Дзевяноста пятая вясна – з водарам лілей. 21.by

Дзевяноста пятая вясна – з водарам лілей

09.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

080518

Акурат напярэдадні Радаўніцы віншавалі з 95-годдзем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Піліпавіча Казлоўскага. Падзея знамянальная і ўнікальная адначасова, таму што акрамя ганаровага статуса ветэрана вайны ў яго з’явіўся і яшчэ адзін – старэйшага жыхара вёскі Пагарэлае.

У роднай вёсцы ветэран сустракае нас на парозе свайго невялікага, але ўтульнага дома з чырвонай зорачкай. У касцюме, гладка выбрыты, усмешлівы. Побач з ім – сын Аляксей, унукі Дзмітрый і Вольга з дзядулевым праўнукам Сашкам. Іосіф Піліпавіч рады сустрэчы і па-гаспадарску запрашае ў хату.

Павіншаваць яго з такім значным жыццёвым юбілеем прыехалі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Наталля Лапко, супрацоўнік райваенкамата Аляксей Луцэвіч, старшыня Мікалаеўшчынскага сельвыканкама Аляксандр Карнічэнка, старшыня прафкама ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Валянціна Карнічэнка. Кожны з пашанай прыгадаў заслугі ветэрана – перад краінай, гаспадаркай, людзьмі… Падчас віншаванняў у доме прыемна запахла вясной – непаўторным водарам падараваных свежых лілей, гваздзікоў… Свята напоўнілі ўспаміны, размовы пра жыццё. Юбіляр усіх уважліва слухаў, з інтэлігентнай далікатнасцю задаваў пытанні, жартаваў. Прыемна было чуць, што ён даўні падпісчык і чытач раённай газеты «Прамень».

– У мяне ўсё добра. Люблю глядзець па тэлевізары навіны, чытаць газеты. Па хаце тупаю. Куры ёсць. Стараюся ўсё сам, – не прамінае заўважыць Іосіф Піліпавіч і з ахвотай расказвае пра сваю сям’ю: – Маю двух сыноў, дзвюх нявестак, пяць унукаў, дзевяць праўнукаў. Аляксей жыве побач, у Любкаўшчыне. Аляксандр – у Мінску. Тыя зімы праводзіў у іх сталічнай кватэры. Але пятнаццаты паверх… Мне там паветра не хапае. Гэтай зімой быў у сваёй хаце разам з нявесткай Таццянай. Перад Радаўніцай яна паехала на сваю малую радзіму. Другая нявестка, Надзея, – якраз у санаторыі. Вось і выйшла, што святкаванне майго юбілею адкладваецца… да Дня Перамогі, – падзяліўся сваімі турботамі Іосіф Піліпавіч.

Аднак гэта азначае, што сёлетні Дзень Перамогі для яго, былога артылерыста, які з баямі прайшоў Польшчу і Германію, будзе як ніколі песенным. У вёсцы ўсе ведаюць, што калі збіраецца вялікая сям’я Казлоўскіх, не абыходзіцца без песень. Застольных, задушэўных, розных… «Талент перадаўся нам ад дзядзькі, брата матулі. Ён калісьці спяваў у царкоўным хоры», – тлумачыць Аляксей Іосіфавіч. А юбіляр запрашае: «Прыязджайце, паглядзіце, як умеюць святкаваць у нашым калгасе!»

З мясцовым калгасам звязана ўсё працоўнае жыццё Іосіфа Казлоўскага (гэтак жа і яго жонкі, светлай памяці). На працягу чатырох дзясяткаў гадоў ён даглядаў на ферме бычкоў. Сутачныя прывагі на той час даходзілі ў яго да 800 грамаў. За рэкордныя вынікі калгас не шкадаваў працаўніку заахвочванняў і падарункаў. А ён не баяўся цяжкай працы і лішні раз не шукаў адпачынку. За ўвесь час толькі двойчы з’ездзіў у ваенны шпіталь. Не мог кінуць свой падворак, работу. «Калі душа радуецца – і здароўе дабаўляецца», – разважае ён. Гэты чыста сялянскі светапогляд доўжыць век ветэрана.

Іосіф Піліпавіч сам шчыраваў і сыноў навучыў рупнасці, гаспадарлівасці ва ўсім. Калі яны жаніліся, адразу ацаніў сваіх нявестак: «Будуць талковыя!» Аляксей – па прыкладзе бацькі – застаўся жыць і працаваць на вёсцы. У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» ён – майстар-будаўнік, душа кампаніі. Яму дзяцінства запомнілася тым, што разам з братам дапамагалі матулі даіць кароў, паспявалі сабраць у лесе ягады, жукоў на бульбе. Не заўсёды выпадала пакупацца, але марай было – займець канькі… Не так даўно гэтая дзіцячая мара збылася: Аляксею Іосіфавічу сын прывёз у падарунак канькі. Крыху саромеўся ён, дарослы мужчына, калі выходзіў на лёд і вучыўся стаяць на іх, ды адсутнасць навыку не можа засціць бацькава шчасце.

Гэта сапраўды кранальная гісторыя адносін бацькоў і дзяцей у сям’і Казлоўскіх, на чале якой стаіць старэйшына і бясспрэчны аўтарытэт – Іосіф Піліпавіч. Нельга ўстрымацца, каб не выказаць яму павагу, нізка пакланіўшыся за яго подзвіг – франтавы і бацькоўскі.

Акрамя Іосіфа Піліпавіча Казлоўскага на тэрыторыі Мікалаеўшчынскага сельсавета пражываюць яшчэ двое ветэранаў вайны – Валько і Лосік, абодва – поўныя цёзкі, з імем і імем па бацьку Міхаіл Міхайлавіч.          

Здымак на памяць ля дома юбіляра Іосіфа Казлоўскага.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Акурат напярэдадні Радаўніцы віншавалі з 95-годдзем ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Піліпавіча Казлоўскага. Падзея знамянальная і ўнікальная адначасова,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика