«Мядзельская лыжня-2018». 21.by

«Мядзельская лыжня-2018»

14.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

РАЁННАЕ спартыўнае свята «Мядзельская лыжня-2018» прайшло ў мінулую суботу на лясной паляне непадалёку ад возера Запортава. Тут загадзя падрыхтавалі добрую лыжную трасу. Мерапрыемства арганізавалі на даволі высокім узроўні. Тэрыторыю, дзе збіраліся каманды, па-святочнаму аформілі, прыгатавалі лаўкі, каб можна было пераабуцца. Працаваў гандаль, з палявой кухні можна было пачаставацца духмянай юшкай і гарачай гарбатай. Побач сваю прадукцыю прапаноўвала «БелАсептыка». А наваколле напаўняла музыка, бы абуджаючы яго ад зімовай спячкі. Паўсюдна чуліся смех, жарты. Настрой ва ўсіх — прыўзняты.
Перад стартамі многія з задавальненнем прынялі ўдзел у акцыі «За здаровы лад жыцця», якую праводзілі супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі — урач-гігіеніст Кацярына Курачкіна і яе памочнік Святлана Даліба. Мэта акцыі — адмовіцца ад курэння. Належала забіць цвік у імітаваную цыгарэту, а за гэта атрымаць цукерку. Было б вельмі добра, каб многія пасля гэтага сапраўды кінулі курыць, пачалі актыўна займацца фізкультурай і спортам. Віктарыну на тэму «Здаровага ладу жыцця» праводзілі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і «БРСМ».
Гучыць каманда на пастраенне. Галоўны суддзя спаборніцтваў, галоўны спецыяліст аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама Леанід Шыдлоўскі рапартуе намесніку старшыні райвыканкама Іне Барыевай пра гатоўнасць каманд
да пачатку спаборніцтваў.


Адкрываючы мерапрыемства, Іна Іванаўна шчыра павіншавала ўсіх прыхільнікаў здаровага ладу жыцця са спартыўным святам, пажадала ўдачы і поспехаў.
— А перамога дастанецца, як заўсё-
ды, мацнейшым. Але можна лічыць, што вы ўсе, хто тут знаходзіцца, пераможцы! Прыемна пабачыць, што сёння сабралася шмат каманд — усе такія прыгожыя, вясёлыя, бадзёрыя! Сюды вы прыехалі, каб найперш атрымаць станоўчыя эмоцыі, актыўна адпачыць, падзяліцца ўражаннямі, — дадала Іна Іванаўна. — У добры шлях!
Галоўны суддзя спаборніцтваў Леанід Шыдлоўскі аб’яўляе парадак выхаду на лыжную трасу.
Старт дадзены. Прыемна назіраць, як дзеці імкнуцца да перамогі. Вось хтосьці ўпаў, але не разгубіўся, хуценька ўстаў — і зноў наперад. Пакуль лыжнікі праходзяць дыстанцыю, гутару з прадстаўніком Княгінінскай школы Наталляй Пуняй.
— Наталля Віктараўна, бачу, вы — у спартыўнай форме, будзеце ўдзельнічаць у спаборніцтвах? — цікаўлюся. — І ўвогуле, з якім настроем прыехалі на свята?
— Настрой цудоўны! — бадзёра адказвае яна. — Люблю хадзіць на лыжах. Калі дырэкцыя школы прапанавала паўдзельнічаць, не адмаўлялася. Не стаўлю мэту абавязкова быць першай і вызначыцца…
Вядомы алімпійскі лозунг «Галоўнае не перамога, а ўдзел» меў месца і на «Мядзельскай лыжні». Тым не менш ішла бескампрамісная барацьба за дастойны вынік.


І вось фініш. Адзін за адным перасякаюць фінішную рысу юныя спартсмены. Першай з дзяўчынак фінішавала Дар’я Кімстач.
— Ці даўно займаешся лыжнымі гонкамі? — пытаюся.
— Трэці год. Наведваю спартыўную школу.
— Што адчувала, калі першай выйшла на фінішную прамую?
— Радасць.
— Хто за цябе хварэе, падтрымлівае?
— Трэнер Анатолій Вайцехавіч Пачкоўскі, — адказвае дзяўчынка.
А тым часам на старт запрашаюцца каманды прадпрыемстваў і арганізацый раёна: Мядзельскай ЦРБ, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ-133», райПО, санаторыя «Нарачанка», раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Гучыць стартавы выстрал — і лыжная траса ў распараджэнні эстафетных троек (кожная каманда складалася з двух мужчын і жанчыны). Першы круг — і лідзіруе прадстаўнік каманды ПМС. Ён хутка перадае эстафету сваёй калезе. Імкнуцца не саступаць лідарам і прадстаўнікі каманды жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Спаборніцтвы працягваюцца…
А вось на старт выходзяць каманды сельскіх Саветаў дэпутатаў і аддзелаў райвыканкама. Бескампрамісная барацьба разгарнулася паміж прадстаўнікамі Свірскага сельсавета і аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Хто з іх выйдзе пераможцам — вызначаць суддзі. Але ніхто не палічыць, колькі на лыжні было перамог над сабой, калі недахоп фізічнай падрыхтоўкі кампенсаваўся неадольным жаданнем як мага лепш выступіць за свой калектыў.
Майстэрства, жаданне перамагчы, ды і проста паўдзельнічаць у спаборніцтве прадэманстравалі педагогі Мядзельшчыны. Калі для настаўнікаў фізічнай падрыхтоўкі лыжныя гонкі — справа вядомая, то для некаторых педагогаў яны былі даволі напружанымі. Аднак ніхто не здаўся, усе з гонарам прайшлі вызначаную дыстанцыю.
Пакуль суддзі падводзілі вынікі, вызначалі пераможцаў, мікрафон быў у распараджэнні самадзейных артыстаў, якія падрыхтавалі канцэртную праграму. Гэта надавала добрага настрою.
І зноў пастраенне. Для ўзнагароджання дзяцей запрашаюцца намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева, дырэктар спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Андрэй Малько, кандыдат у майстры спорту па біятлоне, член нацыянальнай каманды, удзельніца першынства свету па біятлоне сярод юніёраў у эстонскім горадзе Атэля, еўрапейскіх юнацкіх алімпійскіх гульняў у Турцыі Кацярына Хацяновіч.
У адкрытым першынстве па лыжных гонках на дыстанцыі два кіламетры сярод юнакоў СДЮШАР трэцяе месца заняў Мікіта Малько, другое — Антон Смолка, першае — Мікіта Малевіч. Сярод юнакоў 2003-2004 года нараджэння трэцяе месца заняў Дзмітрый Ярчак, другое — Ягор Дземяшкевіч. А на вышэйшую прыступку п’едэстала запрашаецца Ілья Багалейша. Наступная тройка пераможцаў: трэцяе месца ў Івана Гарадзецкага, другое — у Багдана Шарохі, першае — ва Уладзіслава Шарохі. А вось сярод дзяўчат трэцяе месца прысуджана Дар’і Кадушкевіч, другое — Арыне Івашкевіч, першае — Дар’і Кімстач.
Затым пачынаецца ўзнагароджанне каманд-пераможцаў «Мядзельскай лыжні-2018». Трэцяе месца заняла каманда раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, другое — РВУП «Мядзельская ЖКГ», найлепшы вынік на лыжні паказала каманда ПМС у складзе Яўгена Смольскага, Наталлі Місуны і Віктара
Каралёнка. Сярод сельскіх Саветаў дэпутатаў трэцяе месца занялі лыжнікі з Нарачы, другое — з Будслава. А прадстаўнікоў Свірскага сельсавета (Андрэя Субача, Марыну Юзафовіч і Саўлюса Наркунуса) запрасілі на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару.
У групе «С» сярод аддзелаў райвыканкама і грамадскіх аб’яднанняў трэцяе месца заняла каманда аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, другое — раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», а каманда аддзела адукацыі, спорту і турызму ў складзе Андрэя Русака, Юліі Захарэвіч і Леаніда Шыдлоўскага паказала найлепшы вынік і заняла першае месца.
Сярод каманд групы «Д» (установы адукацыі, спорту і турызму) не было роўных прадстаўнікам СДЮШАР — Андрэю Малько, Наталлі Баран і Марату Баран. А вось другую і трэцюю прыступкі п’едэстала занялі адпаведна калектывы Мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра і Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Усе прызёры былі адзначаны граматамі, а каманды, якія занялі першыя месцы ў сваіх групах, — кубкамі, граматамі і грашовымі прызамі.
— Мерапрыемства закончылася. Але спартыўнае жыццё на Мядзельшчыне працягваецца. Для гэтага створаны ўсе ўмовы, а яшчэ ёсць, як бачна, ваша жаданне і добры настрой! Думаю, што мы будзем яшчэ не раз сустракацца на зімовых, вясенніх, летніх спартыўных святах, каб даказаць, што мы выбіраем здаровы лад жыцця, — зазначыла Іна
Барыева. — Жадаю
ўсім здароўя і да новых сустрэч.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
РАЁННАЕ спартыўнае свята «Мядзельская лыжня-2018» прайшло ў мінулую суботу на лясной паляне непадалёку ад возера Запортава. Тут загадзя падрыхтавалі добрую...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика