На тварах іх пячатка цяжкага дзяцінства. 21.by

На тварах іх пячатка цяжкага дзяцінства

07.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мір – гэта прамежак часу паміж войнамі. З гэтай высновай будуць згодныя многія. Майму пакаленню, лічу, пашчасціла не ведаць бамбёжак, не чуць стрэлаў аўтаматаў, не хавацца ў лесе, не жыць у куранях, не галадаць і не хварэць на тыф і дыфтэрыю. І шмат чаго іншага мы не бачылі, не маем разумення, як гэта – жыць у вайну. Але за свае амаль сорак гадоў жыцця шмат разоў датыкалася да вайны сваімі думкамі, бо ваенныя канфлікты былі і працягваюцца: Кабул, Грозны, Каір, Данбас, Дамаск…

Сродкі масавай інфармацыі, кнігі так ці інакш даносяць да нас той боль, які адчуваюць людзі. Тыя, што страчваюць не толькі маёмасць, працу і крыніцы існавання, але і родных, блізкіх, атрымліваюць калецтвы і раны. Асабліва цяжка мне глядзець на дзетак, будучыня якіх перакрэсліваецца ў адно імгненне… Таму вельмі важна паказваць і расказваць пра гэта, як бы балюча не было. Суперажываць, аказваць гуманітарную дапамогу тым, хто апынуўся ў бядзе не па сваёй волі, не па сваім жаданні.

Нягледзячы на тое, што з часоў Вялікай Айчыннай вайны мінула сем дзесяцігоддзяў, мы не забываем пра тыя страшныя гады ліхалецця, вялікія страты. Паміраюць ветэраны і ўдзельнікі той вайны, але ёсць яшчэ жывыя сведкі яе – дзеці Вялікай Айчыннай. Многія былі вывезены ў Германію, дзе ім даводзілася працаваць, частка трапіла ў канцэнтрацыйныя лагеры, дзе кожная пражытая гадзіна доўжылася больш за дзень.

Два такія лёсы звязаліся ў адзін. Вольга Рыгораўна і Васіль Іванавіч Ліцвіны з Галубіцы абодва маюць статус вязняў. Да іх параіла наведацца настаўніца сярэдняй школы № 1 Таццяна Смірнова, бо яе маці (светлая ёй памяць) была ў канцэнтрацыйным лагеры “Скобраўка” разам з Вольгай Рыгораўнай. Таццяна Аляксееўна лічыць, што памяць павінна жыць. Поўнасцю згодна з ёй.

IMG_3108_1

– Нарадзілася я ў 1929 годзе ў Петрыкаве, – пачала Вольга Ліцвін. – Напярэдадні таго дня, як мяне забралі, паўсюль гучала музыка, дзеці бегалі па горадзе.

Наша сям’я жыла на Чырвонаармейскай вуліцы, гэта каля цяперашняга аўтавакзала. Шэсць немцаў зайшлі ў двор, рукі трымалі на аўтаматах. Мяне разам з іншымі дзецьмі пагналі ў аднапавярховы будынак, які стаяў недалёка ад цяперашняй гарадской бальніцы. Яго ачапілі, бацькоў не падпускалі. Пагрузілі нас у машыны і павезлі ў Капцэвічы, дзе мы былі тры дні. А затым у таварных вагонах дабраліся да Бабруйска, а адтуль – у Скобраўку.

Людзей у вёсцы не было. Тэрыторыя была абнесена калючым дротам. Са мной была з Петрыкава Марыя Лапета, Жора Будовіч, Ніна Міцкевіч. Трое дзяцей забралі ў сям’і Перапечаў – Наташу, Пятра і Колю.

Сказаць, што нас збівалі, то не. Кармілі вараным шчаўем, што мы самі збіралі, туды ж дадавалі крыху тушонкі з каніны.

Прымушалі працаваць: мы раскопвалі ямы, разбіралі платы, саджалі расаду капусты. Верылі пры гэтым, што гэта капуста парасце і застанецца “нашым”.

Кожную ноч чулі перастрэлку. Партызаны былі побач.

Памятаю, як прыехаў святар, нас выстраілі ў вялікім памяшканні, магчыма, раней гэта была канюшня. Паказвалі канцэрт. Добра ўрэзаліся ў памяць танец “Лязгінка” і песня “Эх, Андруша!”.

Яшчэ нас прымушалі выкрыкваць розныя лозунгі накшталт “Смерць бальшавізму – жыццё народа!”. Маленькія дзеці яшчэ не разумелі значэнне гэтых слоў, а нам, больш дарослым, было крыўдна і сорамна.

Хадзілі чуткі, што нас адправяць у Германію вучыцца.

Памятаю, як прыйшлі чалавек трыццаць, у форме, у белых кашулях, і пыталі, як нам тут жывецца. Гэта былі людзі з арміі генерала Уласава.

У Скобраўцы я прабыла некалькі месяцаў. Пашчасціла, што не бралі кроў, бо гэты лагер  быў створаны бля забору крыві ў дзяцей для лячэння параненых нямецкіх салдат. Многія дзеці там і загінулі.

У адзін дзень мы пачулі страшны гул, убачылі нямецкія самалёты ў небе. На дзяцей ужо ніхто не звяртаў увагі. Стары Перапеча прыехаў у лагер за сваімі дзецьмі. Разам з ім мы і вярталіся дадому. Нас было чалавек 50. Начавалі ў балоце. Памятаю, што ўжо былі маленькія зялёныя яблычкі, з якіх мы варылі нейкі кісель. Дабраліся да суседняй вёскі, дзе адседжваліся ў склепе. Была моцная перастрэлка. А назаўтра – цішыня.

У Мар’інай Горцы ўсё было разбурана, разбіта. У вёсцы Блужа пусцілі на сенавал пераначаваць. Раніцай капітан Кажэўнікаў пасадзіў нас у грузавы аўтамабіль, накрыў брызентам і павёз да Жлобіна. Там ужо мы давалі канцэрт, распавядалі, якое жыццё было ў лагеры. Адтуль дабіраліся да ракі Пціч, а потым ужо перапраўляліся да Петрыкава. Здаецца, была я ў лагеры нядоўгі час, але хапіла б там кожнаму і аднаго дня пабыць, каб зведаць горыч вайны.

Не скажу, што ўсе немцы былі катамі. Былі і добрыя людзі сярод іх. Так, маё жыццё выратаваў нямецкі ўрач, калі я захварэла на дыфтэрыю. А вось сястрычка мая ад гэтай хваробы памерла.

У 1952 годзе я апынулася ў Галубіцы. Да гэтага скончыла ў Капцэвічах педвучылішча і трапіла ў школу настаўнічаць у пачатковых класах. З адным запісам у працоўнай кніжцы аддала гэтай прафесіі 36 гадоў. Калектыў быў цудоўны, ёсць што згадаць прыемнае.


IMG_3137_1

Да нашай гутаркі далучыўся і Васіль Іванавіч:

– Мне давялося быць у Германіі паўтара гады. Як ні хаваліся з братам у лесе,  знайшлі. Спачатку накіравалі ў Лобчу, затым у Капцэвічы. Цётка мая прыйшла туды, каб забраць мяне, але я сам ужо не згадзіўся, разумеў, што зраблю толькі горш сабе і сваёй сям’і.

Я трапіў у Магдэбург. Нават быў на мосце, які праз Эльбу. Там мы, сем падлеткаў, будавалі баракі. Побач быў цукровы завод.

Лінія фронту была бліз канала. Там жа стаяла ваенна-марская база.

Вызвалялі нас амерыканцы. Пачаліся страшныя бамбёжкі, але канал не краналі, бо ён меў важнае значэнне.

Калі вярнуўся дадому, трэба было працягваць вучобу ў школе, бо да вайны скончыў 4 класы. Але якая там школа? Пайшоў працаваць у леспрамгас.

У 1949 пайшоў служыць у армію. Трапіў у Вусць-Каменагорск, дзе знаходзіліся ў лагеры 25 тысяч арыштаваных нашых салдат, якія былі прызнаны дызертырамі. Потым мяне накіравалі ў Маскву, дзе я скончыў школу сяржанцкага саставу.

Хапіла ў жыцці ўсяго… Пасля арміі крыху папрацаваў на мазырскім тэхучастку, а затым вярнуўся ў родную Галубіцу. У паляводчай брыгадзе адпрацаваў 16 гадоў. Быў інспектарам па якасці прадукцыі і на славінскім цагельным заводзе. Потым асвоіў сталярную справу. Адзначу, што разам з будаўнічай брыгадай здаў пад ключ будынак клуба ў вёсцы.

Агульны працоўны стаж у мяне 45 гадоў, маю званне “Ветэран працы”.

У сям’і я старэйшы з дзяцей, нас было шасцёра і жыццё маё лёгкім не назавеш. Сам адбудаваў гэтую вольхавую хаціну, усё ў ёй зроблена маімі рукамі. Засяліліся сюды ў 1961 годзе. Хату ўзводзіў на бацькоўскім селішчы. Вунь яна, бацькоўская хата, захавалася яшчэ каля рэчкі. Заўсёды трымалі вялікую гаспадарку, працавалі, па 50 сотак зямлі апрацоўвалі.

З Вольгай Рыгораўнай жывём ужо больш 60 гадоў. У нас сын Мікалай, двое ўнукаў і двое праўнукаў. Лічу, жыццё пражылі недарэмна.

Мы гэта зразумелі, паважаныя Вольга Рыгораўна і Васіль Іванавіч. Здароўя вам і цёплага лета!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мір – гэта прамежак часу паміж войнамі. З гэтай высновай будуць згодныя многія. Майму пакаленню, лічу, пашчасціла не ведаць бамбёжак, не чуць стрэлаў аўтаматаў, не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика