Вуліцы – твар Жабінкі. 21.by

Вуліцы – твар Жабінкі

26.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.
Яны выходзяць на працу ў 6 гадзін раніцы, круглы год і ў любое надвор’е. Ад іх залежыць, якой Жабінка паўстане штодзень перад мясцовымі жыхарамі і турыстамі. Яны любяць сваю працу і ганарацца тым, што робяць наш горад чысцейшым і прыгажэйшым. Пра свае працоўныя будні расказала прыбіральшчык тэрыторый участка “Сан-ачыстка і добраўпарадкаванне” Жабінкаўскай ЖКГ Зінаіда Ранько, якая сёлета занесена на Галерэю працоўнай славы раёна.
Зінаіда Аляксандраўна родам з вёскі Кіраў Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці. У школу хадзіла ў Нароўлі і скончыла навучальную ўстанову ў 1981 годзе. Затым вучылася ў школе бухгалтараў у Мазыры, пасля чаго вярнулася ў родны раён і працавала па спецыяльнасці на Нараўлянскім заводзе гідраапаратуры.
Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС Зінаіда Аляксандраўна з сям’ёй перасялілася ў Брэсцкую вобласць. Жылі спачатку ў Бярозе, потым пераехалі ў Жабінку. Зінаіда Ранько ўладкавалася маляром-тынкоўшчыкам. Спецыяльнай будаўнічай адукацыі не мела, таму новы навык давялося асвойваць ужо падчас працы.
З 2004 года Зінаіда Аляксандраўна працуе ў Жабінкаўскай ЖКГ прыбіраль-шчыкам тэрыторый. Сёння яе ўчастак – частка вуліцы Кірава. Жанчыне падабаецца знаходзіцца на свежым паветры. З гэтай прычыны, упэўнена Зінаіда Ранько, яна радзей хварэе.
На сваім участку жанчына падтрымлівае ідэальны парадак. Працы хапае ў кожную пару года. Узімку трэба пасыпаць лёд спецыяльнай пясчанай сумессю, пачысціць дарожкі, дзе-нідзе прыбраць снег. Увесну даводзіцца зграбаць рэшткі леташніх раслін з газонаў і клумбаў. Улетку людзі шмат часу праводзяць на вуліцы, а таму пакідаюць больш смецця. Увосень асноўная задача Зінаіды Аляксандраўны – прыбіранне апалага лісця.
Усяго брыгада жабінкаўскіх прыбіральшчыкаў тэрыторый налічвае 20 чалавек. Кожны з іх адказвае за чысціню на сваім участку. Акрамя таго, калі неабходна, прыбіральшчыкі беляць бардзюры і дрэвы, фарбуюць платы і агароджы. Раней, калі ў ЖКГ яшчэ не было кветкавода, яны таксама садзілі і палолі кветкі.
Зінаіда Аляксандраўна часта ацэньвае суседнія гарады сваім прафесійным поглядам і ўпэўнена, што ў Жабінцы чысцей і ўтульней, чым у многіх іншых месцах. “Пагадзіцеся, прыемна, калі ідзеш па нашым горадзе, а ён чысты, у квецені. Я ўвесь час бываю на вуліцах Жабінкі і ведаю, што людзі сустракаюцца розныя. Адным хапае выхаванасці не смеціць, а іншым лянота прайсці некалькі крокаў да урны. Але ж вуліцы – гэта твар горада. Іх стан адлюстроўвае ўзровень культуры мясцовых жыхароў”, – упэўнена Зінаіда Ранько.
Жанчына даўно жыве ў Жабінцы і бачыць, як горад мяняецца з часам. Сёлета, напрыклад, яе захапіла прыгажосць гарадской навагодняй ёлкі. Зінаіда Аляксандраўна спадзяецца, што Жабінка неўзабаве стане яшчэ больш сучасным горадам, з’явяцца новыя аб’екты для адпачынку і вольнага часу дзяцей і моладзі. “Хочацца, каб у мясцовых жыхароў і гасцей раёна быў выбар, дзе адпачыць, паесці, правесці вольны час”, – дадае жанчына.
Дарэчы, калі ў самой Зінаіды Аляксандраўны з’яўляецца вольная хвілінка, яна займаецца вязаннем. У яе цёплых шкарпэтках ходзіць палова брыгады прыбіральшчыкаў тэрыторый Жабінкаўскай ЖКГ. Любіць жанчына і папесціць сваіх родных свежай дамашняй выпечкай і смачнымі тортамі.
Адносіны з калегамі ў Зінаіды Аляксандраўны склаліся цёплыя, сяброўскія. Напярэдадні Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які сёлета адзначаецца 25 сакавіка, яна жадае ім поспехаў, удачы і моцнага здароўя.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара. Яны выходзяць на працу ў 6 гадзін раніцы, круглы год і ў любое надвор’е. Ад іх залежыць, якой Жабінка паўстане штодзень перад...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика