І абноўку пашыюць, і бялізну памыюць. 21.by

І абноўку пашыюць, і бялізну памыюць

26.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў бытавога абслугоўвання завіталі ў аграгарадок Сцяпанкі. Гаспадыня мясцовага комплекснага прыёмнага пункта Жабінкаўскага РКБА Ларыса Саўчук сустрэла шчырай усмешкай: яна заўсёды рада наведвальнікам і гатова прыняць любы заказ. Ад нас з фотакарэспандэнтам атрымала такі: расказаць пра сябе і сваю работу і паўдзельнічаць у фотасесіі.

Ларыса Мікалаеўна скончыла ў 1990 годзе прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 26 у Брэсце, атрымала спецыяльнасць краўца верхняга, мужчынскага і жаночага адзення і працавала ў розных фірмах Брэстчыны, паспяхова сумяшчаючы працу з сямейнымі абавязкамі жонкі і маці. З мужам Анатолем Ніканоравічам нарадзілі і выхавалі дзвюх дачушак: Наташу і Насцю. Дарэчы, сёлета сямейная пара Саўчукоў адзначыць сярэбранае вяселле. Але 2018-ы запомніцца не толькі гэтай юбілейнай датай. Старэйшая дачка Наталля падарыла ў лютым бацькам унучачку. Акрамя таго, роўна 10 год таму Ларысе Мікалаеўне прапанавалі пасаду загадчыка комплекснага прыёмнага пункта ў Сцяпанках. Сёння, як заўважыў дырэктар КУП па аказанні паслуг “Жабінкаўскі РКБА” Уладзіслаў Гоць, Сцяпанкаўскі комплексны прыёмны пункт з’яўляецца перадавіком у раёне сярод сельскіх КПП па аказанні паслуг, а яго загадчык Ларыса Саўчук не ўпершыню дабіваецца найлепшых паказчыкаў па выніках года.
– Цяжка нават пералічыць усе паслугі, якія тут прапануюцца, – расказвае Уладзіслаў Альфрэдавіч. – Мы прадаём прадукцыю, якую вырабляем самі і закупляем у іншых вытворцаў. На кожным КПП маюцца каталогі, дзе найбольш поўна прадстаўлены пералік паслуг і ўзоры прадукцыі, у тым ліку трыкатаж айчынных фірм “Світанак”, “Палессе”, вырабы шклозавода “Нёман”. Думаю, нават самы патрабавальны чалавек знойдзе тут неабходную паслугу і ацэніць якасць яе аказання. Адзін раз у месяц у Сцяпанкі прыязджае цырульнік Ірына Макарэвіч. Гэта высакакласны майстар сваёй справы, і чарга да яе выстройваецца заўсёды аж да ўваходных дзвярэй. А сама Ларыса Мікалаеўна не толькі прымае розныя заказы, але і шые адзенне, ажыццяўляе яго дробны рамонт.
– Людзі звяртаюцца з рознымі просьбамі, – дзеліцца Ларыса Саўчук, –
адрамантаваць адзенне ці абутак, мэблю, заказаць агароджу, пашыць кашулю ці блузку, карыстаецца попытам пашыў коўдраў. Ведаеце, праца ў сферы абслугоўвання і цікавая, і складаная адначасова. Стараемся выконваць усе пажаданні кліентаў, каб яны былі задаволеныя. Жыхары Сцяпанак і суседніх вёсак наведваюцца да нас, каб купіць што-небудзь з адзення, пасцельнай бялізны, посуду. Часам вяскоўцы проста “на агеньчык” заходзяць: завіталі, пагаварылі, глядзіш – што-небудзь дый купілі ці заказалі. Колькасць наведвальнікаў розная, у сярэднім чалавек восем за дзень. Раней, канечне, людзі рабілі заказаў намнога больш.
Але нават у сённяшніх няпростых эканамічных умовах Сцяпанкаўскі КПП выконвае і перавыконвае планы па рэалізацыі паслуг.
– А яны даводзяцца нават на рытуальныя паслугі, – сумна ўсміхаецца Ларыса Мікалаеўна. – За студзень бягучага года план па іх быў выкананы на 210 працэнтаў. Жыццё ёсць жыццё, нічога не папішаш. Але давайце лепш пра больш “вясёлыя” паказчыкі. Калі браць мінулы год, то наш комплексны прыёмны пункт выканаў план крыху больш, чым на 112 працэнтаў. Найбольшая ўдзельная вага ў ім індывідуальнага пашыву адзення, цырульніцкіх паслуг і рэалізацыі жалезабетонных вырабаў. Сёлета людзі часцей звярталіся, каб адрамантаваць абутак, здаць адзенне ў хімчыстку, заказаць яго пашыў і рамонт, зрабіць заказ на наматрацнікі.
Застаецца дадаць, што калектыў КПП аграгарадка Сцяпанкі неаднойчы ўганароўваўся дыпломамі за перамогу ў абласных аглядах-конкурсах на лепшы сельскі комплексны прыёмны пункт. Так трымаць, і ўзровень абслугоўвання павышаць, і заказы не губляць, і ў новых конкурсах перамагаць!

 

Паважаныя работнікі і ветэраны бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі!
Прыміце шчырыя віншаванні з нагоды вашага прафесійнага свята.

Зладжанай працай шматфункцыянальных службаў ЖКГ і бытавога абслугоўвання забяспечваюцца ўтульнасць і цяпло ў дамах, добраўпарадкаванне і чысціня двароў і вуліц, бесперабойная праца прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна.
Ваша праца – неад’емная частка добрага самаадчування і настрою жабінкаўцаў, гарантыя грамадскага спакою і стабільнасці.
Упэўнены, што ваш прафесіяналізм, уважлівае стаўленне да людзей, асваенне новых формаў працы і далей будуць спрыяць вырашэнню многіх няпростых задач, якія стаяць перад галіной. Жадаем усім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, прафесійных поспехаў.

Раённы Савет дэпутатаў.
Раённы выканаўчы камітэт.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК. Напярэдадні прафесійнага свята работнікаў бытавога абслугоўвання завіталі ў аграгарадок Сцяпанкі. Гаспадыня...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика