“А ты і ёсць мой свет”. 21.by

“А ты і ёсць мой свет”

14.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

 

У цягніку, пад мерны перастук колаў, калі падарожнікі выпадкова сустракаюцца і гэтак жа хутка расстаюцца, нярэдка можна пачуць розныя жыццёвыя гісторыі. Гадоў дзесяць таму давялося пачуць некалькі такіх шчырых расповедаў у плацкартным вагоне поезда, што спяшаўся накірункам з Жабінкі да Мінска.
Памятаю, пачала расказ дзяўчына (звалі яе, здаецца, Святланай). У гэтае імгненне радыё зайграла мелодыю, якая вельмі яе ўзрушыла. Яна ўсхліпнула і прамовіла:
– Заўтра гадавіна, як не стала маёй матулі. Вучуся ў Брэсце, цяпер вяртаюся дамоў у Бярозу, трэба да мамы на магілу завітаць… Калі я была маленькай, перад сном яна нярэдка напявала мне сваім мяккім прыгожым голасам гэтую песеньку.
Усе міжволі прыслухаліся да лірычнай мелодыі: “А вясной ліняюць розныя звяры, не ліняе толькі сонечны зайчык…” – а Света працягвала:
– Калі мама моцна захварэла, штодня наведвала яе ў бальніцы, падтрымлівала, чым магла, ужо мая чарга прыйшла напяваць ёй гэтую самую песеньку. Для яе, разумееце, гэта было, як глыток свежага паветра, а пры словах пра сонечнага зайчыка матулін твар асвятляўся, нібыта насамрэч лютаўскую завею раптоўна растапіла вясенняя адліга… З тае пары я больш не чула гэтай песні і сама яе не спявала. А сёння, калі ў Брэсце мяне праважаў Сярожа, з якім вырашылі ўлетку пажаніцца, ён раптам пачаў мармытаць сабе пад нос гэтыя радкі. Высветлілася, што і яму мама спявала ў маленстве пра сонечнага зайку. Ужо тады ледзь стрымлівала слёзы, а тут села ў цягнік і зноў тая ж мелодыя…
Дзіўна, але гэты расповед нібыта выклікаў нейкую цапную рэакцыю і прымусіў маладога чалавека, што сядзеў насупраць расчуленай дзяўчыны, згадаць сваю гісторыю.
– Майму дзядулю ўжо за восемдзесят, колькі гадоў таму ён страціў зрок. Аднойчы дзед сказаў мне: “Твая бабуля – самая прыгожая на зямлі, праўда?” Я задумаўся на імгненне: “Табе, відаць, не стае гэтай прыгажосці цяпер, калі ты яе не бачыш?” Дзядуля ўсміхнуўся і запярэчыў: “Што ты! Я бачу яе кожны дзень. І па шчырасці, нават лепш, чым тады, калі мы былі маладымі”. І раптам скамандаваў: “Спыніся ля крамы. Мы забыліся купіць ёй пунсовыя ружы. Вось табе грошы, збегай хуценька. І абавязкова пунсовыя – не пераблытай”. Тады я спытаўся: “А што, сёння нейкі асаблівы дзень?” – “Ды не, здаецца, не… – адказаў дзядуля. – Хаця ўсё ж ты маеш рацыю: кожны дзень у нечым асаблівы. Для маіх вачэй усе колеры аднолькавыя. А твая бабуля любіць кветкі. Асабліва пунсовыя. Яны прыносяць ёй шчасце. Таму глядзі, не пераблытай!”
Са свайго боку, і мне згадалася гісторыя, што здарылася на маіх вачах, калі аднойчы апынуўся ў бальніцы. Па суседству ляжаў стары, які меў вельмі дрэнную памяць. Ён забываў літаральна ўсё. Нават уласнае імя згадваў з цяжкасцю, не памятаў і таго, дзе ён і што гаварыў усяго некалькі хвілін таму. Часцяком дзядка даводзілася праводзіць да палаты, бо ён увесь час губляўся на калідоры ці ў іншых пакоях. Але нейкім цудам (і думаю, гэты цуд завецца каханнем) адзіны чалавек, каго ён пазнаваў беспамылкова, была ягоная жонка. Як толькі жанчына наведвалася ў бальнічную палату, стары адразу ўспамінаў, хто яна, і прамаўляў:
– Добры дзень, мая прыгожая Кацярынка.
А аднойчы ён працягнуў ёй руку і запрасіў на танец, зрабіў крок-другі, збіўся і прамовіў вінавата і расчулена, нібыта дзіця:
– І гэта не помню…
Тады ягоная Каця нахіліла яго белую галаву і прамовіла журботна:
– Нічога, даражэнькі, мы ўсё-ўсё ўспомнім…
У гэты час свае капрызкі паказаў хлопчык гадоў шасці-сямі, і ўвага часовых насельнікаў вагона пераключылася на яго. Нехта нават зрабіў заўвагу маці неслуха ды плаксы:
– Жанчына, сачыце за сваім дзіцём! Хлопец надта сваволіць.
Яна апусціла вочы і паспешліва, збянтэжана прамовіла:
– Канечне-канечне, прабачце. Ён у мяне звычайна смірны, а тут зуб непакоіць, вось і месца сабе не знаходзіць… А сердаваць я на яго зусім не магу. Учора ён абняў мяне і сказаў: “Ты самая лепшая мамулечка на свеце”. А я спыталася: “Адкуль ты ведаеш? Ты ж не бачыў усіх мам усяго свету”. Сынок у адказ на гэта яшчэ мацней прыціснуўся да мяне і прамовіў: “А ты і ёсць мой свет”.
…А з дынаміка зноў данеслася: “А вясной ліняюць розныя звяры…”
Анатоль РОСТАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
  У цягніку, пад мерны перастук колаў, калі падарожнікі выпадкова сустракаюцца і гэтак жа хутка расстаюцца, нярэдка можна пачуць розныя жыццёвыя гісторыі. Гадоў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика