На Міжнародным сімпозіуме ў памяць аб ахвярах фашызму гучаў даклад аб Асвейскай трагедыі. 21.by

На Міжнародным сімпозіуме ў памяць аб ахвярах фашызму гучаў даклад аб Асвейскай трагедыі

24.04.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

Які ракурс для фотаздымкі хатынскіх могілак вы ні выбралі б, на кадры заўсёды ўбачыце некалькі вёсак з самага паўночнага раёна Беларусі – Верхнядзвінскага. На гэтых журботных могілках нашых вёсак – 43, яшчэ 26 сталі галінкамі на Дрэве Жыцця. Але ж гэта толькі шостая частка спапялёных паселішчаў Верхнядзвіншчыны ў 1943 годзе. Нам падаецца, што пра Асвейскую трагедыю павінен ведаць увесь свет. На нашы захады аб наданні большай вядомасці верхнядзвінскім сёстрам Хатыні паступіла прапанова даслаць у сталіцу капсулы з зямлёю з ахвярных магіл для захавання яе ў крыпце – пантэоне памяці.

Баравыя - помнік спаленай вёсцы.

Баравыя — помнік спаленай вёсцы.

 

Адзін з помнікаў вёскі Бяляны.

Адзін з помнікаў вёскі Бяляны.

Вось тут і выявілася наша гістарычная адметнасць, якая робіць немагчымым ажыццявіць такі праект па прыкладу іншых. Бо ў Верхнядзвінскім раёне фашысты знішчылі 426 вёсак, 305 з іх – з усімі жыхарамі або іх часткай. Папярэдне дасягнута згода адправіць як агульны сімвал нашых ахвяр капсулу з прахам-зямлёю з вялізнай магілы мемарыяла ў Расіцы, асвечанай высокай ахвярай двух святароў, якія перад пагрозай смерці, маючы выбар, не здрадзілі свайму пастарскаму абавязку і пайшлі ў агонь разам з людам, які спавядалі перад гібеллю.

Магіла ахвяр вёскі Баравыя.

Магіла ахвяр вёскі Баравыя.

Пакланіцца попелу Расіцы, прайсці свечным шляхам ад храма да мемарыяла прыязджаюць з розных кутоў Беларусі і замежжа. Калі віхурнай ноччу з 15 на 16 лютага 1943 года на памежныя з Латвіяй паселішчы рынуліся крыважэрныя полчышчы карнікаў, храм стаў зборным пунктам для сагнаных жыхароў навакольных вёсак і тых, што ў пошуку паратунку ад смерці паспелі ўцячы ў лясы, але былі злоўленыя. На некалькі сутак касцёл ператварыўся ў сартавальны пункт: большасць ахвяр трапіла ў агонь; людзей спалілі ў трох свірнах, бо ў адзін яны не маглі змясціцца. Астатнім была наканавана смерць у растэрміноўку ў канцлагерах.
На штогадовых памінальных фэстах у Расіцы ў лютым і жніўні можна сустрэць нямала прадстаўнікоў СМІ. Яны падаюць у друк, на тэлебачанне і радыё чарговую порцыю інфармацыі. Сёлета ўвагу да нашага кута прыцягнула 75-годдзе Хатыні. Апошні лятучы дэсант здзейсніў канал НТВ.
Але што можна расказаць і паказаць свету ў кароткім рэпартажы, дзе ўспаміны сведкаў вогненнага шабасу трапляюць толькі невялічкімі ўстаўкамі ў рэпартаж, канва якога прадумана загадзя?
Самае каштоўнае – жывыя ўспаміны як крыніца звестак пра злачынствы нацыстаў – з эфектам шчыгрынавай скуры адыходзіць у іншы свет разам з носьбітамі тых успамінаў.
У сур’ёзнай справе даследавання прычын, абставін і наступстваў крывавых падзей нярэдка маюць месца вузка зададзены падыход да яе, змяшчэнне акцэнтаў, няўважлівасць, а падчас і неахайнасць пры апрацоўцы інфармацыі.
Прыкрыя памылкі трапляюць і ў сур’ёзныя выданні. Адна з дакументальных кніг, выдадзеных “у дапамогу даследчыкам гісторыі”, не толькі не здольна ім садзейнічаць, але, наадварот, можа заблытаць любога даследчыка, бо ўтрымлівае на сваіх старонках сотні скажэнняў у тапаніміцы, у напісанні прозвішчаў, падае асобныя дакументы без належных каментароў.
Праўду аб тагачасных падзеях дапытлівы даследчык зразумее з найбольш надзейнай крыніцы. Самае аб’ектыўнае і адначасова па-філасофску асэнсаванае знойдзецца ва ўспамінах тых, хто перажыў крывавае паляванне карнікаў. Мы лічым, што такія сведчанні ў іх агульным зборы – таксама дакумент “у дапамогу даследчыкам гісторыі”, прычым вельмі важкі і важны.
Па прыкладу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка абышоў, выслухаў “вогненных” людзей і запісаў іх успаміны Сяргей Панізьнік, аўтар кніг “Асвейская трагедыя”, “Браніслава”, “Па слядах Асвейскай трагедыі”, ганаровы грамадзянін Асвеі і кавалер ордэна трох зорак Латвіі. Раман “Будзь воля твая” напісала Ірына Жарнасек, якая зраслася душою з былымі пакутнікамі Расіцы. Успаміны жывых сведак карнай акцыі “Зімовае чараўніцтва” гучаць з іх вуснаў на мітынгах-рэквіемах ля курганоў Памяці і на тэматычных вечарынах. З тых успамінаў нараджаюцца вершы і складаюцца песні.
Аб’яднанымі высілкамі грамадскіх і дзяржаўных культурных і адукацыйных устаноў намі ажыццёўлена масавая акцыя па запісу ўспамінаў ацалелых жыхароў спаленых вёсак. На сродкі мясцовай арганізацыі Фонда Міру пабачыла свет сціплая, але вельмі дарагая для нас кніга “Па слядах вогненнай памяці”. На жаль, нам удалося выпусціць толькі 50 асобнікаў, кнігу не атрымалі нават самі аўтары ўспамінаў. Але яна ёсць у кожнай школе, у кожнай бібліятэцы, а асобныя яе старонкі, а таксама тыя ўспаміны, якія засталіся ў архіве, нумар за нумарам друкуе раённая газета “Дзвінская праўда”. Мы імкнуліся таксама садзейнічаць перавыданню кнігі Сяргея Панізьніка, сабралі да яе новыя дадаткі, але ў выдавецтве газеты “Звязда” палічылі тэму неактуальнай…
Чалавечнасць у гады бесчалавечнасці» – так гучыць тэма сімпозіума. Вельмі надзённа. На адной нянавісці да існых і ўяўных ворагаў міру не дасягнеш. Гэта можна зразумець і прачытаўшы споведзі людзей з кніжкі з вогненнай вокладкай. Апісваючы неверагодныя пакуты, якія выпалі на іх долю, апавядальнікі некалькімі радкамі не забываюцца расказаць і пра “нелагічныя” ўчынкі асобных немцаў, паліцаяў, латышскіх гаспадароў, якія ўрэшце дапамаглі пакутнікам застацца жывымі.
Пра гэта ўспамінаюць многія апавядальнікі. Вось толькі некаторыя абразкі.
…Нямецкі салдат, якому было загадана не выпускаць жывымі нікога з палаючай вёскі, выпусціў тых, каму гэты ўдалося (Бохан В., в. Марцінава).
…Хата ўжо гарэла, але немец выпусціў нас праз акно і паказаў, куды хавацца (Малько З., в. Буракова).
…У лесе нас, цэлую групу ўцекачоў, здагналі карнікі і загадалі: “Уцякайце!”. Мы думалі, што будуць страляць услед. Паслухаліся толькі, калі адзін штурхануў у плечы Купрынчыху (Пятроўская М., в. Каханавічы).
…Латыш-хутаранец, рызыкуючы наступствамі, не толькі адпусціў хлопца, але даў яму грошай і нарысаваў план, як яму дабрацца дадому (Рамашкіна Э., в. Бяляны).
…Па дарозе на чыгунку для адпраўкі ў канцлагер канваір завёў нас, змарнелых, на хутар і загадаў накарміць (Русак Ф., в. Канчаны).
…Бабуля з дзяўчынкай упала ля снапоў, але немец не стаў яе страляць (Талкачоў П., в. Страдна).
…Меншы сынок памёр, ляжаў з намі, мы ўжо з голаду паміралі. Дык выпаўзла я з балота, а там ідуць карнікі. Адзін заўважыў мяне ды паказвае: “Аб, аб!” – каб я схавалася (Чарнавок Е., в. Чарнавокі).
…Калі маму паставілі да сцяны і немец навёў на яе вінтоўку, я ў плачы абхапіў ягоныя калені – і ён апусціў ствол. Праўда, даў мне прыкладам па галаве, дык я крывёю заліўся (Ліпіч У, в. Валынцы).
Я сам – малалетні вязень канцлагера Саласпілс. У матулі нас было трое. Нас выкупіў латышскі фабрыкант для свайго маёнтка ў Кокнэсэ. Пасля вайны пачыналі жыць на папялішчы вёскі Пятроўшчына за кіламетр ад латвійскай мяжы. Першае, што на ім вырасла, быў вялікі драўляны крыж на магіле спаленых да аднаго жыхароў. Латышы дапамагалі нам ачуняць з вайны.
Зямля была ўсеяна касцямі. Аднойчы на пожні з травы выкаціўся чэрап. Мама граблямі выдзеўбла ямку, закапала яго і памалілася. – А можа, гэта немец? – спытаўся я. – У яго таксама была маці,– адказала мама…
Пранесці дабрыню ў сэрцы праз самыя жахлівыя выпрабаванні – запавет нам усім ад тых, хто прйшоў праз вогненнае пекла вайны. Зберагчы гуманныя парасткі ад шалу нянавісці, які сатрасае планету Зямля,– найважнейшая задача чалавечай супольнасці. Толькі гэта дае нашай цывілізацыі шанц захавацца ў прышласці.

А. Бубала.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Які ракурс для фотаздымкі хатынскіх могілак вы ні выбралі б, на кадры заўсёды ўбачыце некалькі вёсак з самага паўночнага раёна Беларусі – Верхнядзвінскага. На...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика