Пераможныя вёрсты вайны. 21.by

Пераможныя вёрсты вайны

14.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


ДАТА 9 мая выклікае шчымлівыя пачуцці ў нашых сэрцах. У гэты дзень па-асабліваму адчуваецца сувязь часоў і пакаленняў, гонар за нашу Радзіму. Мы з цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадваем франтавікоў, партызанаў, падпольшчыкаў, працаўнікоў тылу, якія агульнымі намаганнямі прагналі лютага ворага з роднай зямлі, адстаялі незалежнасць Айчыны, прынеслі мір і свабоду народам Еўропы. І колькі б ні мінула зімаў і вёснаў з пераможнага мая 1945-га, гэта свята было і застанецца самым дарагім і радасным для кожнага з нас.

Урачыстасці з нагоды Дня Перамогі прайшлі па ўсёй краіне, у тым ліку і на Мядзельшчыне. У 10 гадзін пазыўныя абвясцілі пра пачатак у райцэнтры мерапрыемства ў гонар велічнай даты. Застылі ў страі воіны-інтэрнацыяналісты, афіцэры запасу і ў адстаўцы, прадстаўнікі працоўных калектываў з кветкамі і вянкамі. Ганаровае месца заняў прэзідыум. Вядучы Сяргей Багданаў звяртаецца да прысутных вершаванымі радкамі:
“…Запомни эти дни.
Прислушайся немного,
И ты душой услышишь
в тот же час:
Стоит Победа на твоём пороге.
И вот она пришла к тебе.
Встречай!”

Пад маршавую музыку на плошчу ўносяцца сцяг Мядзельскага раёна, баявыя сцягі фарміраванняў, якія вызвалялі азёрны край, а таксама штандарты першага, другога, трэцяга Беларускіх і першага Прыбалтыйскага франтоў, намаганнямі якіх свабоднай ад захопнікаў стала наша рэспубліка.
Слова мае старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка:
— Паважаныя жыхары і госці Мядзельшчыны! Гэта сапраўды ўсенароднае свята займае асаблівае месца ў гісторыі нашай дзяржавы, у сэрцах усіх пакаленняў грамадзян Беларусі. У ім разам зліліся пачуцці гонару і радасці, смутку і несціханага болю страт. Памяць пра велічны подзвіг удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і працаўнікоў тылу заўсёды будзе аб’ядноўваць нас, служыць крыніцай маральнай сілы і патрыятызму. Фашысцкія войскі прайшлі па Беларусі, пакінуўшы тысячы спаленых вёсак і гарадоў, сотні тысяч брацкіх магіл, дзе пахаваны невядомыя героі, няўцешных у сваім горы сірот, удоў, матуль. 1195 нашых землякоў не вярнуліся з палёў бітваў. Не пашкадавала вайна і мірнае насельніцтва. За час нямецкай акупацыі фашысты расстралялі і спалілі 3846 жыхароў раёна, вывезлі ў Германію больш за тры тысячы чалавек, ператварылі ў попел 53 вёскі. Мы нізка схіляем галовы перад веліччу і подзвігам усіх, хто аддаў жыццё ў імя выратавання нашай Радзімы. У радах Чырвонай Арміі на франтах Вялікай Айчыннай змагаліся паўтара мільёна ўраджэнцаў Беларусі. Уся наша зямля стала адзіным рубяжом абароны. Толькі на тэрыторыі Мядзельшчыны дзейнічала пяць партызанскіх брыгад, у радах якіх змагаліся такія вядомыя людзі, як Пётр Машэраў, Фёдар Маркаў, Алег Бычак, Ганна Маслоўская, Аляксандр Азончык. За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў тыле ворага, усе яны ўдастоены высокага звання “Герой Савецкага Саюза”.

У Дзень Вялікай Перамогі мы ўшаноўваем дарагіх ветэранаў. Сёння сярод нас прысутнічае Ганаровы грамадзянін раёна Міхаіл Гардон. У гады вайны ён партызаніў на тэрыторыі Віцебскай вобласці, у мірны час больш за 30 гадоў добрасумленна працаваў на кіраўніцкіх пасадах. 14 гадоў узначальваў раённую арганізацыю ветэранаў. (У знак удзячнасці і павагі Міхаілу Гершэнавічу
ўручаюцца кветкі — аўт.). У снежні мінулага года ў адпаведнасці з архіўнымі даведкамі нададзены статус ветэрана вайны Варвары Клімовіч, жыхарцы аграгарадка Княгінін, якая была сувязной партызанскай брыгады імя Будзённага. Цяпер яе ўдзел у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі не знікне бясследна ў часе, а будзе жыць у памяці нашчадкаў.
Традыцыйна на свяце прысутнічаюць нашы паважаныя воіны-інтэрнацыяналісты. Вы яшчэ хлапчукамі першымі падняліся на барацьбу з міжнародным тэрарызмам, адважна змагаліся з ворагам, аказваючы дапамогу братняму афганскаму народу, не шкадавалі жыцця дзеля перамогі справядлівасці. А сёння зберагаеце сваё баявое братэрства, падтрымліваеце адзін аднаго і сем’і баявых сяброў, удзельнічаеце ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, добрасумленна працуеце ў арганізацыях раёна. Словы падзякі і нашым абаронцам Айчыны — афіцэрам запасу і ў адстаўцы, усім, хто з годнасцю і гонарам выконваў і выконвае свой воінскі абавязак, забяспечвае мір і стабільнасць нашага агульнага дому. Паважаныя сябры! Сёння мы ўсе асабліва ясна разумеем цану жыцця на зямлі.
Мір з’яўляецца агульным вялікім здабыткам, які неабходна берагчы і абараняць. Віншую ўсіх з вялікім святам — Днём Перамогі. Жадаю моцнага здароўя і святочнага настрою. Няхай родныя і блізкія саграваюць вас душэўным цяплом, дораць спакой і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Няхай радасцю напаўняюцца сэрцы, а кожны дзень прыносіць поспех! Са святам!
Кіраўнік раёна аб’яўляе ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Перамогі, адкрытым. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.
Да мікрафона запрашаецца ўдзельнік вайны Міхаіл Гардон:
— Паважаныя жыхары горада і госці нашага краю! Ад імя ветэранаў і ад сябе асабіста віншую ўсіх са знамянальнай датай — 73-й гадавінай Вялікай Перамогі. Дзякуючы ёй мы дагэтуль жывём пад мірным небам. Няпростым быў шлях да мая 1945-га. Цаной вялікіх ахвяр адстаяна свабода і незалежнасць Айчыны. Толькі ў маёй сям’і загінулі ад рук фашыстаў 17 чалавек: бацька, маці, васьмігадовы брат, іншыя сваякі. Жадаю, каб цяперашняе і наступныя пакаленні ніколі не зведалі жахаў вайны. Са святам усіх! Міру вам і дабра!
Затым ветэран пранікнёна чытае верш нашага земляка Іосіфа Скурко, прысвечаны любаму Мядзелу. Выступае першы сакратар райкама ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Марына Апанасёнак. Прамоўца з гонарам гаворыць пра дату, якая сабрала ўсіх на плошчы імя Шаранговіча, пра неўміручы подзвіг, здзейснены народам у гады ваеннай навалы, пра пераемнасць пакаленняў… І, вядома ж, абяцае, што моладзь прадоўжыць слаўныя традыцыі сваіх прадзедаў і дзядоў, не падвядзе.
Пасля мітынгу кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі працоўных калектываў накіроўваюцца да брацкай магілы, дзе пахаваны воіны і партызаны, якія загінулі пры вызваленні Мядзела ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уздоўж вуліц 17 верасня і часткі Юбілейнай удзельнікаў шэсця вітаюць школьнікі горада. У іх руках — сцяжкі, рознакаляровыя паветраныя шары, кветкі. Па дарозе прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” ўскладаюць кветкі да памятнага знака воінам-інтэрнацыяналістам. Каля брацкай магілы слова бярэ ваенны камісар раёна Алег Радкевіч: “Тысячы людзей — сыноў, бацькоў — не вярнуліся з вайны. Многія загінулі, так і не зведаўшы хараства першага кахання, не ўбачыўшы, як растуць іх дзеці, як жыве і квітнее родная зямля. Сярод іх і нашы землякі… Аднак няма нічога больш значнага, чым памяць. Бо тыя падзеі не зніклі бясследна. Яны засталіся ў магілах, дзе пахаваны вядомыя і невядомыя героі, ва ўзведзеных у іх гонар помніках і абелісках, у рубцах на сэрцы… Прашу ўшанаваць памяць загінуўшых хвілінай маўчання”. Да мікрафона запрашаецца благачынны цэркваў Мядзельскай акругі протаіерэй Ігар Шалуха. Святар падкрэслівае, што ў гэты дзень мы радуемся і ганарымся мірным жыццём, стваральнай працай і разам з тым глыбока смуткуем, бо страты — і чалавечыя, і матэрыяльныя — вайна нанесла вельмі вялікія. Мядзельшчыну таксама не абмінула бяда. Мы ходзім па зямлі, якая заліта крывёй, у тым ліку мірных жыхароў, пасыпана попелам спаленых вёсак,
а асобных — і з жывымі людзьмі. Таму памяць пра тыя далёкія падзеі назаўсёды будзе ў нашых сэрцах. Святар заклікае прысутных атуляць загінуўшых сваімі малітвамі і берагчы мір на зямлі.

Да помніка Смуткуючай маці дэлегацыі ад працоўных калектываў ускладваюць вянкі і жывыя кветкі. Адразу ж пасля афіцыйнай часткі пачынаецца ўручэнне юбілейных медалёў “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь” прадстаўнікам кіраўніцтва раёна, шэрагу афіцэраў запасу і ў адстаўцы. Гэту прыемную місію выканаў ваенны камісар раёна Алег Радкевіч. Потым усе накіраваліся на плошчу імя Шаранговіча, дзе адбылося тэатралізаванае прадстаўленне пад назвай “Яны жывыя, пакуль мы іх памятаем”. Пачалося яно выступленнем народнага клуба аматараў песні “Верасень”, якое змяніў блок “Вайна і сучаснасць”. Дзякуючы па-майстэрску падабраным эпізодам, дэманструючым перыяд ваеннага ліхалецця і наш мірны час, прысутныя змаглі сэрцам адчуць, праз якія цяжкасці і выпрабаванні прайшлі людзі старэйшага пакалення, што былі тады дзецьмі, падлеткамі, юнакамі і дзяўчатамі, колькі гора і слёз выпала на іх долю, пакуль не наступіў доўгачаканы пераможны май 45-га.
І як важна цаніць мірнае неба над галавой, радавацца кожнаму пражытаму дню. А таксама памятаць, што ўсім, што маем, мы абавязаны салдатам Вялікай Айчыннай, партызанам, падпольшчыкам, працаўнікам тылу — тым, якія загінулі, рана пайшлі з жыцця і тым, хто яшчэ ёсць побач з намі.
Пранікнёна гучалі песні ваеннай тэматыкі ў выкананні мясцовых салістаў. Іх дапаўнялі выступленні дзяцей з вершаванымі радкамі, а таксама танцавальныя нумары, якія падрыхтавалі пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў вучні Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў. Многія гараджане, якія прысутнічалі на канцэрце, сцвярджалі, што сапраўды багатая наша Нарачанская зямля на таленты. Яны былі ў захапленні ад цудоўных галасоў, якія пачулі са сцэны (асабліва парадавала моладзь). Разам з тым, з вуснаў асобных гучала і шкадаванне, што работнікі культуры падрыхтавалі змястоўную праграму, а яе мала хто бачыць. Так, пасіўныя нашы гараджане, нават на святочныя мерапрыемствы не ходзяць.
Засталося дадаць, што падчас урачыстасці на плошчы Шаранговіча працавалі гандлёвыя рады, дзе можна было паласавацца шашлыкамі, гарачымі блінамі, марожаным і іншымі прысмакамі, выпіць вады, пакаштаваць салдацкай кашы і рыбацкай юшкі. Была арганізавана і фотазона.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ДАТА 9 мая выклікае шчымлівыя пачуцці ў нашых сэрцах. У гэты дзень па-асабліваму адчуваецца сувязь часоў і пакаленняў, гонар за нашу Радзіму. Мы з цеплынёй і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика