Які падарунак запомніўся?. 21.by

Які падарунак запомніўся?

23.02.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Дар’я НІКАНЧУК.

Мужчыны таксама любяць падарункі, але часта проста не прызнаюцца ў гэтым. Надыходзячае свята – добрая нагода, каб парадаваць прадстаўнікоў моцнай паловы прыемнымі сюрпрызамі. Напярэдадні ўрачыстасці запыталася ў жабінкаўцаў, якія падарункі на 23 лютага аказаліся для іх самымі дарагімі, запамінальнымі і арыгінальнымі.

Вячаслаў ФЯДОТАЎ:
– 25 лютага ў мяне дзень нараджэння, таму падарункі да свята абаронцаў Айчыны аб’ядноўваюць адразу дзве ўрачыстасці. Самым памятным стала скрыпка, якую падарыла мая сям’я. Валодаю некалькімі музычнымі інструментамі, але апошнім часам аддаю перавагу менавіта ёй. Стараюся іграць кожны дзень, практыка дапамагае паступова ўдасканальвацца. Самымі ж дарагімі сэрцу падарункамі заўжды былі і застаюцца сюрпрызы маёй матулі Лідзіі Іосіфаўны. Любы знак увагі ад яе вельмі прыемны і каштоўны.

Ігар МАСЕЙКА:
– На святы жонка Таццяна радуе мяне арыгінальнымі падарункамі, зробленымі сваімі рукамі. На Дзень абаронцаў Айчыны некалькі разоў здзіўляла незвычайнымі танкамі, якія рабіла з мыла, цукерак і шкарпэтак. Апошнім часам “апранае” бутэлькі з моцнымі напоямі ў ваенную форму. Кожны раз упрыгожвае мундзір рознымі пагонамі і медалямі. Атрымліваецца прыгожа, з гумарам і густам. У крамах зараз можна набыць усё, чаго толькі душа пажадае, але заўжды прыемна атрымаць падарунак, які быў зроблены з любоўю спецыяльна для цябе.

Сяргей ШЫК:
– Было прыемна атрымаць паштоўку ад унука Мікіткі, якую ён зрабіў для мяне, калі яшчэ хадзіў у дзіцячы сад. Вельмі добра, што павага да гэтага свята і воінаў-абаронцаў выхоўваецца ў нашых дзетак з маленства. А самы запамінальны падарунак атрымаў у 2014 годзе на дзень нараджэння, якое адзначаю 10 сакавіка – тады на свет з’явілася мая ўнучка Машанька. Цяпер і яна віншуе мяне з мужчынскім святам.

Аляксандр ПАЛЯШЧУК:
– Запомніўся падарунак, які атрымаў ад сваіх вучняў. Адзін клас вырашыў павіншаваць не агульнай паштоўкай, а кожны яго навучэнец падрыхтаваў для мяне сваю. Атрымалася нечакана і незвычайна. Было адчуванне, што кожны з іх лічыць мяне сваім абаронцам, давярае і разлічвае на дапамогу ў няпростай сітуацыі. Такія адносіны дарагога каштуюць.

Міхаіл БАНДАРЭНКА:
– Здараецца так, што і мужчынам дораць букеты. Аднойчы на 23 лютага такі падарунак зрабілі і мне. Жонка Галіна з дочкамі Аксанай і Юліяй уручылі букет… з сушанай рыбы. Ён быў прыгожа аформлены, перавязаны стужачкай. У нашай сям’і прынята збірацца на святы за сталом, рабіць адзін аднаму розныя сюрпрызы. Прыемна, калі падарункі падрыхтаваны роднымі людзьмі, а калі яны арыгінальныя і з фантазіяй, дык удвая!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дар’я НІКАНЧУК. Мужчыны таксама любяць падарункі, але часта проста не прызнаюцца ў гэтым. Надыходзячае свята – добрая нагода, каб парадаваць прадстаўнікоў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика