І прыбярэцца ў лістоту ягоны парк. Ушанаванне. 21.by

І прыбярэцца ў лістоту ягоны парк. Ушанаванне

07.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У межах святкавання Дня роднай мовы землякі ўшанавалі імя паэта і верніка, шчырага папулярызатара беларускамоўнай Бібліі Івана Івашкі. Месцам суботняй сустрэчы стала Вішнявецкая бібліятэка, дзе размясцілася адмысловая фотавыстава, прысвечаная яго памяці. На маляўнічых плакатах-кампазіцыях адлюстраваны не толькі эпізоды жыцця Івана Івашкі, але пазначаны яго духоўныя сляды: у кароткіх каментарах чытаем пра вандроўкі па родным краі, сустрэчы з сябрамі і аднадумцамі, клопаты пра свой разгадаваны прысядзібны парк «Явар і каліна».

Сябра паэта, ініцыятар імпрэзы і вядоўца (ён жа аўтар і памятных фотааркушаў) Валер Дранчук адзначыў ці не галоўную якасць паэта: ён быў паслядоўным і аддана-ахвярным носьбітам беларускасці, мовы Коласа і роднай Стаўбцоўшчыны, сваёй вёскі і ваколіц, сваіх бацькоў і вясковых настаўнікаў.

«Родная мова ў Івана была вельмі чыстая, літаратурная, ні смяцінкі – ці пісаў ён, ці прамаўляў між знаёмых ды незнаёмых. Ён тут быў узорны акуратыст, гэткі філалагічны выдатнік. Аднак як майстар і віртуоз роднага слова Іван мяне ўразіў, калі аднойчы на пагорку прамаўляў малітву за наш мясцовы краявід, яго ацаленне. Гэта была бліскучая імправізацыя. Таму адметную ролю паэта я бачу ў папулярызацыі беларускамоўнага Божага слова, разумення яго штодзённай неабходнасці дзеля малітоўнага жыццяладу людзей», – адзначыў В. Дранчук.

Іван Івашка не толькі аўтар трох зборнікаў паэзіі, вельмі цікавых і паспяховых, якія выходзілі ў розныя гады, але пакуль нераспазнаны інтэрпрэтатар Святога пісання, аўтар паэтычных малітваў, эсэ і інш. Невыпадкова апошняя кніга, якую ён наважыўся выдаць але, на жаль, не паспеў, так і называецца – «Тэрыторыя веры». Цяпер гэты рукапіс знаходзіцца ў родных паэта, як пераважна і астатняя творчая спадчына, што засталася пасля Івана Івашкі.

Што да фотавыставы, адзначыў Валер, здымкі былі зроблены ў апошнія дзесяць, дванаццаць гадоў, калі сябры па-суседску сустракаліся на хутары Гавязна. «Іван заўсёды выглядаў па-вясноваму самабытна, мне гэта імпанавала ў яго асобе, і я браўся здымаць – у аб’ектыве цудоўна спалучаліся самабытнасць і інтэлект, адухоўленасць і артыстычны парыў. Цяпер фатаграфіі робяць яго жывым і блізкім, а выстава маіх памятных аркушаў будзе час ад часу з’яўляцца ў бібліятэках, школах, яго роднай хаце… » – распавёў Валер Дранчук.

Суседка паэта Ірына Барысевіч падзялілася не толькі ўспамінамі пра незабыўныя сустрэчы і стасункі, але прыхапіла з сабой сёе-тое з ненадрукаванага, каб пачытаць прысутным.

«Мы сябравалі, як кажуць, хатамі. Абменьваліся кнігамі, рэлігійнымі выданнямі. Бывала, без яго дапамогі не маглі справіцца па гаспадарцы, ён ахвотна адгукаўся на першае слова. Любіў бываць у нас, а мы заўсёды радаваліся, калі ён заходзіў у нашу хату, бо з ім было цікава, вельмі душэўна. Мы адчувалі еднасць у нашай любові да беларускай зямлі, да роднага слова, да нашай ціхай затульнай вёскі, да аднавяскоўцаў. I ўсё, што ён напіша ці прачытае, для нас было радасным светлым святам. Апошні час яго запісы ўсё больш напаўняліся багавейлівасцю і ўдзячнасцю, спакоем і раўнавагай, біблейным сэнсам. Стыль іх таксама змяніўся, як і сам наш Янка, – здавалася, ён свяціўся ўсмешкай мудрасці і разумення. Разам з тым заставаўся нязменны ў сваёй ветлівасці і зычлівасці, не браў ніколі чарку, ніколі не брыдкасловіў… Я асабіста глыбока перажываю страту паэта. Няма святла ў вокнах яго хаты насупраць. Але засталіся вершы, добрая памяць. I хутка прыбярэцца ў лістоту, зашуміць ягоны парк».

Сваё слова пра Івана Івашку сказалі таксама Іван Дзявойна (Вязавец), Ала Сяржант (Нясвіж), Аляксей Сачко (Вішнявец), Наталля Плакса (Нясвіж), Раіса Тулейка (Навапольцы). Была выказана прапанова ад імя прысутных звярнуцца да мясцовай улады захаваць парк насупраць паэтавай хаты, агульнымі намаганнямі (з удзелам школы) падтрымліваць тэрыторыю ў добрым стане.

Гэта другое ўшанаванне паэта-земляка. Першае адбылося неўзабаве пасля ягонай смерці (кастрычнік 2017) каля роднай хаты ў вёсцы Вязавец, дзе сябры і аднавяскоўцы чыталі ўпадабаныя радкі, дзяліліся ўспамінамі і планамі па захаванні і папулярызацыі творчай спадчыны земляка.

Наталля ПЛАКСА,старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У межах святкавання Дня роднай мовы землякі ўшанавалі імя паэта і верніка, шчырага папулярызатара беларускамоўнай Бібліі Івана Івашкі. Месцам суботняй сустрэчы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика