Снядзінцы ведаюць: вялікай вады не будзе. 21.by

Снядзінцы ведаюць: вялікай вады не будзе

24.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі тыдзень таму ў чарговы раз сышоў снег, занадта многа сталі гаварыць пра чаканне паводкі. Нават прагнозы ў памерах рэспублікі далі, колькі падворкаў падлягаюць падтапленню. З рэспубліканскіх газет сталі назвоньваць у Галубіцкі сельскі Савет, маўляў, прыедзем, зробім рэпартаж пра паводку. Ды старшыня Савета спыняў іх: рана, вады няма, сенсацыі не атрымаецца. Але ж нас, мясцовых карэспандэнтаў, з сабою за раку ўзяў.
Пашанцавала, што вечарам напярэдадні МНС даслала СМС-ку, што пантонная пераправа зноў працуе. Гэта скараціла наш шлях на добрую гадзіну. Дзве гадзіны праз Жыткаўшчыну, шлагбаўм у Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, статкі лебядзей і казуль, бездараж па тэхнічнай лініі нафтаправоду – і мы на месцы.

райцгіэ 439

З дзвюма скрынкамі лекаў

У той “рэйс” разам з Уладзімірам Аляксандравым рушылі фельчар Галубіцкага ФАПа Наталля Марозька і жыхарка Снядзіна Таццяна Чарняўская, якую ў гэты дзень выпісалі са стацыянара ў бальніцы. Гэта жанчына забаўляла нас дарогаю, расказваючы, як тыдзень таму муж вёў яе з гіпертанічным крызам праз раку за вяроўку – ці то тапіць, ці то на той бераг ракі перайсці, дзе забярэ “хуткая”. Адметнасць жыхароў зарэчнай зоны: любыя нязручнасці і праблемы пераварочваць у гумар.

– Калі працуе паромная пераправа ці ёсць магчымасць без рызыкі перайсці раку, у зарэчнай зоне бываю двойчы на тыдзень, – расказала па дарозе Наталля Пятроўна. – Апошні месяц і раз у тыдзень не выпадае. Бо пераправы няма ў Чэрнічах і Уладзімір Уладзіміравіч ідзе праз раку па друзлым лёдзе пешшу. А я баюся. Таму лекі перадаю праз яго на ФАП у Снядзіне. А жыхароў абслугоўвае лельчыцкая “хуткая”. Вось і сёння планую заехаць у Белін, там жанчыне наклалі ў Лельчыцах гіпс, траўму нанесла карова. Трэба праведаць.

На ФАПе Наталлю Марозька чакалі цёплыя кабінеты і яе памочніца-санітарка Людміла Буднік. Амаль кожнаму жыхару вёскі яна патэлефанавала, што прыедзе фельчар. Але жадаючых сустрэцца ўласна не знайшлося. Выклаўшы ў сейф для лекаў дзве скрынкі медыкаментаў, медработнік рушыла ў Белін.

Сродак  камунікацыі – сацыяльны работнік

Больш паўтары сотні чалавек пражывае пастаянна па той бок паромнай пераправы. У Таргашыне – 2 чалавекі, у Беліне – 5, у Мардзвіне – амаль 50. Усе – пенсіянеры вельмі паважанага ўзросту. Без дапамогі не абысціся.

Найперш сустрэліся мы з сацыяльным работнікам Іванам Рубчэўскім, на абслугоўванні якога сем чалавек, у тым ліку таргашынцы. Да гэтых двух, а летам трох чалавек, яму трэба дабірацца пяць кіламетраў. Туды і аўталаўка не заўсёды даходзіць. Таму зімою ён грузіць прадукты на санкі і цягне па сваім жа пратаптаным следзе.

– Давялося купіць гумавы касцюм, бо рыбацкія боты не заўсёды выратоўваюць, бываюць такія гады, – расказвае Іван Рубчэўскі. – Жанчына, напэўна, і не справілася б з такой дарогай. А калі чалавек састарэлы, то не толькі жаночыя рукі патрэбны ў гаспадарцы, а больш – мужчынскія. Мне і дровы ім прывезці трэба, і агароджы падрамантаваць, і ў хаце нешта падладзіць, і двары прыбраць – спраў многа. Часам даводзіцца і да парома падвезці на сваім аўтамабілі ці нават у Петрыкаў у бальніцу.

Сацыяльны работнік запэўнівае, што ўсё ў Снядзіне ідзе ў “штатным рэжыме”. За многія гады па прыкметах ужо навучыліся вызначаць, ці будзе вялікая вада. І цяпер ведаюць: вады не будзе. Рака зняла лёд – затору няма. Хіба толькі дажджы ці снегапады дададуць крыху вады, але гэта ўжо не тыя гады, як напрыклад 1979, калі па вуліцах на “амфібіях” выратавальнікі гойсалі. Спрабавалі капаць ямкі – вада не набягае, значыць, паводкі не будзе. У вёсцы пакуль толькі адну дарогу заліло, да прызб увогуле далёка.

– У тых хатах, што найбольш падтапляліся, ужо і жыхароў няма, – далучаецца да тэмы другі сацыяльны работнік Валянціна Кірыловіч. – Раней даводзілася худобу ратаваць, у кожным падворку была карова, свінні. Бульбу, іншыя запасы падымалі. У кожным двары была свая лодка. Цяпер патрэбы ў іх нашым бабулям няма. Сцежку агародам, вышэйшым месцам, пратопчам, ды і ўсе нязручнасці.

Каб толькі тураўская пераправа не падводзіла ды паром хутчэй пусцілі – усё стане на свае месцы, так мяркуюць снядзінцы. Яны звыклыя жыць каля высокай вады, у якой свой круты нораў. І раку праз прамыіны пераходзіць, лодкай лавіраваць паміж крыг – не навіна нават для жанчын. Не скардзяцца на жыццё і абставіны. Хіба толькі здзіўляюцца, што супраць гэтай стыхіі нават у 21 стагоддзі нічога не прыдумалі.

Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло: як закрылі тураўскі мост, падсыпалі дарогу па нафтаправодзе. Раней па ёй толькі на трактары можна было прабіцца гадзіны за тры, а цяпер нават некаторыя легкавікі пройдуць. І гэта акалічнасць радуе снядзінцаў. Спадзяюцца і на хуткае ўзнаўленне паромнай пераправы.

Лельчыцкі гандаль – у дапамогу

Да асартыменту снядзінскага магазіна ў мясцовых пакупнікоў нараканняў няма. Прадавец Таццяна Рубчэўская расказвае, што яшчэ загадзя з восені быў запоўнены склад таварамі працяглага тэрміну захавання. Хлеб, малако і іншыя прадукты кароткіх тэрмінаў прывозіць Лельчыцкае спажыўтаварыства двойчы на тыдзень. Яно і аўтамагазінам абслугоўвае Таргашын, Белін і Мардзвін. З Петрыкава таксама тавары давозяцца, пераадолеўшы маршрут праз Мазыр. Не блізка, накладна, але сваіх спажыўцоў не крыўдзяць. Нядаўна яшчэ давезлі гумарыя боты, нешта з бытавой хіміі.

Дамба трымае абарону

У кожны свой візіт у зарэчную зону старшыня Савета Уладзімір Аляксандраў абавязкова едзе і ў Мардзвін на дамбу. Хаця за ёй пільна сочаць супрацоўнікі ПМС, на чыім балансе яна знаходзіцца, лішнім гэта не будзе. Тут рака блізка падыходзіць да дамбы, якая не пускае яе ў вёску. Хаця, калі прыкінуць вокам, узровень талай вады каля хат крыху вышэй, чым узровень ракі за дамбай. Праўда, помпавую пакуль не ўключалі – тут ляжыць лёд, ды і да падтаплення далёка. А вада ў разорах агароду – гарантаваны ўраджай.

Памятаючы вопыт мінулых гадоў, мардзвінцы лодкі на зімоўку паклалі на дамбе вышэй. Кажуць, што цяпер сцягваць у ваду далёка давядзецца. Праўда, ёсць і тыя, каму не трываецца паспрабаваць першыя хвалі – прымайстраваўшы гумавыя лодкі на плячо, ідуць лядовым беражком да вады. Экстрэмалы!

Здалёк з дамбы і цяпер відаць паласатыя платы – адзнакі  былых падтапленняў. Некалі ў 2013 годзе і мы ўздоўж іх плылі на гумавых лодках з выратавальнікамі і валанцёрамі Чырвонага Крыжа. Нават не верыцца, што вады было так многа. Дарэчы, і цяпер раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа ўжо забяспечана гігіенічнымі і прадуктовымі наборамі для пацярпелых ад паводкі. Хаця пакуль нічога не паказвае на тое, што такія пацярпелыя будуць.

Завітаўшы ў дом той жанчыны, якой карова нанесла траўмы, сустракаемся з іншымі жыхаркамі вёскі і іх сацыяльным работнікам Марынай Марцынкевіч. Калі прыязджае ў вёску фельчар, то імкнецца пагутарыць з кожным, вызначыць ціск, уласна праверыць іх скрыначкі з лекамі. А цяпер трэба агледзець і загіпсаваную руку жанчыны.

Марыя Сальвіч не можа стрымаць слязу, бо ўпершыню за ўсё сваё працяглае жыццё засталася без каровы. Гэта не першы выпадак, калі тая, маючы буйны нораў, пабілася з гаспадыняй. На гэты раз дзеці жанчыны не сталі слухаць маці – учора вывезлі і прадалі яе карміцельку. Мардзвінкі згадалі, што больш пятнаццаці гадоў тут няма статка, гадоў пяць як гэта карова была апошняй у вёсцы. Цяпер няма ўвогуле. Сумуюць і нудзяцца старыя, калі нешта выпадае з іх звыклага ладу жыцця.

Збіраючыся ў адваротны шлях, старшыня сельскага Савета выканаў і функцыі паштальёна: каму пакет на “вялікую зямлю” перадаць, сацыяльным работнікам – справаздачы, ад каго заяўку прыняць для наступнага візіту.

Зноў 100 кіламетраў шляху паўз падтопленыя да самых прызб хаты вёсак Жыткавіцкага раёна, новы насып па пойме Прыпяці і пантонны мост са светлафорам. І мы дома, дзе бесперабойна ідуць аўтобусы, даязджаюць аўталаўкі і прыватныя гандляры са сваімі міні-базарамі, дзе няма патрэбы са спадзяваннем глядзець на раку і адкладваць важныя справы да ўзнаўлення руху парома.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота аўтара.


райцгіэ 495

райцгіэ 470

райцгіэ 462

райцгіэ 441

райцгіэ 431

райцгіэ 411

райцгіэ 409

райцгіэ 403

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі тыдзень таму ў чарговы раз сышоў снег, занадта многа сталі гаварыць пра чаканне паводкі. Нават прагнозы ў памерах рэспублікі далі, колькі падворкаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика