Знакі вайны. 21.by

Знакі вайны

15.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адвеку быць салдатам-абаронцам сваёй зямлі ў народзе лічылася пачэсным абавязкам мужчыны, таму наша пакаленне ахвотна выбірала вучобу ў ваенных вучылішчах. Выбірала, каб служыць Айчыне. Пасля заканчэння першай гарадской школы я таксама падаў дакументы ва Ульянаўскае вышэйшае ваенна-тэхнічнае вучылішча.
Пачынаць службу мне выпала на пасадзе начальніка службы гаруча-змазачных матэрыялаў аўтамабільнага палка ў Забайкаллі. У гэты час ва ўсю моц грымела вайна ў суседняй краіне, у Афганістане. У ёй браў удзел і кантынгент савецкіх войскаў. Трывожныя весткі прыходзілі з палёў баёў, але кожны з нас, хто выбраў для сябе вайсковую прафесію, гатовы быў паехаць туды, каб да канца выканаць свой інтэрнацыянальны воінскі абавязак.
Мяне накіравалі ў Афганістан у кастрычніку 1986 года на пасаду начальніка службы гаручага 56-й дэсантна-штурмавой брыгады. Такім чынам, я займаўся забеспячэннем войскаў гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Месцам дыслакацыі стаў горад Гардэз у правінцыі Пакція.
І праз трыццаць гадоў памятная тая атмасфера, якая была сярод байцоў, закінутых далёка ад Радзімы. Ніхто не ведаў, што прынясе новы дзень, і разумеў: ён абавязаны ў цяжкую хвіліну дапамагчы таварышу, таму сярод “афганцаў” не было так званай “дзедаўшчыны”. Старшыя па званні і старэйшыя па ўзросце, наадварот, імкнуліся аберагаць маладых і ніколі не пасылалі іх, неабстраляных, першымі ў бой. Хаця не заўжды маглі іх уратаваць.
Згадваецца адзін выпадак. Скончылася гаручае, паслалі калону аўтамашын у Кабул. У адной з іх ехалі тры маладыя салдаты. Па дарозе трапілі пад перакрыжаваны абстрэл душманаў. Аднаго хлопца раніла ў руку, а другога – у нагу, дык адзін руль трымаў, а другі ціснуў на газ. Трэці ж адстрэльваўся. Праскочылі хлопцы. Выканалі заданне, але адразу трапілі ў шпіталь.
Не забываецца і аперацыя “Магістраль” – апошняя ў маёй афганскай біяграфіі. Было ўжо заключана перамір’е з афганістанскім урадам, а на мяжы з Пакістанам банды не хацелі падпарадкоўвацца яму, гінулі людзі. Каб прынесці ўрэшце мір, і праводзілася гэтая аперацыя. Колькі было запраўлена машын, іншай тэхнікі, што ішла на Хост! Каб выбіць праціўніка з гарыстай мясцовасці, спатрэбіліся два месяцы…
Зараз, калі даходзяць весткі з Афганістана, дзе ваююць амерыканцы, заўважаецца розніца паміж гэтымі дзвюма войнамі. Калі сённяшнія ваякі імкнуцца ўсё знішчыць, разбурыць, дык нашы салдаты хацелі прынесці мір на гэтую шматпакутную зямлю, будавалі шпіталі, заводы, што засталіся афганскаму народу.
Нашу брыгаду вывелі з Афганістана ў Туркменскую рэспубліку ў ліку першых. Пасля мы прыкрывалі вывад 201-й мотастралковай дывізіі. Затым была служба ў Германіі, Расіі і ў рэшце рэшт пайшоў у адстаўку ў званні маёра, як служыў у родным горадзе…
Звыш дзесяці гадоў я ўзначальваю раённую арганізацыю воінаў-інтэрнацыяналістаў. За час вайны загінулі тры чалавекі, якія атрымалі позвы з Жабінкаўскага райваенкамата, хаця мы ўспамінаем і Сяргея Грудніцкага, які нарадзіўся ў нашым раёне, а затым жыў у Брэсце, адкуль пайшоў у армію.
Вайна пакінула знакі на целе нашых землякоў: некаторыя вярнуліся дамоў інвалідамі. Пасля той неаб’яўленай вайны мы сёння недалічваемся 15 воінаў, якіх яна дагнала ўжо дома. Сваім абавязкам лічым правядзенне патрыятычнага выхавання сярод моладзі. Выступаем у школах, адказваем на пытанні, створаны куткі воінаў-інтэрнацыяналістаў у раённай бібліятэцы і музеі ў Малых Сяхновічах.
Даўно ўжо стала добрай традыцыяй у лютым збірацца ў Жабінцы, каб ускласці кветкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам і на магілы тых, каго няма ўжо з намі, гаварыць аб жыццёвых пытаннях і праблемах. Набліжаецца чарговая дата вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Дазвольце павіншаваць з ёю ўсіх таварышаў па зброі, пажадаць моцнага здароўя, шчасця і міру ў вашых сем’ях. Жывіце доўга, хлопцы!
Аляксандр ЯЎСТРАТАЎ, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.
На здымках: баявыя будні вачыма нашых землякоў, што выконвалі інтэрнацыянальны абавязак на далёкай афганскай зямлі (фота са збораў раённай бібліятэкі).

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адвеку быць салдатам-абаронцам сваёй зямлі ў народзе лічылася пачэсным абавязкам мужчыны, таму наша пакаленне ахвотна выбірала вучобу ў ваенных вучылішчах....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика