Мая малая радзіма – драбнюсенькая. 21.by

Мая малая радзіма – драбнюсенькая

16.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адрас шосты

Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.

Вёсачка Хмялёўка, хоць і месціцца ў Сцяпанкаўскім сельсавеце, але ж гістарычнымі сваімі каранямі паяднана з Хмелевам. Пра тое няцяжка здагадацца нават па назвах, вельмі блізкіх па гучанні і напісанні. Можна нават дапусціць, што некалі нехта з хмелеўцаў абаснаваўся ў гэтых мясцінах і заснаваў новае паселішча, якому з любасцю даў імя ў памяць пра сваё Хмелева.

І адбылося гэта больш за чатыры з паловай сотні гадоў таму. Паколькі маёнтак Хмялёўка ў старадаўніх дакументах згадваеццца ўжо восенню 1567 года. Тады вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст, каб высветліць на выпадак вайны магутнасць узброеных сіл сваёй дзяржавы, загадаў усім шляхціцам сабрацца пад Мала-дзечнам у палкі-харугвы. Уласнік Хмялёўкі Іван Звер і сам з’явіўся на перапіс войска, і выставіў з сядзібы ўзброенага вершніка.
Аднаго разу расказаў пры сустрэчы пра гэты выпадак Веры Тур. Яна зацікавілася, бо Хмялёўка для жанчыны не проста кропка на карце. Тут яна нарадзілася вясной 1929 года, таму шмат захавала ў памяці момантаў пра тое, як жыла родная вёсачка ў ранейшыя часы. Пра яе, дарагі сэрцу куточак, Вера Мартынаўна гаварыла з любоўю:
– Мая Хмялёвачка… – і дадала: – Бо ёсць у нас Хмелева. Яно вялікае. А мая малая радзіма – драбнюсенькая. Дзед мой быў тройчы Паўлам: звалі яго Павел Паўлавіч Паўловіч. Сям’я хутка засталася без бацькі, увесь цяжар сялянскай працы лёг на плечы маці Марыі, што паходзіла з роду Пятручыкаў.
У памяці захаваліся эпізоды ваеннай пары. Напрыклад, як вясной 1944 года праз камянецкія і жабінкаўскія землі рухаліся каўпакоўцы – байцы знакамітай І-й Украінскай партызанскай дывізіі.
Зусім недалёка, у Жыціні, месцілася нямецкая ўправа, дзе весткі пра каўпакоўцаў выклікалі сапраўдны перапалох. Фашысты занялі падворак, у якім жыла Вера. Хоць заканчваўся ўжо сакавік, ды сярод ночы раптам паваліў такі густы снег – за доўгае сваё жыццё жанчына ніколі больш падобнага не бачыла. Немцаў-вартавых імгненна заносіла снегам. Яны ў гаспадароў страх пасеялі, але і самі былі перапалоханы вялікай партызанскай сілай. А каўпакоўцы, між тым, рушылі далей. Ехалі яны на фурманках, а калі пачаўся моцны снегапад, свае вазы партызаны пакінулі ў Хмелеве ды іншых вёсках, там у людзей у замен пабралі санкі.
На франтах Вялікай Айчыннай загінулі два нараджэнцы Хмялёўкі – Аляксандр і Дзмітрый Макарэвічы. Яшчэ два дзясяткі гадоў было ў вёсачцы 11 насельнікаў, зараз засталося чацвёра.
За доўгую сваю гісторыю Хмялёўка ўзгадавала і сапраўднага героя – прапаршчыка Сяргея Грудніцкага, які вызначыўся ўжо на іншай, афганскай, вайне.
Ён нарадзіўся ў сакавіку 1957 года. Маці Ганна Сямёнаўна была карэнная нараджэнка Хмялёўкі. Бацька Антон Станіслававіч працаваў чыгуначнікам, таму сям’я неўзабаве пераехала ў Брэст. Сяргей быў сярэднім сынам, вучыўся ў СШ № 22, затым у прафесійна-тэхнічным вучылішчы. У 1976-м, адразу як атрымаў спецыяльную адукацыю, Грудніцкі пайшоў у войска, служыў у Чыце сувязістам. Затым вярнуўся ў горад над Бугам, уладкаваўся майстрам на завод, але ў хуткім часе вырашыў канчаткова звязаць свой лёс з арміяй. Дзеля гэтага скончыў у Самаркандзе школу прапаршчыкаў. Далейшую службу праходзіў на Радзіме – у Беларусі, пакуль улетку 1986-га не патрапіў на афганскую зямлю.
Прапаршчык Грудніцкі з гонарам праслужыў два гады і вось-вось павінен быў вярнуцца назад у Савецкі Саюз, але 18 верасня 1988 года прыняў апошні свой бой… Сяргей Антонавіч быў узнагароджаны медалямі “За баявыя заслугі” і “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа” (пасмяротна). На будынку СШ № 22 горада Брэста, дзе ён вучыўся, усталявана мемарыяльная дошка, а ў 13-й школе дзейнічае музей, прысвечаны воінам-інтэрнацыяналістам. Сярод экспанатаў – асабістыя рэчы і лісты Сяргея Грудніцкага. Памяць аб прапаршчыку з Хмялёўкі захоўваюць і сховішчы абласнога краязнаўчага музея, пра яго распавядае стэнд ды папка з матэрыяламі, сабранымі бібліятэкарамі Жабінкі.
На здымках: памяць пра Хмялёўку зберагла нараджэнка вёсачкі Вера ТУР; стэнд з інфармацыяй пра прапаршчыка Сяргея ГРУДНІЦКАГА ў раённай бібліятэцы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адрас шосты Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара. Вёсачка Хмялёўка, хоць і месціцца ў Сцяпанкаўскім сельсавеце, але ж гістарычнымі сваімі каранямі паяднана з Хмелевам....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика