І болем памяць адгукнецца…. 21.by

І болем памяць адгукнецца…

08.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Ганна Кузьмінічна Носырава пражыла доўгае жыццё. Зараз, у свае 85 год, яна часта ўспамінае пражытае. Сёлета наша краіна аддала даніну памяці жыхарам Хатыні, спаленай 75 год таму фашысцкімі карнікамі. Гэтая чорная дата ў гісторыі Беларусі вельмі ўзрушыла Ганну Кузьмінічну, і памяць вярнула яе ў той трагічны час Вялікай Айчыннай вайны, калі на нашай зямлі панавалі нямецкія акупанты і іх памагатыя…
1942 год. Сям’я Носыравых жыла на вуліцы Пралятарскай. Дзесяцігадовая Ганначка ў той дзень была дома адна, бацькі рабілі дзесьці ў полі. Раптам з боку суседняй Першамайскай вуліцы пачуліся крык, гвалт, жаночы лямант. На той вуліцы было шмат яўрэйскіх дамоў. Калі ў 1941 годзе немцы наблізіліся да Крычава, частка яўрэйскіх сем’яў знялася з абжытых месцаў і ад’ехала ўглыб краіны. Неўзабаве прыйшлі акупанты. Яны сагналі ўсіх яўрэяў з горада на гэтую вуліцу. Тут яны і жылі, у своеасаблівым гета. Хадзілі яны там свабодна, тэрыторыя не была абгароджана, аднак ахова з паліцаяў была. Як яўрэям там жылося, дзяўчынка не ведала. Аднак, мяркуючы па тым, што сёй-той са спагадлівых гараджан хадзіў туды, насіў ім ежу, не вельмі соладка… Пачуўшы шум, дзяўчынка насцярожылася і выскачыла на вуліцу. Разам з суседскімі дзецьмі збіліся ў чародку, няўцямна пазіраючы адзін на аднаго – што ж там адбываецца? Крыху пастаяўшы, вырашылі, што на тую вуліцу не пойдуць, бо страшна – там немцы, паліцаі. Выйшлі да парка, як тады называлі сквер каля царквы, сталі пад агароджай. І ўбачылі, як з Першамайскай карнікі – немцы і паліцаі — выганялі вялізны натоўп яўрэяў. Людзі ішлі растрапаныя, запэцканыя, некаторыя пад рукі вялі старых, жанчыны неслі на руках малых дзетак. На вуліцы за іх спінамі чуліся стрэлы — гэта фашыс-ты забівалі на месцы хворых, тых, хто не мог ісці. Людзей штурхалі ў плечы, білі прыкладамі, але яны ледзьве цягнуліся – адчувалі, што ідуць на смерць. У гэты момант да дзіцячай чародкі падышла суседка і прагнала іх: “Марш адсюль! Няма чаго вам глядзець на гэта…”. А потым дзеці даведаліся, што яўрэяў прыгналі да рова непадалёк ад рэчкі за цяперашнім мікрараёнам Сож і ўсіх расстралялі. Сведкі расказвалі, што людзі крычалі, малілі аб літасці, але карнікі былі няўмольныя. “Гэта была трагедыя, для Крычава гэта была трагедыя,” – не можа супакоіцца Ганна Кузьмінічна.
Увогуле трагедыяй можна назваць усё жыццё падчас фашысцкай акупацыі. Здзекі з людзей, пакаранні смерцю сталі, так бы мовіць, нормай. Так, у цэнтры горада, дзе цяпер аўтобусны прыпынак, стаялі два слупы з перакладзінай. На гэтай шыбеніцы вешалі партызан, правініўшыхся перад новай уладай. А каля вёскі Прудок, у лесе, увесь час праводзіліся расстрэлы нашых людзей, не шкадавалі ні старых, ні малых. Там жа загінулі артысты-падпольшчыкі Лузенін і Акаёмаў.
Першы час, як прыйшлі немцы, гараджане натуральным чынам галадалі. Вельмі цяжкай была зіма 1941-42-га. Асабліва пакутвалі тыя, у каго была вялікая сям’я. Носыравых выручала тое, што ў іх была карова. Але хлеба не было, ежу здабывалі хто як мог. Увесну, як сышоў снег, людзі збіралі падмарожаную бульбу на былых калгасных палетках, з якой пяклі нешта накшталт бліноў. Потым пайшлі шчаўе, лебяда… Лягчэй стала толькі ў наступным годзе, калі людзі пасадзілі вялікія агароды. Вось і жылі з сабранага ўраджаю, ды яшчэ жыўнасць на падворках развялі.
Непадалёк ад Носыравых жыў начальнік паліцыі. У парку за царквой быў вялікі яўрэйскі дом, вось ён там і пасяліўся. А побач з ім жыў паліцай па прозвішчу Васіленка. Увесь час у іх наладжваліся нейкія вечарыны: п’янкі, гулянкі… Удзень жа яны верна служылі акупантам, прымалі ўдзел у здзеках над людзьмі. Аднойчы начальнік паліцыі збіў скураным бізуном да крыві бацьку Ганны Кузьмінічны, калі той праходзіў ля ягонага дома. Другім разам ударыў і яе дзеда. Паліцай жа Васіленка ўвогуле, калі нап’ецца, пагражаў расстраляць усю сям’ю. А ўсё з-за таго, што бацькавы сёстры былі замужам за савецкімі афіцэрамі. Таму і падазрэнне ў паліцаяў узнікла, што Носыравы былі звязаны з камуністамі. Потым быў яшчэ выпадак – нехта падстрэліў немца. Тут жа ў заложнікі былі ўзяты дзед з бацькам і яшчэ восем чалавек. Іх трымалі за кратамі дзесяць дзён, з умовай, што калі яшчэ не-шта здарыцца, то заложнікаў адразу расстраляюць. Гэта была сапраўдная бяда – хатнія кожнае ранне бегалі да турмы з думкай: жывыя яны там ці не? На шчасце, за гэты час нічога не здарылася, і заложнікаў усё-такі адпусцілі.
Калі савецкія войскі пачалі набліжацца да нашых мясцін, памятаючы пагрозы паліцаяў, Носыравы амаль не былі дома, начавалі ў рове. Фронт наблізіўся да Крычава ўшчыльную. Паліцаі кінуліся наўцёкі – на конях нагрузіліся і ад’ехалі. Суседзі перадалі сям’і, што ворагі збеглі. Яны вярнуліся дадому, запрэглі каня, склалі на калёсы такі-сякі скарб, прыхапілі сваю карміцельку-кароўку і падаліся ў бок Дарлівага. Там, у лесе, і хаваліся, пакуль немцаў не прагналі з горада.
Між тым, начальніку паліцыі і яго памагатаму паліцаю Васіленку збегчы ад заслужанай расплаты не ўдалося. Дзесьці пад Брэстам іх злавілі чырвонаармейцы, здраднікаў прывезлі назад у Крычаў. Тут, на месцы, іх і судзілі. Сведкі яскрава пацвердзілі нялюдскую дзейнасць фашысцкіх паслугачоў падчас акупацыі. Суд прызначыў абодвум паліцаям смяротнае пакаранне – расстрэл. Сабраўшыеся ў судовай зале крычаўляне сустрэлі прыгавор воплескамі…
На Крычаўшчыне ўсталяваўся мір. Г. Носырава скончыла ў 1948 годзе школу імя Карла Маркса. Далейшую адукацыю атрымала ў Крычаўскім педвучылішчы, якое ў той час месцілася ў Палацы Пацёмкіна. Атрымаўшы дыплом, Ганна Кузьмінічна вярнулася ў родную школу настаўнікам пачатковых класаў, аддаўшы сваё сэрца дзецям. Тут і прайшло ўсё яе працоўнае жыццё.
Сяргей ДЫНІКАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ганна Кузьмінічна Носырава пражыла доўгае жыццё. Зараз, у свае 85 год, яна часта ўспамінае пражытае. Сёлета наша краіна аддала даніну
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика