Бязвінныя ахвяры фашызму. 21.by

Бязвінныя ахвяры фашызму

28.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На мінулым тыдні споўнілася 75 гадоў Хатынскай трагедыі. У сакавіцкія дні 1943 года нацысцкія каты па-варварску, бязлітасна і бесчалавечна знішчылі беларускую вёску разам з усімі яе жыхарамі. Загінулі 149 чалавек, з якіх 75 — дзеці.

Жудасная лічба 9 093 стаіць на галоўнай старонцы электроннай базы даных (db.narb.by) Нацыянальнага архіва Беларусі, дзе ўтрымліваюцца звесткі пра спаленыя фашыстамі ў час Вялікай Айчыннай вайны беларускія вёскі — поўнасцю і часткова, з насельніцтвам і без жыхароў. І гэта лічба пастаянна павялічваецца, бо праца па ўдакладненні сумнага спіска не спыняецца.

…Ішоў другі год вайны. У лясах Браслаўшчыны з’явіліся першыя партызанскія атрады і групы. Яны пачалі непакоіць акупантаў. А фашысты ўсклалі адказнасць за дзейнасць партызан на жыхароў мясцовых вёсак.

У лістападзе 1942 года пачалася першая карная экспедыцыя, маршрут якой праходзіў ад Браслава на Замошша, Рэпаўшчыну, Стайкі, Жураўшчыну і далей па тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна.

Першай запалала Рэпаўшчына. У пякельным агні загінулі 92 жыхары гэтай вёскі.

«…Нямецкія салдаты заходзілі ў кожную хату, выганялі ўсіх і пад канвоем вялі ў адзін з дамоў. Калі дзверы зачыніліся звонку, людзі адчулі нядобрае. Раптоўна прагучаў загад на польскай мове: «Шэсць чалавек выходзь». Выйшаў і я, адразу пабег, — узгадвае мясцовы жыхар Канстанцін Пупін.— Раздаліся стрэлы. Я ўжо пералязаў праз плот з дротам, але зачапіўся адзеннем за калючкі. На нейкае імгненне павіс. Карнікі думалі, што забіты, і спынілі стральбу. Спачатку было адчуванне смерці, але зразумеў — жывы. Адшпіліў гузік паліто і зваліўся ўніз. Падняўся і пабег у высокі быльнік. Ён і выратаваў…»

Жудасная трагедыя напаткала і в. Лабэцкія. У лютым 1943 года, пасля таго, як, па адной версіі, немцам стала вядома, што вяскоўцы па чарзе хавалі ў сябе старога яўрэя, па другой — за сувязь з партызанамі, атрад Опсаўскага гарнізона акружыў вёску, сагнаў людзей у хату і спаліў. Карнікі тады знішчылі 28 чалавек — дзяцей, жанчын і старых. Выжылі тры хлапчукі, якія ўцалелі толькі цудам.

З успамінаў Казіміра Станкевіча, якому тады было 11 гадоў:

«Марозная лютаўская раніца… У печы патрэскваюць дровы, маці пячэ бліны, а мы, васьмёра малых, сядзім на печы, чакаючы сняданак. З грукатам адчыніліся дзверы, на парозе — фашысты з аўтаматамі. Мы спалохаліся, але не адчулі, што здарыцца нешта страшнае. Загад быў кароткі: усіх павыганялі на двор. У мітусні маці паспела схаваць пад нейкую адзежу дзевяцімесячнага браціка Войцеха. На нас пазіралі дулы кулямётаў. Дзвюх маленькіх сястрычак і старэйшага брата скасілі кулі.

Утраіх кінуліся да бліжэйшага хмызняка. Наўздагон секанула кулямётная чарга. Параніла малодшага брата, але ён здолеў дабегчы з намі да в. Таўкіні. Там нас схавалі. Старэнькая Алена Ядзяла перавязала сямігадоваму Януку рану. Так мы засталіся жывыя».

Да сённяшняга часу ні Рэпаўшчына, ні Лабэцкія так і не аднавіліся…

Усяго на Браслаўшчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны знішчаны з часткай насельніцтва і разам з усімі жыхарамі 74 вёскі. Найбольш людзей загінула ў Стайках, Баравых і Казянах, дзе ў лістападзе 1942 г. карнікі спалілі 196 чалавек.

■ Алена ПЯТУШКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На мінулым тыдні споўнілася 75 гадоў Хатынскай трагедыі. У сакавіцкія дні 1943 года нацысцкія каты па-варварску, бязлітасна і бесчалавечна знішчылі беларускую...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика