Главный эффект — более экономное использование древесины за счет компьютерного обмера. 21.by

Главный эффект — более экономное использование древесины за счет компьютерного обмера

21.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

img_6924
У сярэдзіне восені ў ДЛГУ “Лепельскі лясгас” пачала працаваць новая лінія па сартаванні лесу. Вось як апісвае ранейшую тэхналогію галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Курто:

— Прыбывае з дзялянкі лесавоз, гружаны сартыментам: бярвеннямі, распілаванымі па шэсць метраў. Нячаста, але бывае, што прывозяць і іншых памераў, па два — чатыры метры, аднак стандарт, як правіла, шэсць. Пад’язджае да разгрузачнай пляцоўкі. Там некалькі асобных грудаў бярвенняў. Галоўны прынцып раздзялення — таўшчыня. Скажам, танчэй за дзесяць сантыметраў у адрэзе — у першы груд, ад дзесяці да дваццаці — у другі і гэтак далей. Потым, як трэба было напілоўваць дошкі ці брусы, да адпаведнага груда пад’язджаў пагрузчык, набіраў сыравіну і вёз яе да распіловачнага цэха.
Што было дрэнна ў такой сістэме? Недакладнасць вызначэння таўшчыні бервяна. Вадзіцель лесавоза вызначаў усе параметры на вока, прыблізна. А што значыць на пару сантыметраў памыліцца? Гэта значыць, што больш драўніны пойдзе ў адходы, у пілавінне, абрэзкі, гарбылі — неапраўданыя страты.
* * *
img_0593
Спецыяліст абсалютна мае рацыю. На сёння ў эканоміцы, вытворчасці на першы план выходзіць патрабаванне эфектыўнасці. Галоўнай мерай дзейнасці з’яўляецца прыбытак, даход. А ён у сваю чаргу істотна залежыць ад інтэнсіўнасці выкарыстання сыравіны. Чым эфектыўней яна выкарыстоўваецца, чым менш адходаў, тым больш прадукцыі выпускаецца, больш выручкі, прыбытку атрымае прадпрыемства і кожны работнік у прыватнасці.
Тым больш гэты прынцып дзейсны для лесаперапрацоўчай галіны, дзе стаіць задача з максімальнай эфектыўнасцю выкарыстоўваць кожны кубаметр драўніны. Скажам, пры неэфектыўным, бяздумным распілоўванні круглага бервяна можна атрымаць тоўсты гарбыль, які пойдзе ў адходы. А пры гаспадарскім, ашчадным падыходзе можна атрымаць гарбыль зусім тонкі, з яго зрабіць яшчэ штакеціну, а адходы перапрацаваць на трэскі, якія ў далейшым накіраваць на паліва або выпуск драўнінна-стружкавай пліты.
* * *
Задача была сфармулявана максімальна дакладна — усталяваць сістэму сартавання бярвенняў з такім улікам, каб максімальна эфектыўна і хутка выбіраць і выкарыстоўваць драўніну. І каб працэс сартавання пры гэтым быў хуткім, рытмічным, каб не дапускаць прастояў абсталявання ў лесапільным цэху.
Закіпела праца. У першую чаргу спецыялісты лясгаса вывучылі вопыт калег, якія ўжо маюць падобнае абсталяванне. Гэта і вядучыя дрэваперапрацоўчыя прадпрыемствы рэспублікі, дзе можна паглядзець функцыянаванне той ці іншай сістэмы, і замежны вопыт, багата якога змешчана ў інтэрнэце. Пры аналізе ўлічваліся цана, тэрміны і ўмовы пастаўкі і мантажу, надзейнасць і рамонтапрыдатнасць, даступнасць запчастак і камплектуючых. Нярэдкія выпадкі, калі з-за прыкрай паломкі дарагое і важнае абсталяванне прастойвае па некалькі дзён у чаканні афіцыйных майстроў-рамонтнікаў. Тыя ў рэшце рэшт прыязджаюць, за гадзіну-другую рамантуюць, а потым выстаўляюць вялікія рахункі.
Пасля агляду прапаноў вырашылі спыніць выбар на прадукцыі закрытага акцыянернага таварыства “Екацярынбургскія лясныя машыны”. Суседзі-расіяне маюць багаты вопыт у лесаперапрацоўчай галіне, рэпутацыю, напрацаваную яшчэ з савецкіх часоў. Сувязі паміж вытворцамі і спажыўцамі абсталявання даўно наладжаны, беларусы добра ведаюць прадукцыю суседзяў.
Калі ўральцы займаліся пераважна “жалезам”, транспарцёрамі, электраматорамі, то праграмным начыннем — іншае прадпрыемства, таварыства з абмежаванай адказнасцю “Варонежпрамаўтаматыка”. Яны праз свае камп’ютары звязваюць абсталяванне ў тэхналагічны ланцуг, які павінен дзейнічаць надзейна, бездакорна.
Вясной мінулага года былі заключаны кантракты, стала завозіцца і манціравацца першае абсталяванне. Некалькі месяцаў працавалі спецыялісты, залівалі бетон, устанаўлівалі металічныя канструкцыі, транспарцёрныя механізмы, наладжвалі тэхналагічны працэс. У кастрычніку былі праведзены пробныя пускі, а ў пачатку года лінія сартавання выйшла на праектную магутнасць.
Зразумела, што аднамомантна прадпрыемства, нават такое паспяховае, як ДЛГУ “Лепельскі лясгас”, не зможа ўзяць значнай сумы для набыцця падобнага абсталявання. Таму скарысталіся банкаўскім крэдытам. Для абслугоўвання выбралі “БПС-Ашчадбанк”, паколькі ўстанова адначасова працуе і ў Беларусі, і ў Расіі, мае сталыя сувязі з многімі вытворцамі.
* * *
Падыходзім да сартавальнай лініі з намеснікам дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандрам Клундуком. Нас сустрэў аператар лініі Аляксей Палтарак. Якраз з дзялянкі пад’ехаў чарговы лесавоз, стаў разгружацца, тым самым з’явілася магчымасць пабачыць працу новага абсталявання ў непасрэдным дзеянні.
Лінія ўмоўна складаецца з некалькіх частак. Першая — прыёмнік-назапашвальнік лесу, вялікі бункер, куды з дапамогай маніпулятара выгружаюцца шасціметровыя бярвенні. Пяць хвілін — і разгружаная машына накіроўваецца за наступным рэйсам. Аляксей націскае патрэбныя кнопкі, запускае камп’ютар, працэс пайшоў.
З назапашвальніка сыравіна падаецца на ланцуговы транспарцёр. Этап гэты самы адказны ў працы аператара, ён павінен сачыць, каб бярвенні падаваліся па адным і, па-другое, клаліся на транспарцёр роўна, а не бокам.
— Бывала, што заказеліцца якое бервяно, тады спыняю транспарцёр, выскокваю з аператарскай, бяру лом і, як у даўнейшыя часы, ломам паварочваю яго ў патрэбны бок. Або ўвогуле адкідаю, — дзеліцца Аляксей Палтарак.
Па транспарцёры бервяно праходзіць праз спецыяльную камеру. Там стаяць два лазеры, якія, як пільныя вочы, у дзвюх плоскасцях аглядаюць-абмяраюць бервяно, вызначаючы яго самыя важныя параметры: даўжыню, таўшчыню, крывізну. Далей транспарцёр праходзіць каля 50 метраў, уздоўж яго знаходзяцца спецыяльныя стойкі-кішэні, куды і скідваецца драўніна, згодна з памерам. Крывыя бярвенні ад’язджаюць у самы край.
Цікава назіраць, як бервяно праходзіць праз абмервальную камеру, а потым, даязджаючы да патрэбнай кішэні, звальваецца з транспарцёра. Усё працуе зладжана, падпарадкавана камп’ютарнаму інтэлекту.
* * *
— Колькі каштавала гэта лінія? — пытаюся ў Аляксандра Клундука.
— Каля 800 тысяч рублёў. І то дзякуючы таму, што многія работы па мантажы і наладцы выконвалі сваімі сіламі. І аператарскі пост мы зрабілі самі, толькі падвялі сюды кабелі і ўстанавілі кантрольную апаратуру, камп’ютары, пульты кіравання. У адвародным выпадку — увесь мільён патрацілі б.
— Які эканамічны эфект чакаецца, калі, па вашых падліках, лінія акупіцца?
— Галоўны эфект — больш эканомнае выкарыстанне драўніны за кошт камп’ютарнага абмеру. Цяпер вадзіцелю не трэба быць яшчэ і сартавальшчыкам, не трэба на вока прыкідваць таўшчыню і даўжыню бервяна. Драўніна раскладзена строга па памерах. У цэх прыходзіць заяўка на пэўныя матэрыялы. Згодна з ёй камп’ютар выбірае бярвенні аптымальнай таўшчыні і даўжыні, каб утвараўся мінімум адходаў, і пагрузчык менавіта патрэбныя адвязе. Ды і працэс сартавання ідзе хутчэй. За дзень мы прапускаем да 300 кубаметраў драўніны, а максімальная магутнасць — да 500 кубоў.
* * *
— Вы працуеце на лініі больш за тры месяцы, як яе ацэньваеце? — звяртаюся да Аляксея Палтарака.
— Тэхніка чымсьці нагадвае тую, якая рабілася ў савецкія часы, мае салідны запас трываласці. Бачыце, звенні на ланцугах транспарцёра — тоўстыя, іх папросту не разарваць, падшыпнікі на колах таксама вялікія, здольныя доўга працаваць, змазкі ў іх закладваецца дастаткова. Металічныя канструкцыі таксама тоўстыя, трывалыя. Ды і якасць металу, афарбоўкі яго таксама добрая. Прастаялі канструкцыі пад адкрытым небам восень, палову зімы — іржа толькі дзе-нідзе з’явілася. З іншага боку — сучасная камп’ютарызацыя.
— А вунь тыя пяць бярвенняў чаму ляжаць убаку?
— Яны нестандартныя, — з усмешкай адказаў Аляксей, — тоўстыя занадта, у акно абмервальнай камеры не прайшлі. Знойдзем прымяненне і ім.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Аляксей Палтарак на працоўным месцы; транспарцёр сартавальнай лініі.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сярэдзіне восені ў ДЛГУ “Лепельскі лясгас” пачала працаваць новая лінія па сартаванні лесу. Вось як апісвае ранейшую тэхналогію галоўны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика