Спявай, душа! Цымбалы, грайце!. 21.by

Спявай, душа! Цымбалы, грайце!

26.03.2018 11:06 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Калі музыка ўваходзіць у жыццё чалавека, яна робіць яго больш яркім, больш дасканалым, больш цікавым. З гэтай думкай лёгка пагодзяцца вучні і выпускнікі Камянецкай дзіцячай школы мастацтваў, якія зусім нядаўна ў чарговы раз бліснулі сваімі талентамі на двух абласных конкурсах.

У Гарадзішчы (Баранавіцкі раён) юных аматараў спеваў сабраў I адкрыты абласны дзі­цячы конкурс ансамбляў “Музычная капель”. Гэтыя вясновыя спаборніцтвы не змаглі прапусціць і таленавітыя камянецкія дзяўчаткі, з’яднаныя ў вакальны ансамбль пад кіраўніцтвам Ганны Грушэўскай. 5 выпускніц школы мастацтваў і 2 вучаніцы (Аляксандра Кавашэвіч, Ангеліна Неплах, Паліна Міхалюк, Анастасія Яноўская, Лізавета Сухарослава, Ганна Кузько, Анастасія Босак) выканалі без музычнага суправаджэння беларускую народную песню ў апрацоўцы Барыса Кажэўнікава “Рэчанька”.

Выступленне так уразіла журы, што ансамблю быў уручаны не толькі Дыплом I ступені ў намінацыі “Вакальная музыка без фанаграмы” (узроставая група “D”) і сімвалічны скрыпічны ключ, але і асобны Дыплом за захаванне і развіццё традыцый беларускай народнай песеннай культуры. Акрамя таго, дзяўчаты атрымалі ў падарунак навушнікі.
У Пінску ж тым часам адбыўся абласны тур VIII Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Жыновіча. Дыплом 3 ступені ў намінацыі “Цымбалы” (сярэдняя падгрупа) атрымала Аліна Лук’янчук. Разам з канцэртмайстрам Таццянай Пацяйчук (фартэпіяна) яна выканала твор: Вагнэра (абавязкова), “Белавежскую пушчу”, народную п’еску “А я по лугу” і канцэрт Вівальдзі. У зале дзяўчынку падтрымлівала яе педагог Наталля Неўдах, якая падабрала праграму выступлен­ня так, каб юная цымбалістка гарма­нічна глядзелася ў ёй.


– Калі вучаніца выходзіць на сцэну, я заўсёды адступаю. Пакідаю яе сам-насам з канцэрт­майстрам, – расказвае настаў­ніца. – З Таццянай Пацяйчук нам вельмі пашанцавала, яна дапамагае Аліне данесці да слухача ідэю твора.
Неабходна адзначыць, што музыкай дзяўчынка пачала займацца даволі позна, вучыцца цяпер у 5 класе школы мастацтваў і пастаянна радуе свайго педагога. За яе спінай – таксама і паспяховы ўдзел у абласным конкурсе выканаўцаў на народных інструментах “Пралескі”.
– Цудоўная дзяўчынка! – гаворыць Наталля Неўдах пра Аліну. – Дарослая не па гадах у музычным плане. Сур’ёзна адносіцца на навучання музыцы, працуе правільна, граматна, па 2-3 гадзіны іграе дома. Бе­зу­моўна, тут не абышлося без падтрымкі бацькоў і бабулі, якая ў асаблівым захапленні ад музычнай адоранасці ўнучкі. Да­рэчы, у сям’і Лук’янчукоў аматарам ігры на цымбалах з’яўля­ецца і зусім маленькі брат Аліны. Дзяўчынку, на шчасце, не “з’я­даюць” сучасныя тэхналогіі. Увесь мой клас з 16 чалавек – проста цудоўны! – не “завісае” бясконца ў сваіх тэлефонах.

У будучыні, дарэчы, Аліна Лук’­янчук плануе паступаць у Брэсцкі музычны каледж імя Шырмы. У яе ёсць талент, цудоўны педагог побач, застаецца прыкласці толькі старанне…

P. S. За дапамогу ў арганізацыі паездак на конкурсы ўдзельнікі дзякуюць начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалаю Громіку, а таксама дырэктару школы мастацтваў Мікалаю Краў­чынскаму – за падтрымку і ўвагу да юных талентаў.

Настасся НАРЭЙКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі музыка ўваходзіць у жыццё чалавека, яна робіць яго больш яркім, больш дасканалым, больш цікавым. З гэтай думкай лёгка…
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика