Не проста повар. Майстар . 21.by

Не проста повар. Майстар

30.03.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ала Дамашчук
Расповед пра гэту жанчыну хочацца пачаць з яе ўдзелу адразу ў раённым кулінарным конкурсе «Бабуліны прысмакі», дзе ветэран працы Ала Васільеўна Дамашчук заняла прызавое месца ў намінацыі «Халодныя закускі», а затым і абласным. Бо і тут крупчанка вызначылася ў намінацыі «Ветэранскія пірагі» і ёй прысуджана ІІ месца.

Да ўсіх конкурсаў жанчына рыхтавалася дасканала. Загадзя спланавала, якія стравы будзе гатаваць, падбірала інгрэдыенты, прадумвала ўпрыгожванні. У прыватнасці, на раённы конкурс яе столік займалі посныя стравы: салата «Вітамінная», шчупак фаршыраваны, расцягаі, клёцкі, вушкі, дэсерт «Ягаднае жэле», квас хатні. А вось што расказала нам Ала Дамашчук, калі прыехала з абласнога кулінарнага конкурсу і мы завіталі ў яе дом. Яна прадэманстравала прыгожа аформленую паштоўку з тэкстам прэзентацыі:

– Я прадстаўляю невялікі, але вельмі ўтульны, гасцінны куточак Крупшчыны – горад Крупкі. Сваё выступленне пачну з галоўнага: «Хлеб усяму галава». Вось і на маім стале ганаровае месца адведзена караваю, які сведчыць аб нашай гасціннасці. На ім адлюстравана сімволіка Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў – серп, молат і зорка ў акаймленні дубовага лісця, што азначае сілу згуртавання ветэранаў усіх катэгорый, а таксама развіццё і ўмацаванне адзінства ветэранскага руху.

І тут да месца заўважыць, што кулінарны конкурс у сталічным рэгіёне праходзіў 20 сакавіка. Таму Ала Васільеўна працягвала:

– На вуліцы адчуваецца пах вясны і высока ў небе мы чуем песню жаўрукоў. Гэтыя птушкі – прадвеснікі вясны і хрысціянскага свята сарака Севасційскіх пакутнікаў, які адзначаецца 22 сакавіка. Лічылася, што да гэтага дня прылятаюць 40 выраяў, нібы 40 душаў гэтых святых. У народным календары свята называецца Саракі. Па старадаўняй традыцыі ў гэты дзень з цеста ляпілі і выпякалі не менш 40 жаўрукоў. Вось і ў мяне вы бачыце такіх цудоўных пеўчых птушак. Часта ўспамінаю, як у дзяцінстве разам з мамай, старшымі сёстрамі і братамі, а нас у сям’і было дзесяць, сваімі дзіцячымі ручкамі мы ляпілі такіх птушачак. Тыя цудоўныя часы грэюць душу і сэрца. Цяпер выпечкай я займаюся са сваімі ўнукамі. Спадзяюся, што яны таксама будуць успамінаць гэтыя хвіліны.


Далей Ала Васільеўна нагадала, што вясной прылятаюць таксама гусі і качкі. І прадставіла на суд журы духмяную і сочную фаршыраваную качку. Прэзентуючы шчупака фаршыраванага, гаспадыня расказала, што дзяцінства правяла ў вёсцы, бачыла, як вясной вада выходзіла з берагоў, якімі прыгожымі станавіліся заліўныя лугі. І ў яе быў свой ручаёк, у якім яны, дзеці, рукамі лавілі маленькіх рыбак. А дома іх смажылі, варылі юшку, тушылі з гароднінай.

– Ну а як жа вясной можна абысціся без салаты? – зазначыла Ала Дамашчук. – Салата «Вітамінная» – гэта проста, смачна і карысна, і што важна – танна. Так-так, усе кампанены я вырасціла на сваім агародзе. Грыбочкі, якія збіраць адно задавальненне, таксама нарыхтавала сама, бо жыву ля самага лесу. І намарозіла іх, і насушыла – хапіла на ўсю зіму. Вось і салату згатавала. А як усё атрымалася? Паглядзіце, паспрабуйце і ацаніце.

І кампетэнтнае журы ўсе стравы ацаніла па заслугах. Асабліва каравай, за які ветэран працы атрымала Ганаровую грамату і каштоўны падарунак. За клопат, увагу і спонсарскую дапамогу яна шчыра дзякавала раённаму савету ветэранаў і райспажыўтаварыству.


Падчас сустрэчы Ала Васільеўна цёпла гаварыла аб сваёй малой радзіме – вёсцы Рубеж, якая вядома з 18 стагоддзя. Аказваецца, што ў 1800 годзе гэты засценак быў ва ўладанні Халопеніцкага дамініканскага касцёла. Затым вёска Рубеж знаходзілася ў Халопеніцкім раёне Барысаўскай акругі, у Крупскім раёне, а зараз у Траянаўскім сельсавеце Барысаўскага раёна.

– Прама за нашымі агародамі стаяла драўляная Ільінская царква, якая была пабудавана ў 1868 годзе, – успамінала Ала Васільеўна. – Дзецьмі мы бегалі і ўбіралі ў ёй. Цяпер на гэтым месцы стаіць крыж, і мы штогод на свята прарока Іліі абавязкова прыязджаем у Рубеж, ладзім фэст, сустракаемся з аднавяскоўцамі. А сёлета нашаму храму спаўняецца 150 гадоў. Наогул, зараз у мяне больш вольнага часу і я прысвяціла сябе Богу, хаджу ў царкву Свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў Крупках, не прапускаю ніводнага свята, падтрымліваю цесныя сувязі з прыхаджанамі.

На Крупшчыну Ала Казак (дзявочае прозвішча) прыехала 17-гадовай дзяўчынай. Тут працаваў старшы брат, які і ўладкаваў яе на работу ў грамадскае харчаванне. Працавала ў кандытарскім цэху, у школьнай сталовай, а як адкрылася новая сталовая ў райсельгастэхніцы – была сюды запрошана поварам. 16 гадоў аддала рабоце ў рэстаране горада, адкуль і пайшла на заслужаны адпачынак. За гэты час завочна закончыла Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум, у 1997 годзе праўленнем Белкаапсаюза ёй было прысвоена званне «Майстар-повар», захоўвае Ганаровыя граматы, Падзякі, сувеніры і падарункі. Ала Дамашчук рабоце ў грамадскім харчаванні аддала 42 гады, заваявала павагу і аўтарытэт як кіраўніцтва райспажыўтаварыства, так і шматлікіх удзячных кліентаў.

– У Крупках я пражыла ўжо больш за 50 гадоў, – адзначыла Ала Васільеўна. – Бясспрэчна, што гэты горад стаў для мяне родным. Мне падабаюцца яго прыгажосць і добраўпарадкаванасць. Прыемна бачыць, як не толькі камунальныя службы наводзяць парадак, а і жыхары клапоцяцца аб тым, каб нашы Крупкі былі ўтульнымі і непаўторнымі. Мяркую, так будзе і надалей.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Расповед пра гэту жанчыну хочацца пачаць з яе ўдзелу адразу ў раённым кулінарным конкурсе «Бабуліны прысмакі», дзе ветэран працы Ала Васільеўна Дамашчук...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика