Вясна прыйшла з Сяргеевіч. 21.by

Вясна прыйшла з Сяргеевіч

13.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>


Земляробы сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» на мінулым тыдні ў ліку першых у раёне прыступілі да сяўбы яравых зерневых. На ўчарашні дзень тут засеяны 54 гектары.

— На адны палі ўжо выйшлі сеялкі, а на іншых яшчэ купаюцца ў вадзе дзікія качкі, — гаварыў мне па сотавым тэлефоне галоўны аграном гаспадаркі Уладзімір Балай, калі паведаміла, што збіраюся наведацца на пасяўную.

Накіравалася, канечне, туды, дзе сеялкі, а не качкі. Гэта быў 28-гектарны палетак за вёскай Сяргеевічы. Работа ішла поўным ходам. На сеялках упраўляліся Валерый Вайткевіч і Аляксандр Парневіч, на падвозцы насення і загрузцы яго ў сеялкі — Андрэй Вайткевіч  і Мікалай Грыбко. Якасная апрацоўка глебы — справа рук Эдуарда Рагіні, Валерыя Кекера, Станіслава Зайцава, Браніслава Доўгеля.



Аляксандр Парневіч

— Тут самыя лёгкія, пясчаныя землі, — тлумачыў галоўны аграном, — таму і сяўба штогод пачынаецца менавіта з Сяргеевіч. Сёння высяваем ячмень сорту «фэст» першай рэпрадукцыі. Насенне ўласнае. А вось дунілавіцкія пагоркі хоць і здаюцца падсохлымі, але на іх гліна, таму тэхніка яшчэ не ўз’едзе. Пра варапаеўскую зону пакуль увогуле гаварыць рана — там вельмі мокра.

Варапаеўская зона — гэта 250 гектраў, перададзеных сёлета СП «Дунілавічы-агра» з райаграсэрвісу. У сувязі з гэтым узрос аб’ём работ — яравую сяўбу трэба правесці на 1200 гектарах, 678 з іх зоймуць зерневыя. 



Валерый Вайткевіч

— На вялікай плошчы, 802 гектары, мы змаглі пасеяць азімыя, — расказваў дырэктар сельгаспрадпрыемства Андрэй Сарапененка. — З зімоўкі яны выйшлі ў здавальняючым стане. Зараз актыўна вядзём падкормку азотнымі ўдабрэннямі. Яны падкормлены на 326 гектарах, у тым ліку за дзень — на 110-ці. Каб не далучаныя землі, не мелі б клопату з ворывам, бо з восені ўзнялі зябліва амаль на ўсёй планавай плошчы. Але спадзяюся, што паспяхова спра­вімся з усімі веснавымі работамі. Тэхніка хоць і не новая, але яе дастаткова, уся адрамантаваная. Людзі зацікаўлены ў выніках сваёй працы і стараюцца. У поле дастаўляюцца гарачыя абеды. За сродкі, выдзеленыя з абласнога бюджэту, і за свае набываем гаруча-змазачныя матэрыялы. Адным словам, настроены рашуча, але ўсё яшчэ толькі пачынаецца.

Летась першыя гектары ў Сяргеевічах былі засеяны ў сакавіку. Вось толькі неўзабаве ўсе надзеі хлебаробаў на раннюю сяўбу перакрэслілі зацяжныя дажджы. Што будзе сёлета, пакажа час. Але як распачынаць вялікую справу без аптымізму? І ён ёсць як у кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства, так і ў радавых працаўнікоў.

Тэкст і фота Фаіны КАСАТКІНАЙ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Земляробы сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра» на мінулым тыдні ў ліку першых у раёне прыступілі да сяўбы яравых зерневых. На ўчарашні дзень тут засеяны...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика