Принесла война в их семью и настоящие потери. 21.by

Принесла война в их семью и настоящие потери

21.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

img_2489
Цікава, раней далёка не кожны ведаў дакладную дату свайго нараджэння. Вось і Валянціна Мацвееўна адзначае дзень нараджэння з прыблізнай дакладнасцю. Казала маці, што нарадзілася на Тройцу. Пасля ўжо ўдалося ўстанавіць, калі тая Тройца была ў трыццаць другім годзе.
Кажуць, тым, хто на Тройцу нарадзіўся, Бог пасылае блаславенне на доўгае і шчаслівае жыццё.
Жыццё ў Валянціны Азаронак і сапраўды аказалася доўгім. Сёлета адзначыла васьмідзесяціпяцігоддзе. А вось ці стала яно шчаслівым — гэта як паглядзець. Зрэшты, чаму ж нешчаслівае!? Усё як ва ўсіх: сям’я, дзеці, працавала век свой, чужога не брала, са свайго мазаля жыла.
Праўда, як і кожнаму з даваеннага пакалення, давялося Валянціне зазірнуць у вочы вайне. Што зробіш — такая эпоха ім выпала. Вайне ў вочы зазірнула Валя дзевяцігадовай дзяўчынкай. Памятае, як паявіліся ў іх Забалацці немцы. Спыніліся ў хаце крывога дзядулі Ананія. Спыніліся, па ўсім відаць, там, дзе нехта жыў, бо многія на той час хаты пазачыняліся, а жыхары падаліся ў лес. Ім, забалацкім дзецям, няпрошаныя госці нават падабаліся. Спакойна варылі тыя сабе есці. Валянціна кажа, што прыходзілі і да іх у хату мыць кацялкі. І нават частавалі яе, малую, смачным наварыстым супам.
І толькі напрыканцы вайны нацярпелася малая страху. Было гэта ўжо, калі немцы адступалі. Маці схапіла астатніх дзяцей і падалася хавацца да сваяка на пасёлак. А Валя тым часам заснула на печы, яе не заўважылі. Прачнулася ад ляскату ў хлеўчуку і парасячага енку. Акупанты ганяліся за кабанчыкам. Малая так спалохалася, што прыхінулася да акна і заплакала, хацела ўжо шкло разбіваць ды ўцякаць. Аднак неяк усё абышлося, ніхто яе не зачапіў. Вось такой запомнілася малой вайна.
Прынесла вайна ў іх сям’ю і сапраўдныя страты. Адразу ж на пачатку баявых дзеянняў забралі бацьку на фронт. І толькі пасля вайны прыйшло паведамленне, што Мацвей прапаў без вестак. Нават фотакартачкі бацькавай не засталося. Бабуля ў вайну дзесьці прыхавала ўсе здымкі, ды так яны і не знайшліся.
Загінуў і дзядзька Кірыл, брат маці. У кожнага свой лёс. Чалавек прайшоў праз усю вайну, а загінуў пасля яе, калі пайшоў у Жыткавічах у лазню. Там разарвалася міна.
Як і большасць вяскоўцаў, пасля вайны галадалі. Валянціна нават і сцяміць не можа, чаму галадалі. Здавалася, і хата засталася цэлай — а ў іншых жа папалілі, — і гаспадарка была. А ўсё роўна елі рудзьку, шышкі травяныя. Зразумела, не было і солі. Яшчэ ў вайну не было. Маці хадзіла ў Поўсвіж абменьваць соль у немцаў на яйкі.
Чатыры класы сваёй, Забалацкай, школы Валя скончыла, а далей вучыцца і не пайшла. Чаму? Жартуе, лянівая была, вучыцца не хацела. А браты, Косця і Андрэй, вучыліся далей. Андрэй вунь зараз з вышэйшай адукацыяй, у ваенных чынах ходзіць.
А яна ўсё жыццё ў полі. Як пайшла шаснаццацігадовай з мамкаю ў калгас, так і працавала, пакуль паўвека з лішкам не споўнілася ды не адолелі хваробы. А тады, маладая, усяму ад маці вучылася. Лён рукамі рвалі, слалі, снапы абвязвалі, жыта сярпамі жалі.
Нарабілася дзяўчына за дзесяцярых. У дваццаць чатыры гады замуж выскачыла за “марака”. Так Леаніда ў вёсцы звалі, за тое, што на флоце служыў. Муж вучыўся ў школе дзясятнікаў, затым доўгія гады працаваў вадзіцелем і толькі пад старасць перайшоў у цесляры. А яна на ферме цялят даглядала, кароў даіла. Бычкоў спрытных вырошчвала, за што і прэміі добрыя атрымлівала. Пятнаццаць кароў было ў яе дойным статку. У той час, вядома, уручную даілі.
Пасля ўжо і дочкі, Надзя і Люда, даіць дапамагалі. Жылі ў хаце Леанідавых бацькоў, якую той падладзіў і дабудаваў. Садзілі агарод вялікі і, зразумела, гадавалі цэлую плойму ўсялякай жыўнасці: карову, свіней, авечак, коз. Без гэтага проста немагчыма было пражыць.
На старасці хата апусцела. Гаспадар памёр, ды і гаспадыня ўжо ў ёй не зімуе. Цяжка адной зімою ў Забалацці. Суровыя маразы перабывае ў цёплай гарадской кватэры ў Люды ў Барысаве. А ўлетку абедзве едуць у вёску на бацькаўшчыну. Дачка ўжо таксама пенсіянерка. Надзея з’ехала аж у Брацк, там завяла сям’ю, там, у Сібіры, падрастаюць ужо Валянцініны праўнукі. А тут гаспадарыць зараз Людміла, градкі саджае. Трэба ж, каб улетку на стале штосьці свежанькае, штосьці сваё было.
На васьмідзесяціпяцігоддзе гасцей да Валянціны паклікалі… суседзі. Вырашылі гэткім чынам старой сюрпрыз зрабіць. Пасля нашага візіту меліся пад вечар завітаць мясцовыя культработнікі і прама на падворку арганізаваць для бабулі імправізаваны святочны канцэрт. Заслужыла.
Кажуць, чалавек нараджаецца — каб жыць. Кажуць, на Тройцу нараджаюцца асабліва шчаслівыя людзі з Боскім блаславеннем. Дык ці шчаслівая Валянціна Азаронак? А як жа! Хіба ж гэта не шчасце — жыць на сваёй зямлі і працаваць-працаваць, расціць дзяцей, радавацца ўнукам і дачакацца праўнукаў!
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Валянціна Азаронак.
Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цікава, раней далёка не кожны ведаў дакладную дату свайго нараджэння. Вось і Валянціна Мацвееўна адзначае дзень нараджэння з прыблізнай дакладнасцю.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика