясяткаў і соцень маленькіх вёсак Беларусі, якія дзень за

Комментарии


 
 
 


Архив (Разное)

21.by в социальных сетях


Яндекс.Метрика