ГЭТА СВЯТА СА СЛЯЗАМІ НА ВАЧАХ…. 21.by

ГЭТА СВЯТА СА СЛЯЗАМІ НА ВАЧАХ…

14.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


БОЛЬШ за сем дзясяткаў год мінула з таго часу, як нашы бацькі, дзяды і прадзеды са зброяй у руках адстаялі права жыць на гэтай зямлі і з гордасцю называць сябе Пераможцамі. Сёння вуліцы гарадоў, пасёлкаў і вёсак краіны запаланіў усё той жа квітнеючы прыгажун-май.
І гэтак жа, як і шмат год таму, людскія сэрцы перапаўняюць хвалюючая радасць і шчырая ўдзячнасць старэйшым пакаленням за мірнае неба над галавой. Гэта востра адчувалася ў мінулы аўторак і ў Барысаве, дзе сталічная вобласць праводзіла святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 73-й гадавіне Перамогі
савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. З кожнага рэгіёну Міншчыны з раніцы сюды накіроўваліся прадстаўнічыя дэлегацыі. Мядзельскую ўзначальваў старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка. У яе складзе былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Алег Бароўка, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мар’ян Аніська, старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Юрый Мяркулаў… Усяго — дванаццаць чалавек.
Перш, чым распачалася галоўная дзея свята на канцэртнай пляцоўцы насупраць будынка Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання, госці маглі крыху пазнаёміцца з горадам, падрыхтаванымі шматлікімі выставамі-інсталяцыямі. Непадалёку, на вуліцы Чапаева, дзе знаходзіцца сквер з помнікам “Ахвярам фашызму”, позірк прыцягнулі мемарыяльны знак і алея барысаўчан-Герояў Савецкага Саюза. Іх роўна дзесяць. Зацікавіла, што ў ганаровым спісе браты Мацвей і Яўсей Вайрубы. Як высветлілася, першы з іх у няпоўныя чатырнаццаць год ужо працаваў шкловыдзімальшчыкам на Барысаўскім шкляным заводзе, а другі з дванаццаці гадоў мясіў гліну ў ганчарнай майстэрні, пазней — сплаўляў лес па Бярэзіне. Калі пасталелі, звязалі свае лёсы з Чырвонай Арміяй. За нейкі месяц да пачатку Вялікай Айчыннай браты скончылі Ваенную акадэмію імя Фрунзе. У гады вайны Мацвей Рыгоравіч камандаваў бранятанкавымі і механізаванымі войскамі 8-й гвардзейскай арміі, якая прайшла з баямі ад Волгі да Берліна. Яўсей Рыгоравіч летам 41-га абараняў, а ў 44-ым — вызваляў Беларусь. Камандаваў танкавай брыгадай, якая вызначылася ў Вісла-Одэрскай аперацыі. Званне Героя Савецкага Саюза братам прысвоілі ў адзін дзень, адным Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Выпадак з разраду ўнікальных, калі ў адной сям’і выраслі адразу два Героі…

Святочнае мерапрыемства распачалося з ускладання вянкоў і кветак да помніка “Ахвярам фашызму” кіраўніцтвам аблвыканкама, ганаровымі гасцямі і ветэранамі, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, старшынямі раённых выканаўчых камітэтаў, а потым прадоўжылася на цэнтральнай плошчы Барысава. З вітальным словам перад удзельнікамі ўрачыстасці выступіў губернатар Міншчыны Анатолій Ісачанка. Ён адзначыў, што ў шэрагу незабыўных дат гіторыі адной з самых значных з’яўляецца 9 мая. Роўна 73 гады таму падведзена рыса пад самай кровапралітнай вайной у гісторыі чалавецтва. Узняўшы над рэйхстагам Сцяг Перамогі, савецкі народ вярнуў свету мір і свабоду. У гэтыя вясеннія дні кожны чалавек, кожная сям’я, увесь наш народ жывуць памяццю аб той падзеі. Мы зноў і зноў перажываем вялікі духоўны пад’ём, які адчувалі нашы суайчыннікі ў момант заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Дзень Перамогі — гэта сапраўды свята са слязамі на вачах, бо ў ім злучаны і радасць, і горыч страт. Страшная вайна, якая працягвалася чатыры гады, вогненным валам пракацілася па Міншчыне. Менавіта наш народ, які першым прыняў на сябе удар гітлераўскай Германіі, як ніякі іншы, зазнаў увесь цяжар вайны. Тысячы ні ў чым не вінаватых мірных грамадзян расстралялі ці зажыва спалілі акупанты. Людзі старэйшага пакалення памятаюць і адступленне нашых войскаў, і цёмную ноч акупацыі, новы нямецкі парадак і зверствы фашыстаў. Няма сям’і, якую б не апаліла смяротным агнём гэта вайна. Сваякі амаль кожнага з нас абаранялі Радзіму. Памятае мінская зямля і полымя партызанскай барацьбы, якое разгарэлася ў лясах, подзвігі падпольшчыкаў і цяжкія баі за вызваленне, якое прыйшло ў ліпені 1944 года. Нашы землякі змагаліся на ўсіх франтах гэтай вайны, удзельнічалі ва ўсіх яе бітвах. У святочныя дні мы аддаём даніну глыбокай павагі тым, хто прынёс на алтар Перамогі самае дарагое — маладосць, здароўе, жыццё. Яны, як і мы сёння, хацелі жыць, радавацца і ствараць, але вайна перакрэсліла іх лёсы. Мы ўдзячны саладатам і афіцэрам, партызанам і падпольшчыкам, усім, хто працаваў на вытворчасці, вырошчваў хлеб, хто з гонарам прайшоў цяжкімі дарогамі вайны і ўнёс ратны ўклад у разгром нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
“Зараз з намі ў адным страі жывыя сведкі тых страшных ваенных гадоў, — падкрэсліў Анатолій Міхайлавіч. — Звяртаюся да прысутных ветэранаў, а ў іх асобе — да ўсіх, хто не змог сёння быць з намі. Дарагія ветэраны! Нізкі паклон вам за Перамогу. Дзякуй за тое, што не шкадавалі сябе на фронце і ў тыле, за тое, што выстаялі, што адрадзілі з руін і попелу родную зямлю. Ваша стойкасць, мужнасць, само жыццё — дастойны прыклад для людзей розных пакаленняў. Мы ганарымся вамі, раўняемся на вас, стараемся зрабіць усё магчымае, каб пакаленне пераможцаў жыло дастойна. А для гэтага мы абавязаны працаваць яшчэ больш, абапіраючыся на вашу мудрасць і жыццёвы вопыт. Дазвольце пажадаць у гэты дзень моладзі заўсёды памятаць пра подзвігі былога, захоўваць слаўныя баявыя традыцыі бацькоў, дзядоў і прадзедаў і рабіць усё, каб цень вайны ніколі больш не накрыў нашу краіну…”

Бадай, нікога не пакінула раўнадушным і выступленне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, жыхара Уздзенскага раёна Уладзіміра Парабковіча. Цяпер на яго флоцкім кіцелі пагоны капітана трэцяга ранга. Пачынаў жа вайну Уладзімір Яфімавіч юнгам, а закончыў у званні старшыны першай стацці. На рахунку экіпажа карабля, на якім ён ваяваў, сорак канвойных аперацый, каля трохсот адбітых атак варожай авіяцыі. Афіцэр у адстаўцы павітаў прысутных ад імя дэлегацыі Уздзенскага раёна і ўзгадаў тыя дні, калі яны “не лічылі раны, за Радзіму змагаліся да канца і здабылі пераможны лаўровы вянок для ўсіх народаў”. “Хаця строй наш з гадамі парадзеў, — з пачуццём адзначыў Уладзімір Парабковіч, — няхай чырвоны сцяг Перамогі вечна лунае ўвышыні як сімвал франтавога сяброўства, з якім мы ішлі на бой з фашыстамі. Цяпер мы, канечне, ужо старыя. Але жывём, на скронях — сівізна, на грудзях — ордэны, ззаду — цяжкія баі і паходы. Пасля вайны таксама выдаліся вельмі нялёгкія гады ўзнаўлення. Усё зрабілі нашы пакаленні! Адбудавалі гарады і вёскі, фабрыкі і заводы, калгасы і саўгасы, установы аховы здароўя, адукацыі і культуры, многае ўзвялі занава… Пакуль мы жывём і ў нашых грудзях б’ецца сэрца, хаця, няма чаго граха таіць, часам з перабоямі, мы заўсёды былі і будзем прыкладам для нашай моладзі, як трэба добрасумленна жыць, ударна працаваць і любіць сваю Радзіму. Як мы яе любілі, ішлі за яе на верную смерць…”
Ад імя маладога пакалення слова ў адказ меў навучэнец 10 “б” класа Барысаўскай гімназіі №3 Юрый Марозаў, які выйшаў да мікрафона з фотапартрэтам свайго дзеда — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Яно і сапраўды, у жыцці надараюцца падзеі, якія праз гады сціраюцца з памяці людзей, становяцца набыткам архіваў. Але ёсць і такія, значнасць якіх з часам не змяншаецца, а ўзрастае, яны становяцца неўміручымі. Такая — наша ўсенародная Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта самае галоўнае, святое свята, у якім назаўсёды знітаваны велічнасць і смутак. Многіх прысутных у імправізаванай зале пад адкрытым небам да глыбіні душы усхваляваў агучаны вядучым невясёлы роздум. У галоўным парадзе ў Маскве ў гонар Перамогі 24 чэрвеня 1945 года ўдзельнічалі дзесяць тысяч салдат і афіцэраў армій і франтоў.

Гэта праходжанне войскаў па Чырвонай плошчы працягвалася паўгадзіны. За чатыры гады вайны страты нашай арміі склалі амаль дзевяць мільёнаў забітымі. І кожны з іх, аддаўшых Перамозе самае каштоўнае — жыццё,
заслугоўваў таго, каб прайсці ў тым парадным страі па Чырвонай плошчы. Толькі вось для гэтага ім спатрэбілася б ажно дзевятнаццаць сутак! Вы толькі ўдумайцеся — дзевятнаццаць дней і начэй ішоў бы гэты бесперапынны паток загінуўшых батальёнаў, палкоў і дывізій. Парад герояў, парад Пераможцаў… Нам яшчэ нельга забываць і аб тым, што, калі пачынаецца вайна, жорстка крышыцца ўклад прывычных будняў. Дабро перамешваецца са злом, губляецца каштоўнасць чалавечага жыцця. На змену шчасліваму дзяцінству, рамантычнаму юнацтву, упэўненай сталасці і паважанай старасці прыходзяць пакуты, смерць і разбурэнні. Вось чаму мы марым, каб у нашым блакітным небе грукаталі толькі мірныя артылерыйскія салюты.
Пасля афіцыйнай часткі па плошчы прайшла ваенная тэхніка і адбыўся выдатны святочны канцэрт, які падараваў прысутным багата бліскучых уражанняў і цудоўнага настрою. Над горадам луналі песні, якія звязваюць нябачнымі ніткамі і яднаюць усе нашы пакаленні: “Дзень Перамогі”, “Развітанне славянкі”, “Нам патрэбна адна Перамога”, “Смуглянка”…

Павел ЖУКАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
БОЛЬШ за сем дзясяткаў год мінула з таго часу, як нашы бацькі, дзяды і прадзеды са зброяй у руках адстаялі права жыць на гэтай зямлі і з гордасцю называць сябе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика