У дзіцячай творчай майстэрні. 21.by

У дзіцячай творчай майстэрні

16.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Яркі трохпавярховы будынак у курортным пасёлку Нарач цяжка не заўважыць. Тут размяшчаецца дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці, турызму дзяцей і моладзі Мядзельскага раёна”.

Яна прадастаўляе паслугі не толькі ў курортным пасёлку. Мноства гурткоў працуе на базах школ раёна. На дадзены момант на заняткі запісана каля паўтары тысячы вучняў з усёй Мядзельшчыны. Толькі ў самім цэнтры займаецца сто пяцьдзясят чалавек. Гэта навучэнцы дзевяці гурткоў, размеркаваныя па чатырнаццаці групах, сярод якіх — танцы, фітнес, дэкаратыўна-прыкладная творчасць, экалагічны клуб «ЮНЭСКА», які наведваюць дзеці старэйшага ўзросту, і іншыя. Акрамя гэтага, цэнтр арганізуе турыстычныя паездкі па Беларусі, удзел каманд раёна ў спаборніцтвах па турызме. Летам 2017 года на базе яго працаваў дзіцячы аздараўленчы лагер “Вясёлка”. Сёлета плануецца зладзіць кругласутачны аздараўленчы лагер. Для гэтага створаны ўсе ўмовы: на трэцім паверсе цэнтра размяшчаюцца камфортныя спальні. Дарэчы, цяпер ідзе праца па падрыхтоўцы будынка да прыёму турыстаў. Як толькі будуць закончаны ўсе неабходныя работы, у цэнтры змогуць спыняцца госці Нарачанскага краю.



— Разлічваем, што на такі від паслуг будзе попыт, бо цэны ў нас вельмі дэмакратычныя, — распавядае дырэктар цэнтра Анастасія Кумішча. — А заробленыя грошы пойдуць на развіццё ўстановы. Бо праца з дзецьмі прадугледжвае не толькі “ісці ў нагу з часам”, але, у нейкім сэнсе, апярэджваць яго. Вядома, хочам развівацца, расці, фарміраваць матэрыяльна-тэхнічную базу, каб не таптацца на месцы.
Вось і цяпер у цэнтры адкрываюцца гурткі як творчага накірунку, так і спартыўнага. Анастасія Аляксандраўна толькі пачынае распавядаць, як яе перапыняе званок. Тэлефануе жанчына, яна даведалася, што ў цэнтры набіраюць групу для заняткаў фітнесам. Пробная трэніроўка прайшла днямі і замест заяўленых пятнаццаці, прыйшло адразу дваццаць чалавек.
— Гэта ўжо трэці званок, — задаволена паведамляе Анастасія Аляксандраўна. — Наогул, заняткі разлічаны на пятнаццаць чалавек — аптымальная колькасць для нашай залы. Але з такім наплывам жадаючых, мяркую, паспрабуем адкрыць яшчэ адну групу. Пробны занятак праводзілі, каб людзі разумелі, куды яны ідуць. Педагог Юлія Захарэвіч з’яўляецца майстрам спорту. Дзяўчына прыйшла да нас толькі ў гэтым годзе, але да яе адразу пацягнуліся дзеці.
Фітнес — гэта не адзінае новаўвядзенне цэнтра. Нядаўна былі набыты наборы канструктара “Лега”, а таксама спецыяльныя апараты для пескаграфіі. Таксама абнаўляецца спартыўная база, у гэтым годзе з’явіліся фіт-болы, гантэлі, закупілі дыванкі для фітнесу. У планах — эспандары, стэп-трэнажоры і многае іншае. Усё разлічана на максімальна шырокі спектр заняткаў. Асаблівы гонар — адкрыццё гуртка робататэхнікі на базе Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Заняткі вядзе Вячаслаў Саўчык.
— Ён вельмі захоплены чалавек, які сам з вялікай цікавасцю і задавальненнем працуе ў гэтым накірунку, — дзеліцца Анастасія Аляксандраўна. — Мы набылі канструктар і планшэты для праграмавання, якія будуць перадаваць сігнал па блютузу, гэта значыць — ніякіх правадоў і максімальная мабільнасць робатаў.
У цэнтры нададзена ўвага і духоўнаму выхаванню. Тут працуе гурток “Святло душы”, на якім вывучаюць гісторыю і культуру праваслаўя.
— Дзеці знаёмяцца з традыцыямі і абрадамі. Напрыклад, на Каляды нашы выхаванцы рыхтавалі невялікае мерапрыемства, на якім расказвалі вершы, спявалі песні. Яны наведалі праваслаўны храм у вёсцы Нарач, бальніцу, дзе выступалі перад персаналам і хворымі. У цэлым — яны ўліваюцца ў актыўнае грамадскае жыццё, імкнуцца быць карыснымі, — дадае дырэктар цэнтра.
Кабінеты ў цэнтры абсталяваны ўсім неабходным для правядзення заняткаў. Яны менш за ўсё нагадваюць звычайныя класы ў школах. Тут можна ўбачыць і мяккія канапы, і чайныя сервізы. Усё гэта зроблена для таго, каб было максімальна камфортна і цікава займацца.
— Нам важна, каб дзеці самі жадалі нечаму навучыцца і прыходзілі сюды з вялікім задавальненнем. Праца педагога накіравана на тое, каб выхаванцы адчувалі сябе ўтульна і маглі цалкам раскрыцца, — пераконвае Анастасія Кумішча.
Незвычайныя тут нават калідоры, на сценах развешаны карціны, выкананыя ў самых розных тэхніках — усё гэта работы вучняў цэнтра.



У кабінеце малявання знаходзяцца планшэты для пескаграфіі. Адзін з іх абсталяваны стойкай, што робіць яго мабільным. Да яго таксама можна будзе падвесці вэб-камеру, каб трансліраваць карцінку на экран, што дасць магчымасць у будучым выкарыстоўваць кабінет падчас розных выязных мерапрыемстваў. Святло апаратаў — манахромнае, цёплае, гэта значыць, яно не пашкодзіць дзіцячым вачам.
— Наш педагог Алена Зайцава будзе кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Чароўныя карцінкі”. Яна атрымала першую кваліфікацыйную катэгорыю педагога дадатковай адукацыі. Зараз у інтэрнэце велізарная колькасць розных майстар-класаў па пескаграфіі. Увогуле, было б жаданне — вучыц-
ца можна. Самае важнае, што такія заняткі не толькі развіваюць у дзяцей мастацкі погляд на свет і фантазію, але і нармалізуюць псіхаэмацыянальны стан. Мы ствараем для іх цёплую ўтульную атмасферу пры дапамозе музыкі і мяккага прыглушанага святла, сюды ж дадаюцца тактыльныя адчуванні — пясок вельмі дробны і прыемны навобмацак. Вядома, што найбольшая колькасць нервовых канчаткаў знаходзіцца ў скуры рук, таму такія заняткі з пяском актывізуюць нейронныя ўзаемасувязі паміж рэцэптарамі і карой галаўнога мозгу, — гаворыць Анастасія Кумішча.
Працы з прыроднымі матэрыяламі ў цэнтры надаецца асаблівая ўвага. Мы праходзім каля аднаго з кабінетаў, і мяне адразу ж прыцягвае пах — так пахне ў лесе пасля дажджу, мокрым дрэвам і травой. Анастасія Аляксандраўна адчыняе дзверы — і бачу, што не памылілася. Кабінет увесь застаўлены кошыкамі і вазамі з лазы. Дубцы — апрацаваныя і яшчэ толькі зрэзаныя — ляжаць пучкамі на сталах і шафах. Тут вучням выкладае лозапляценне Сяргей Чыпурко.
— Гэтыя заняткі карыстаюцца вялікай папулярнасцю. Лаза ў цэлым
удзячны, недарагі матэрыял. Адзінае — неабходна прыкласці намаганні, каб яго нарыхтаваць, але наш выкладчык дапамагае гурткоўцам на ўсіх этапах. Ён паказвае тэхніку, падказвае, як лепш працаваць, і дзеці многія рэчы робяць цалкам самастойна, — тлумачыць дырэктар цэнтра.
На першым паверсе знаходзяцца танцавальная зала з харэаграфічнымі станкамі і люстэркамі на ўсю сцяну, выставачны кабінет, які ніколі не пустуе.
— Правядзенне раённых выстаў — гэта адзін з нашых абавязкаў. Школы дасылаюць свае працы, а мы павінны адабраць лепшыя. Звычайна гэта зрабіць вельмі складана, таму што і тэхнікі выканання розныя, і ўзрост удзельнікаў неабходна ўлічваць. Лепшыя работы адбіраем для ўдзелу ў абласных этапах, — працягвае Анастасія Аляксандраўна. — Зараз праходзіць раённы этап конкурсу малюнка “Пасябраваць са спортам”, дзе вялікая частка работ прысвечана біятлону, ёсць нават партрэт Дар’і Домрачавай з подпісам “Наша — Даша”, і гэта не дзіўна, бо за беларускіх біятланістак хварэюць і дзеці.
Акрамя ўсяго іншага, цэнтр займаецца вырабам сувенірнай прадукцыі. Самыя папулярныя — знаёмыя многім наведвальнікам раённых мерапрыемстваў лялькі-падарожніцы, якія абараняюць у дарозе, і гліняныя падкоўкі на ўдачу.
— Гэта ўжо стала нашай “фішкай”. Нядаўна камплекты сувеніраў павезлі з сабой студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пятра Машэрава, так што, можна сказаць, нашы вырабы папулярныя і за межамі раёна (смяецца).



Увогуле, цэнтр больш чым апраўдвае свой дэвіз “Прыходзьце да нас, з намі весела, з намі цікава”. Хіба што хочацца дадаць, “а яшчэ пазнавальна і карысна”.
— Нам вельмі важна, каб гурткоўцы атрымлівалі ад заняткаў задавальненне, — гаворыць Анастасія Аляксандраўна. — І пры гэтым надзвычай прыемна бачыць, як яны развіваюцца. Спачатку глядзіш на іх працы — яны дзіцячыя, зробленыя са стараннем, але ўсё роўна з нейкімі памылкамі. Але чым больш яны займаюцца, тым складаней адрозніць іх вырабы ад работ выкладчыкаў. Я лічу, што, можа, не кожнаму дадзена быць вялікім матэматыкам або фізікам, але праявіць сябе ў творчасці можа кожны.
Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага
і з архіва цэнтра.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яркі трохпавярховы будынак у курортным пасёлку Нарач цяжка не заўважыць. Тут размяшчаецца дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці, турызму...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика