На последнем заседании исполкома рассматривался вопрос выплаты зарплаты в сельхозорганизациях района. 21.by

На последнем заседании исполкома рассматривался вопрос выплаты зарплаты в сельхозорганизациях района

14.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На апошнім пасяджэнні райвыканкама асноўным стала пытанне выплаты зарплаты ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Праблема гэта балючая, таму знаходзіцца на пастаянным кантролі ў кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта, у райсельгасхарчы, дзе рэгулярна разглядаецца на калегіях. Не сакрэт, што для таго, каб аграрыі атрымалі зарплату, часам прымаюцца тытанічныя намаганні – вядуцца перамовы з заводамі-перапрацоўшчыкамі аб крэдытах і авансах, прымяняюцца складаныя шматбаковыя камбінацыі ўзаемаразлікаў і іншыя механізмы пошуку сродкаў. Але часта гэтыя праблемы кладуцца на плечы чыноўнікаў, а ў гаспадарках не заўсёды нават маюць уяўленне, як ім вырашыць пытанне аплаты працы сваім работнікам. Таму яно было вынесена на пасяджэнне райвыканкама і разглядалася ў кантэксце таго, якія меры па выплаце зарплаты прымаюцца менавіта самімі кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў.

На 9 красавіка запазычанасць па зарплаце за студзень у суме 22,5 тысячы рублёў мела КУСГП “Глыбачаны”, за люты – ужо 5 арганізацый. Да “Глыбачан” (19,6 тысячы рублёў) далучыліся КУСГП “Арэхаўна” (15,1), КУСГП “Вялікадолецкае” (26,7), ААТ “Ільюшынскі” (19,8), і Ушацкае ПМС (8,1). Да таго ж на пачатак месяца ў “Агра-Селішчы”, “Ільюшынскім”, “Глыбачанах”, “Арэхаўне” і “Вялікадолецкім” зафіксаваны факты нявыплаты дзіцячых дапамог за сакавік.

Старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка зазначыў, што дапамога ў пагашэнні запазычанасцей з боку раённай улады будзе. Але і дырэктарам гаспадарак нельга “спаць у шапку”: яны павінны прыкладаць намаганні па выпраўленні сітуацыі – на гэта адведзены пэўныя тэрміны. Крытыцы падвергнута кіраўніцтва прадпрыемства меліярацыйных сістэм за тое, што ў перыяд, калі арганізацыя востра мае патрэбу ў сродках, яе кіраўніцтва адмаўляецца ад прапаноў “Віцебскмеліявадгаса” па асваенні аб’ёмаў за межамі раёнаў. Між тым, зараз трэба хапацца за любыя магчымасці заробкаў, бо спагнаць грошы, напрыклад, з гаспадарак раёна, якія маюць запазычанасці перад меліяратарамі, не ўяўляецца магчымым. Што датычыцца сельгаспрадпрыемстваў, то тут пазіцыя райвыканкама такая – паколькі сродкаў на выплату зарплаты не хапае, трэба праводзіць аптымізацыю штату. Прасцей кажучы, пакінуць касцяк механізатараў, жывёлаводаў і спецыялістаў, на якіх трымаецца гаспадарка і якія рэальна працуюць, уносяць уклад у вытворчасць. І скарачаць работнікаў, без якіх можна абысціся – на асобных прадпрыемствах ледзь не палову зарплатнага фонду “з’ядае” адміністрацыя. Між тым, апарат кіравання больш 15 працэнтаў ад агульнай колькасці работнікаў з’яўляецца нонсенсам – трэба жыць па сродках, з тых грошай, што гаспадаркі зарабляюць, а ўдзельная вага зарплаты ў выручцы прадпрыемства не павінна перавышаць нарматыўныя 25 працэнтаў. Неабходна не дапускаць фактаў уключэння ў пуцявыя лісты і табелі ўліку рабочага часу неадпрацаваных гадзін, ажыццяўляць кантроль за налічэннямі, праводзіць іх строга за выкананыя аб’ёмы работ. Фінансавыя крыніцы трэба шукаць у павышэнні надояў і прываг, а не ў здачы кароў, што вядзе да скарачэння статка – гэта недапушчальна, бо адкуль браць прадукцыю потым? Неабходна эканоміць рэсурсы, максімальна пазбягаць страт, якія, часам, здараюцца і з прычыны неналежнага кантролю. Напрыклад, замест таго, каб удзельнічаць у хуткай пасяўной, МТЗ-1221 адной з гаспадарак “застыў” на штрафстаянцы – механізатар сеў за руль нецвярозы, прычым, двойчы на працягу каляндарнага года. І забраць тэхніку зараз магчыма толькі пасля выплаты шматтысячнага штрафу…

Другі блок пытанняў такім чынам аказаўся звязаны з першым – разглядаліся праблемы папярэджання правапарушэнняў у аграпрамысловым комплексе і прадстаўленне пракуратуры Ушацкага раёна аб ухіленні парушэнняў заканадаўства, накіраванага на пераадоленне п’янства. У сваім выступленні пракурор Ушацкага раёна Максім Міхайлавіч Падворны прывёў лічбы, якія сведчаць аб тым, што суб’ектамі прафілактыкі прымаюцца недастатковыя меры па выкараненні гэтай заганы грамадства. Пацвярджэнне таму і аналіз крымінагеннай сітуацыі на тэрыторыі раёна за мінулы год. На 13,1 працэнта ўзрасла колькасць злачынстваў (121). Пры гэтым у параўнанні з 2016 годам з 19 да 30 павялічылася “п’яная” злачыннасць. Такім чынам 34,5 % крымінальных спраў адкрыты ў адносінах асоб, якія здзейснілі супрацьпраўныя дзеянні ў стане алкагольнага ап’янення, пры сярэднеабласным паказчыку 21,8 працэнта. У мінулым годзе менавіта п’янства стала прычынай большасці выпадкаў гібелі грамадзян. Ад атручвання алкаголем пайшлі з жыцця 6 чалавек, усе чацвёра, якія патанулі, і адзін загінуўшы на пажары таксама былі нецвярозымі, самагубствам скончылі жыццё 10 грамадзян, з іх 9 у момант здзяйснення суіцыду знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення…

На пачатак года на ўліку ва ўрача-нарколага Ушацкай ЦРБ стаяла 509 чалавек, з якіх 408 мелі дыягназ “хранічны алкагалізм”. Аднак нягле­дзячы на вастрыню тэмы, выканаўчыя органы, суб’екты прафілактыкі і райаддзел міліцыі несвоечасова рэагуюць на праблему алкагалізацыі насельніцтва. Саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку пры сельвыканкамах на пасяджэннях не прымаюць канкрэтных па прафілактыцы п’янства на падведамасных тэрыторыях, іх работа зводзіцца ў асноўным да разгляду асоб, якія злоўжываюць спіртным. Пры гэтым пытанне аб абмежаванні такіх грамадзян у дзеяздольнасці перад РАУС і пракуратурай не ўздымаецца. Патрабаванне комплекснай праграмы па прафілактыцы правапарушэнняў на тэрыторыі раёна ў 2017 годзе аб выяўленні асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напіткамі, і штоквартальным інфармаванні райаддзела міліцыі для прыняцця мер практычна не выканана. У выніку за мінулы год падрыхтавана толькі 2 матэрыялы для звароту ў суд аб абмежаванні ў дзеяздольнасці асоб, якія сістэматычным злоўжываннем алкаголем ставяць свае сем’і ў цяжкае матэрыяльнае становішча. Таксама М.М.Падворны ўказаў на недастатковую работу органаў міліцыі і суб’ектаў прафілактыкі па некаторых іншых накірунках дзейнасці. У прыватнасці – на зніжэнне паказчыкаў па выяўленні фактаў дробнага хуліганства, ужывання алкагольных напіткаў і з’яўлення ў стане ап’яненне на працоўных і ў грамадскіх месцах, па накіраванні ў ЛПП – у мінулым годзе меліся пярвічныя медыцынскія заключэнні на прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў адносінах 43 асоб, а ў суд накіравана толькі 17 заяў.

Пракурор раёна запатрабаваў ад кіраўніцтва РАУС, зацікаўленых аддзелаў і службаў райвыканкама, Ушацкай ЦРБ, старшынь сельвыканкамаў няўхільнага выканання заканадаўства па прафілактыцы п’янства – праблема існуе і ход яе вырашэння не можа задавольваць. Можна сказаць, што менавіта яна з’яўляецца асноўнай прычынай шматлікіх правапарушэнняў у аграпрамысловым комплексе.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На апошнім пасяджэнні райвыканкама асноўным стала пытанне выплаты зарплаты ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Праблема гэта балючая, таму знаходзіцца на пастаянным...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика