Гісторыка-краязнаўчаму музею “Вучоны нашай зямлі” Кальчунскай сярэдняй школы прысвоена званне “народны”. 21.by

Гісторыка-краязнаўчаму музею “Вучоны нашай зямлі” Кальчунскай сярэдняй школы прысвоена званне “народны”

13.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Невялічкі па памерах музей у Кальчунскай школе за год наведвае каля трох тысяч чалавек. І гэта не прыцягнутая за вушы лічба, так, для важкай статыстыкі, а рэальная колькасць людзей: з Гродзеншчыны, іншых рэгіёнаў Беларусі, суседняй з намі Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і іншых краін, вялікіх і маленькіх гарадоў і пасёлкаў, малавядомых мястэчкаў, — для якіх Кальчуны, Болтуп і Гароднікі не проста чарговы турыстычны маршрут, а патрэба душы і сэрца, жаданне развівацца, знаёміцца са сваімі каранямі і ганарыцца людзьмі, чыя дзейнасць была вышэй за палітычныя амбіцыі і інтрыгі, а таму засталася над у спадчыну як вялікі дар, які мы не маем права страціць у вірлівых паваротах гісторыі.

Імя Енджэя Снядэцкага – сусветна вядомага вучонага эпохі Асветніцтва, акадэміка Пецярбургскай акадэміі навук, выкладчыка Віленскага ўніверсітэта, заснавальніка Віленскага медыцынскага грамадства стала вядома шырокаму колу зацікаўленых гісторыяй людзей на Ашмяншчыне менавіта праз дзейнасць музея, задумку адкрыць які ў 2004 годзе здзейсніла настаўніца музыкі і сусветнай мастацкай культуры, намеснік дырэктара Кальчунскай школы па выхаваўчай рабоце Таццяна Ягораўна Давідовіч, і які працуе дзякуючы сумесным намаганням не толькі кіраўніка, але і кіраўніцтва школы, педагогаў і вучняў.

На працягу 14 год у музеі сабрана каля паўтары тысячы экспанатаў. Асноўны фонд складае больш за 600 адзінак захавання. На пытанне, які з іх найбольш каштоўны, ідэйны натхняльнік музейнай справы Таццяна Ягораўна ўсміхаецца і паціскае плячыма, бо ўсе рэчы, прадметы, дакументы ёй дарагія. Пра з’яўленне кожнага экспаната яна можа расказаць цэлую гісторыю. Каштоўнымі ва ўсіх адносінах з’яўляюцца кнігі Енджэя Снядэцкага “Асновы хіміі” і “Аб фізічным выхаванні дзяцей”. А вось самаробны цвік, якім мацаваўся аклад абраза Маці Божай у капліцы ў Гародніках. Побач – дзюбель з алавяным прыпоем, што выкарыстоўваўся для злучэння элементаў надмагільнага помніка Снядэцкаму. Яго перадалі ў музей рэстаўратары з Польшчы. “А вось гэтаму самавару больш ста год! – адзначае ў размове Таццяна Ягораўна. – Яго падчас чарговай краязнаўчай экспедыцыі мы з удзельнікамі аб’яднання па інтарэсах “Сябры музейнай справы” прынеслі з Сякераўцаў.” Колькі пасля такіх вось вандровак па ваколіцах Ашмяншчыны было сабрана ўспамінаў! Найбольш каштоўныя з іх – звесткі пажылага мужчыны з Болтупа, які распавёў гісторыю пра колішнюю сядзібу. Аказваецца, было ў ёй ажно 27 пакояў, абстаўленых шыкоўнай мэбляй. На жаль, той мясцовы жыхар даўно памёр, а вось яго ўспаміны жывуць і зараз. Менавіта па яго аповеду вучнямі школы быў зроблены макет Болтупскага палаца. Да экспанатаў можна ўжо залічыць і кнігу водгукаў наведвальнікаў музея. Гэта асобная і вельмі дарагая старонка гісторыі, якую пішуць шматлікія госці і турысты. “Была тут, вярнулася, прыеду яшчэ…” – так напісала падчас візіту на Ашмяншчыну настаўніца з Мураванай Гасліны, што ў Польшчы, Беата Патыцка. Наўрад ці можна што дадаць да гэтых слоў, настолькі яны трапныя і шчырыя!

З 2014 года музей распачаў акцыю “Еднасць” па збору зямлі з мясцін, звязаных з жыццём і дзейнасцю чалавека, які свой талент праявіў ў розных навуках і галінах: хіміі, біялогіі, медыцыне, біяхіміі, педагогіцы, літаратуры, публіцыстыцы. У школьным музеі захоўваецца зараз 14 скарбонак з зямлёй, прывезенай у Кальчуны гасцямі, а таксама сабранай вучнямі. Адзін з такіх экземпляраў быў узяты ў Ашмянах, у новым мікрараёне, адна з вуліц якога носіць імя нашага слыннага земляка.

Сёння музей у Кальчунах – гэта не толькі два пакоі, аб’яднаныя трыма раздзеламі: “Наш зямляк Енджэй Снядэцкі”, “Куток этнаграфіі” і “Гісторыя школы”. Гэта вялікая пошукавая дзейнасць, праца над шматлікімі праектамі, стасункі са школьнікамі з Літвы і Польшчы, супрацоўніцтва з абласным навуковым таварыствам гісторыкаў медыцыны, раённым краязнаўчым музеем імя Францішка Багушэвіча, хімічным і медыцынскім факультэтамі Вільнюскага ўніверсітэта, музеем-галерэяй Яшунскага палаца ў Літве, Домам-музеем Адама Міцкевіча ў Навагрудку, музеем гісторыі медыцыны ў Мінску, мемарыяльным літаратурным музеем Юліуша Славацкага ў Крэменцы (Украіна), шпіталем імя Е. Снядэцкага ў Мінск-Мазавецкім…

 

Плануе і каардынуе дзейнасць музея савет, у які ўваходзяць настаўнікі і вучні школы, а таксама прадстаўнікі грамадскасці. Удзельнікі аб’яднання “Сябры музейнай справы” паспяхова ўдзельнічаюць у краязнаўчых конкурсах. Вось ужо два гады вучні школы з задавальненнем прымаюць удзел у рэалізацыі творчага праекта “Музейныя таямніцы”, накіраванага на выкарыстанне патэнцыялу музейных экспанатаў. Юныя даследчыкі разам з настаўнікамі рыхтуюць інфармацыю пра канкрэтныя прадметы альбо рэчы, змешчаныя ў фондах. Яшчэ адзін праект — “Музей у чамадане” падштурхоўвае дзяцей да знаёмства з побытам і культурай сваіх продкаў, да захавання спадчыны, якая яшчэ не страчана, а захоўваецца ў куфэрках нашых бабуль, на гарышчах, у чамаданах нашых родных.

Самым адметным, на мой погляд, з’яўляецца творчы праект Сустрэчы ў лістападзе”, які распачаўся ў 2010 годзе і стаў міжнароднай краязнаўчай гасцёўняй, прымеркаванай да дня народзінаў вучонага. Сустрэчы” сталі пляцоўкай для сяброўства і цікавай даследчай дзейнасці дзяцей і дарослых, яднання людзей розных нацыянальнасцей і веравызнання.

У гэтым годзе спаўняецца 250 год з дня народзінаў Енджэя Снядэцкага. У лістападзе Кальчунская школа гасцінна адчыніць дзверы гасцям-аднадумцам. Ізноў разляцяцца стылізаваныя крыштальныя лісткі па тых мясцінах, дзе пакінуў след наш зямляк, дзе жывуць зараз яго спаткаемцы. Мажліва, на гэты раз “цёплыя сувеніры” накіруюцца не толькі ў Польшчу, Украіну, Літву, Расію, але і даляцяць да Канады і ЗША.

Год пад знакам Енджэя Снядэцкага распачаўся навуковым мерапрыемствам у Познані, ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча. Да юбілейнай даты плануюцца сустрэчы і краязнаўчыя канферэнцыі ў Вільнюсе і Яшунах. Слыннаму вучонаму прысвяціў музычны твор польскі кампазітар Кшэсімер Дэмпскі. Фільм пра Снядэцкага зняла яго зямлячка Эмілія Садоўская. Свой унёсак у захаванне памяці пра земляка зрабілі і на Ашмяншчыне. Адноўлены помнік на магіле вучонага. Новае “адзенне” атрымаў абраз Маці Божай Гародніцкай. У школе была адкрыта памятная шыльда ў гонар нашага земляка. Выпускнік школы Аляксандр Навумчык зняў відэафільм Наш зямляк – Енджэй Снядэцкі”. Да 240-годдзя з дня народзінаў вучонага кіраўнік музея Таццяна Ягораўна Давідовіч выдала кнігу “З мінулым у будучыню” пра жыццё і дзейнасць вучонага. Гэта адзіная кніга пра Снядэцкага на беларускай мове. Не так даўно імя вучонага ўвекавечана ў назвах вуліц у Кальчунах і Ашмянах.

Таццяна Ягораўна марыць аб тым, што ў юбілейным 2018-м годзе ажыццявіцца яшчэ адна добрая справа – Кальчунская школа атрымае магчымасць насіць імя свайго земляка, які аддаў жыццё служэнню навуцы, пакінуўшы нам у спадчыну свой жыццёвы досвед, адкрыцці ў хіміі і медыцыне, парады ў выхаванні падрастаючага пакалення. Ён, хутчэй за ўсё, не задумваўся аб тым, ці ёсць межы ў Радзімы. Таццяна Ягораўна Давідовіч, збіраючы штогод аднадумцаў на міжнародную гасцёўню, таксама хоча сцерці гэтыя межы і паказаць, што ўсе мы – сыны і дочкі сваёй краіны, малой і вялікай Радзімы, якой не толькі маем права ганарыцца, але і маем перад ёй абавязак – садзейнічаць яе росквіту і захоўваць памяць аб мінулым.

Аліна САНЮК.

Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.

На здымку: Таццяна Ягораўна праводзіць заняткі з удзельнікамі аб’яднання “Сябры музейнай справы”.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Невялічкі па памерах музей у Кальчунскай школе за год наведвае каля трох тысяч чалавек. І гэта не прыцягнутая за вушы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика