Дзень закаханых доўжыцца гадамі. 21.by

Дзень закаханых доўжыцца гадамі

14.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Ці можна сур’ёзна ўспрымаць адносіны маладых людзей, калі ёй толькі-толькі 15 споўнілася, а яму – 17? Сябры Дзяніса і Дашы абмяркоўвалі іх рамантычныя сустрэчы і прадказвалі хуткае расставанне. Аднак пачуцці юных сэрцаў аказаліся мацнейшымі за “прагнозы”, і праз тры гады маладыя людзі вырашылі замацаваць свае адносіны рэгістрацыяй шлюбу ў загсе.
– Самае смешнае, што і я, і муж нарадзіліся ў мікрараёне цукровага завода, раслі тут, нават вучыліся ў суседніх кабінетах у другой гарадской школе – і не сустракаліся, – расказвае Дар’я. – А аднойчы, калі я ўжо вучылася ў Брэсцкім ліцэі, а Дзяніс толькі збіраўся паступаць у Пружанскі сельгастэхнікум, пазнаёміліся ля “гномікаў” – драўляных скульптур каля лавачак насупраць дзіцячага сада (улюбёнае месца моладзі, на жаль, іх даўно няма). Мне Дзяніс адразу “запаў” у сэрца – прывабны, спакойны, здаваўся мне дарослым і разважлівым. Падумалася: камусьці стане добрым мужам. Калі б тады мне хто сказаў, што дастанецца мне – не паверыла б.
Пачалі сустракацца, і вельмі хутка Даша злавіла сябе на думцы, што закахалася ў Дзяніса, з нецярпеннем чакае яго званкоў і сустрэч. Юнацкае захапленне перарасло ў чыстае пачуццё, а самае галоўнае – яно было ўзаемным.
…Вяселле Дар’я і Дзяніс Скачыкоўскія запомняць на ўсё жыццё. 14 лютага, у Дзень усіх закаханых, буйнымі шматкамі сыпаў снег, на вуліцы было холадна і ветрана, а маладым на вяселлі было горача ад неабдымнага шчасця і салодкіх пацалункаў. Яны ўдваіх заявілі гасцям урачыстасці, што хочуць мець трое дзетак: двух сыночкаў і лапачку-дачушку. Чаго пажадалі – тое і маюць. Цяпер, праз 9 гадоў (менавіта столькі сёння спаўняецца сям’і Скачыкоўскіх), на радасць мамы і таты падрастаюць васьмігадовы Уладзік, трохгадовы Захар, Верачцы пакуль толькі тры месяцы.
– Усе дзеці – планаваныя і любімыя, – кажа Даша. – Асабліва хацелі нарадзіць дачушку. Верылі, што яна ў нас будзе – таму і Верачкай назвалі. Брацікі вельмі любяць маленькую, усё пытаюцца, калі будзе разам з імі машынкамі забаўляцца…
Захар, Улад і Верачка растуць у ласцы і любові. Маладыя бацькі прыкладваюць усе намаганні, каб дзяцінства малых было шчаслівае. Гульні, казкі, развіваючыя заняткі, штодзённыя прагулкі – у шчыльным графіку няма часу для забаў на планшэце і смартфоне. (Тата лічыць, што гаджэты не спрыяюць развіццю мозга, а наадварот, запавольваюць яго). Дзяніс, як чалавек сямейны, кожную вольную хвіліну стараецца праводзіць з хлопчыкамі, лічыць іх паўнавартаснымі памочнікамі. На дзядулевай “фазэндзе” (бульбу маленькі Захар не горш за старэйшага браціка збіраў), у хляве (хлопчыкі любяць карміць трусоў у клетках), у гаражы малыя дапамагаюць гаспадарліваму бацьку. На рыбалку з татам яны раненька ўстаюць без лішніх угаворванняў. У працы і на адпачынку – яны заўжды разам. А як хораша Дзяніс грае на гітары – заслухаешся!
У сям’і, дзе любяць і паважаюць адзін аднаго, выхоўваюць дзяцей без крыку, з цярпеннем і спагадай – усё атрымліваецца. Даша лічыць, што іх сям’я шчаслівая, бо знаходзіцца пад покрывам Святога Валянціна.
– У такі дзень ствараюцца трывалыя і моцныя шлюбы, – кажа Дар’я. – А інакш як? Праўда, каб Дзень усіх закаханых цягнуўся гадамі, трэба ў сямейны агмень падкідваць “паленцы” кахання, цярпення, падтрымкі, узаемавыручкі і паразумення, жаноцкай ласкі і абаяльнасці. Тады ўсё будзе, як у юнацтве.
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці можна сур’ёзна ўспрымаць адносіны маладых людзей, калі ёй толькі-толькі 15 споўнілася, а яму – 17? Сябры Дзяніса і Дашы абмяркоўвалі іх рамантычныя сустрэчы і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика