Ад пасажыраў рэйса 1993. 21.by

Ад пасажыраў рэйса 1993

14.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

РАЗГЛЯДВАЮЧЫ фотаздымкі сяброў і знаёмых у інтэрнэце, якімі многія дзеляцца пасля наведвання ў школах вечароў сустрэч з выпускнікамі, натрапіла на надпіс у кадры мультыпрэзентацыі: “Пасажыры рэйса 1993”. “І я ж з гэтага рэйса!” — устрапянуліся думкі ад трапнага параўнання. І яшчэ дзясятак маіх аднакласнікаў, якія ў мінулую суботу наведаліся ў Сваткаўскую школу (ці, па-сучаснаму, вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка), каб узгадаць моманты падрыхтоўкі да “палёту”, падзяліцца ўражаннямі ад месцаў прызначэння, якія ў кожнага — свае.

“Праз дваццаць пяць гадоў не толькі вы вярнуліся ў гады юнацтва, — кажа, звяртаючыся да нас, класны кіраўнік Раіса Андрэеўна Блізнюк. — Я таксама ўзгадала сябе той, значна маладзейшай. Дарэчы, амаль такой жа, як і вы зараз”. І бясконца прыемна было ўсведамляць, што кожнага з нас яна памятае, любіць, ведае, як склаліся нашы лёсы, у каго якія сем’і, дзеці…
Гэта вельмі шчымлівае і ў той жа час светлае пачуццё ад узгадвання нечага даўняга, добрага і паўзабытага, але не страчанага. Ні гадам не пад сілу сцерці гэта з памяці, ні жыццёвым абставінам. “Я цябе не адразу пазнала, Лёша!”, “Ты зусім не змянілася, Таня!”, “А вы памятаеце?…”, “А ўзгадай, як мы…”. Усё ўзгадалі, ці, дакладней, усіх. І тых, хто ўжо ніколі не прыйдзе на сустрэчу з намі: любімую першую настаўніцу Наталлю Іванаўну Янель (прыйшоў на памяць яе расказ пра тое, як яна некалі здзівіла ўрача, сказаўшы, што ў яе чатырнаццаць дзяцей), Уладзіміра Іванавіча Шаблыку, настаўніка хіміі, які падчас доследаў заўсёды быў не супраць, каб дзяўчынак падстрахоўвалі хлопчыкі, Вольгу Іванаўну Пястун, таленавітую і надзвычай улюбёную ў сваю справу настаўніцу беларускай мовы, якая ўжо ніколі не ацэніць гэта “сачыненне” сваёй вучаніцы, яе інтэлігентнага мужа Барыса Сцяпанавіча, летуценную Ірыну Іванаўну Маўчан, а таксама вельмі каларытнага і громагалоснага Сцяпана Уладзіміравіча Лубешку…
Дарэчы. Паважаная Зоя Іванаўна Лубешка! З-за Вашага стану здароўя Вас перад святочным мерапрыемствам праведалі некалькі маіх самых шустрых аднакласнікаў. Але ведайце, што і для астатніх Вы — паважаны, любімы і нязменны дырэктар той школы, якая адправіла нас у рэйс 1993.
А як прыемна было бачыць настаўнікаў, якія завіталі на сустрэчу да сваіх даўніх вучняў! Здаецца, учора закончыўся той урок геаграфіі, на якім Ніна Іосіфаўна Дукса абяцала за адказ каля дошкі паставіць мне (“Няўжо сапраўды паставіць?” — не магла дачакацца канца ўрока, калі настаўніца верне дзённік) шасцёрку. Гэта зараз нічога дзіўнага, а тады ж пяцібальная сістэма была. Ці паставіла? Няхай гэта застанецца паміж намі. Але ўпэўнена, што ў кожнага з нас ёсць падобныя ўспаміны пра кожнага настаўніка. Ганна Кірылаўна Тачыцкая, Ірына Васільеўна Шаблыка, Вера Іванаўна Талайка, Рэгіна Аркадзьеўна і Іван Эдмундавіч Нехвядовічы, Васіль Уладзіміравіч Бычкоўскі, Ганна Фёдараўна Варабей, Таццяна Міхайлаўна Клямяціч, а таксама Андрэй Віктаравіч Янчанка, які не пашкадаваў часу і прыехаў з Мядзела, дзе працуе апошнім часам. Дзякуй вам за ўсе тыя каштоўнасці, і ў першую чаргу маральныя, якімі вы шчодра з намі дзяліліся. А пасажыры шматлікіх рэйсаў, якіх вы з чыстым сумленнем адпраўлялі ў свет, маюць звычку вяртацца ў пункты вылету. І надзвычай прыемна, калі іх там чакаюць…

Іна ЯРЧАК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
РАЗГЛЯДВАЮЧЫ фотаздымкі сяброў і знаёмых у інтэрнэце, якімі многія дзеляцца пасля наведвання ў школах вечароў сустрэч з выпускнікамі, натрапіла на надпіс у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика