Брыльянты на стужцы жыцця: Станіслава і Генрык Кахновічы разам ужо 60 год. 21.by

Брыльянты на стужцы жыцця: Станіслава і Генрык Кахновічы разам ужо 60 год

29.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Брыльянт – ці не самы цвёрды з каштоўных камянёў і надзвычай прыгожы. Магчыма, менавіта таму значны адрэзак сумеснага жыцця мужчыны і жанчыны – 60 год – у народзе называюць брыльянтавым вяселлем. Гэты шыкоўны юбілей адзначаць заўтра ўраджэнцы Шчучыншчыны Станіслава Станіславаўна і Генрык Феліксавіч Кахновічы. 

Тут радзіма і радзіна
Больш за паўстагоддзя таму Станіслава Серахан і Генрык Кахновіч далі абяцанне перад людзьмі і Богам заўжды быць разам. І стрымалі яго.
– Распісаліся мы 29 сакавіка 1958 года ў Лядскім сельсавеце, – прыгадвае Станіслава Станіславаўна. – А павянчаліся ў мясцовым касцёле 6 красавіка, акурат на Вялікдзень. І не заўважылі, як птушкай праляцела ў радасцях і турботах столькі год...
Абое з’явіліся на свет у мнагадзетных і працавітых сем’ях. Жылі па-суседску: Стася ў вёсцы Догі, а Генрык за нейкіх паўкіламетра ад яе – у Кулаках. «На сустрэчу да мяне на ровары ездзіў», – усміхаецца жонка. “А які прыгажун быў!», – падхоплівае добразычлівы тон гутаркі муж.
У шчырай размове хваляй накацілі ўспаміны. Як пасля жаніцьбы малады муж пайшоў служыць у армію, а яго палавінка засталася ў доме свекрыві і свёкра. Як потым, жывучы на здымнай кватэры, разам планавалі, дзе будуць віць сямейнае гняздо. Як, атрымаўшы зямельны ўчастак у Шчучыне, пачалі будаваць дом. Гэта важная справа, кажуць, з’яднала як нішто іншае. На той момант на руках ужо былі дачушка-першынец Маша і яе маленькая сястрычка Людачка. Між тым іх матуля, дагледзеўшы дзяцей і натупаўшыся на кухні, станавілася на будоўлі ўпоравень з мужам і працавала да мазалёў: падавала матэрыялы, шліфавала падлогу, забівала цвікі на даху... «Бывала, атрымаем палучку – усё ў хату. Ніякай смакаты сабе дазволіць не маглі», – распавядае Станіслава Станіславаўна. «У маі заклалі фундамент, а ў пачатку восені ўжо засяліліся ў адзін з пакояў, – дадае гаспадар. – Знаёмыя не верылі, што мы самастойна асілілі будоўлю. Казалі: «Напэўна, вы мелі добрыя запасы». А з запасаў на той момант у Кахновічаў былі толькі маладыя сілы ды вялікае жаданне годна жыць ва ўласным доме і гадаваць сваіх дзяцей.



Ад Суворава да Шчорса. 
Праз вуліцу Гастэлы

На вуліцы Суворава, 26 Кахновічы пражылі 50 год. А тры гады таму Станіслава Станіславаўна і Генрык Феліксавіч па просьбе дзяцей прадалі сядзібу і пераехалі ў Гродна. Цяпер «маладыя» жыхары абласнога цэнтра асталяваліся на вуліцы Шчорса – у камфортнай трохпакаёўцы, акружаныя ўвагай і любоўю дачок і іх сем’яў. Але сэрца ўсё адно часам падае сігналы-напаміны пра родны кут, дзе так шмат пражыта і перажыта. «Я часта тэлефаную сваім шчучынскім знаёмым і пытаюся: «Што робіцца на нашай вуліцы?», – прызнаецца жанчына.
На вачах гэтых людзей райцэнтр рос і прыгажэў, павышаў сваю статуснасць. Кожны яго куток пройдзены імі ўздоўж і ўпоперак. Асаблівы след застаўся на шляху ад вуліцы Суворава, 26 да вуліцы Гастэлы, 5, дзе знаходзіцца рэдакцыя газеты, а яшчэ не так даўно мясцілася і друкарня. Трыццаць восем з палавінай год гэты будынак быў месцам працы для Станіславы Станіславаўны і сорак год – для Генрыка Феліксавіча.
– Першым рабочым днём для мяне стала 5 сакавіка 1963 года, – успамінае Г.Ф. Кахновіч. – Пайшоў раніцай на працу ў валёнках, а вяртаўся дамоў па разводдзі... Пачынаў з рэзчыка паперы, быў друкаром, брыгадзірам участка, майстрам – калі друкарню вывелі з падпарадкавання рэдакцыі і зрабілі падраздзяленнем абласной друкарні, зноў станавіўся да станка і выдаваў у свет газету... Усе змены і ў калектыве, і ў друкарскіх тэхналогіях адбываліся на вачах і з маім удзелам.
У жонкі – свае ўспаміны. Першым і адзіным яе месцам працы стала рэдакцыя раённай газеты. Старанная і адказная работніца карысталася павагай у калектыве. За тры дзесяцігоддзі з гакам змянілася ажно чатыры рэдактары, а Станіслава Станіславаўна так і заставалася на сваім працоўным пасту. Цяжка даводзілася на першых парах: уставала ў 3-4 гадзіны раніцы, каб да прыходу супрацоўнікаў выпаліць 9 печак і нанасіць вады, навесці парадак на двух паверхах... А потым трэба было бегчы дамоў, выправіць дзяцей у школу, управіцца па гаспадарцы (гараджане Кахновічы трымалі дзвюх кароў, свіней і птушку, садзілі агарод і «соткі») і а дзясятай гадзіне зноў быць на працы – прынесці пошту... Спраўлялася са ўсім.
У сям’і – добры працяг
Сёння муж і жонка з цеплынёй успамінаюць людзей, з якімі працавалі поплеч. А таксама радуюцца, што іх шлюб атрымаў сертыфікат якасці і што галоўнымі брыльянтамі на зямным шляху сталі прадаўжальнікі іх працавітага роду. Даўно называюць людзі па імені і імені па бацьку старэйшую дачку Кахновічаў. Марыя Генрыхаўна Жук з адзнакай скончыла ўлікова-планавы тэхнікум Белкаапсаюза, потым дзве ВНУ – мае дыпломы Маскоўскага кааператыўнага інстытута і Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У свой час здольная і мэтанакіраваная жанчына навучалася ў аспірантуры ГрДУ імя Я. Купалы на кафедры крымінальнага права, працэсу і крыміналістыкі, абараніла кандыдацкую дысертацыю. Узнялася па службовай лесвіцы ад выкладчыцы да дэкана юрыдычнага факультэта. А з 2008 года яна працуе дырэктарам УА “Гродзенскі гандлёвы каледж» Белкаапсаюза, разам з тым не пакідае работу на юрфаку. М.Г. Жук – аўтар звыш 100 навуковых і метадычных работ. 
Бацькі сочаць за поспехамі сваёй Машы і вельмі ганарацца ёю. Як, дарэчы, і малодшай дачкой Людмілай, паслужны спіс і аўтарытэт якой не меншы. Цяпер Людміла Генрыхаўна Трыпуцень (за яе плячыма гандлёвы тэхнікум і Адкрыты Маскоўскі дзяржуніверсітэт, дзе яна атрымала спецыяльнасць менеджара) – вызвалены старшыня прафсаюзнага камітэта УП “Цветліт» ГА «БелТГ». На гэтай пасадзе яна ўжо шмат год, а гэта значыць, заслужыла давер у людзей.
Станіслава Станіславаўна і Генрык Феліксавіч вельмі задаволены, што побач з іх дочкамі дастойныя і надзейныя спадарожнікі жыцця: разумныя, гаспадарлівыя, масцеравыя Валерый Канстанцінавіч і Уладзімір Барысавіч. Знайшлі сваё месца ў жыцці ўнукі Дзмітрый і Алена. Выхаваныя і адукаваныя маладыя людзі, стварыўшы свае сем’і, пашырылі сваяцкі круг Кахновічаў. І ўсе разам, у тым ліку праўнук Сяргей, праўнучкі Саша і Даша, акружылі старэйшых прадстаўнікоў свайго роду бязмежным клопатам і любоўю. «Усе яны жывуць у Гродне, маюць уласнае жыллё і дастатак, вельмі дружныя. На 8 Сакавіка з’ехаліся да нас, падарункаў навезлі, стол накрылі», – радуецца Станіславаўна. І расказвае, як родныя з іх амаль што пылінкі здуваюць, пра здароўе турбуюцца, ад любога негатыву аберагаюць. А яшчэ даюць магчымасць атрымаць асалоду ад таго, што блізка сэрцу: адвозяць на службы ў касцёл, а з наступленнем цёплых дзён пасяляюць на дачы, што для пажылых бацькоў (маме сёлета споўніцца 80, а бацьку – 82) і былых гаспадароў уласнага дома – бы бальзам на душу. “Я ўжо перцаў і памідораў насеяла”, – дзеліцца Станіславаўна, паглядваючы за акно, дзе набірае сілы яшчэ адна прыгожая, «брыльянтавая» для іх з мужам вясна.
Мае субяседнікі шчыра прызнаюцца, што да юбілею сумеснага жыцця яны ішлі і па гладкай дарозе, і праз выбоіны, але заўжды захоўвалі ўзаемныя давер, клопат, павагу і вернасць у адносінах. Гэтаму вучаць і малодшых.
Надыхацца родным паветрам...
Гаспадыня праводзіць мяне пра прасторнай і ўтульнай кватэры. Сярод сучаснай мэблі заўважаю чатыры крэслы, яўна, з іншай эпохі. «Некалі на маю першую зарплату куплены, – тлумачыць гаспадар. – Ім ужо 50 год». Крэслы – з таго нешматлікага скарбу, што ўзялі з сабой пры пераездзе з роднага дома. І ад таго гэта вельмі дарагія для мужа і жонкі рэчы.
Праводзячы мяне да дзвярэй, Кахновічы наказалі перадаць прывітанне Шчучыну і жыхарам вуліцы Суворава. «Цягне туды», – сарвалася з вуснаў у Феліксавіча. Станіславаўна згодна кіўнула галавой... Дарэчы, дзеці прывозяць бацькоў на сустрэчу з родным горадам, сваякамі і знаёмымі. Надыхаўшыся родным паветрам, яны, здаецца, маладзеюць і набіраюцца жыццёвых сіл. Хай жа будзе так яшчэ доўга! Сто лят Вам, шаноўныя!
Таццяна ПАЛУБЯТКА. 
Фота аўтара. 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Брыльянт – ці не самы цвёрды з каштоўных камянёў і надзвычай прыгожы. Магчыма, менавіта таму значны адрэзак сумеснага жыцця мужчыны і жанчыны – 60 год – у народзе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика