День семьи для миорчан Сергея и Ольги БОСАКОВЫХ. 21.by

День семьи для миорчан Сергея и Ольги БОСАКОВЫХ

15.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>

 — Тата — раз, мама — два, я — тры, маленькія — чатыры і пяць, кот Рыжык — шэсць, — пералічвае сваю сям’ю дзяўчынка Даша. — Самы галоўны — тата, самая модная і шыкоўная — мама, самыя плаксівыя — сястрычкі, але яны бываюць і спакойнымі, самы хуткі — кот, а я — самая лепшая.

Быць сям’ёй — гэта значыць быць адзін аднаму падтрымкай, надзейным тылам, шчасцем і разам клапаціцца пра сваіх дзяцей. Так лічаць міярчане Сяргей і Вольга БАСАКОВЫ. Хутка яны адзначаць сёмую гадавіну сямейнага жыцця. Разам з дачушкай Дашай, якая рыхтуецца да выпускнога ў дзіцячым садку, і блізнятамі Аняй і Янай, якім пайшоў чацвёрты месяц.

РАЗМАЎЛЯЕМ у прасторнай драўлянай альтанцы ў двары. Гаспадар узвёў яе сам за два вечары. Атрыманыя ў вучылішчы будаўнікоў навыкі прымяняе на ўласны дабрабыт. Зрабіў лазню, плануе, дзе размясціць іншыя пабудовы, “апранае” ў сайдынг дом. Паставіў яго на новы фундамент, перакрыў дах, дапоўніў верандай. Наймаць работнікаў няма патрэбы. Ёсць дружныя браты, добрыя сябры і свае ўмелыя рукі. Спраўляецца Сяргей з задачамі, якія лічацца жаночымі. Калісьці і не думаў, што будзе збіраць дачушку ў садок і касу ёй заплятаць. Дапамагае даглядаць малодшых. Супакойвае іх уначы, акуратна пагойдвае каляску ўдзень.


— Па-рознаму дзяўчынкі сябе паводзяць. Часам добра спяць, бывае, наадварот. — гаворыць Вольга. — Нядаўна прышчэпку зрабілі. Напэўна, арганізм прывыкае. Сёння ноч няпростая была. Здараецца, за суткі толькі чатыры гадзіны на адпачынак выпадае.


У БАЦЬКОЎ на тварах шчаслівая стомленасць. Такая бывае ў людзей, якія шмат часу аддаюць чамусьці любімаму, прыемнаму, што забірае шмат сіл і напаўняе рэчаіснасць сапраўдным сэнсам. Для Сяргея і Вольгі — гэта іх дачушкі.
— У сям’і павінны быць дзеці, — упэўнены Сяргей.


Звестка пра тое, што чакаюць блізнят, стала для іх нечаканасцю. Перажывалі, як будуць спраўляцца з двума немаўлятамі.
Аня і Яна нарадзіліся 1 лютага. Калі забіралі іх дадому, старэйшая сястрычка прапанавала тату пусціць у неба паветраныя шары. Так і зрабілі. Даша разумее, што матулі складана спраўляцца з маленькімі, што яна стамляецца. Таму стараецца быць самастойнай, падтрымлівае ў парадку пакой, прыбірае за сабой цацкі. Рухавая і жвавая, любіць гуляць з татам у даганялкі ў двары і рыбачыць разам з ім на возеры. Праяўляецца характар у блізнят.


— Знешне на тату падобныя. Аня актыўная, Яна больш спакойная, спіць даўжэй за сястрычку. Абедзве не шкадуюць усмешак,—расказвае маці. — Ім патрэбны зносіны. Слухаюць, калі штосьці расказваеш.


БЕЗ дачушак Басаковы ўжо не ўяўляюць сваю сям’ю. Хочацца, каб дзеткі раслі здаровымі, у камфортных умовах, частаваліся салодкімі ягадамі і свежай гароднінай. У двары малады сад з грушай, слівай, чарэшняй, хутка пакажуцца з градак парасткі бульбы, агуркоў, морквы. У планах гадаваць птушку. Аб’ём работы не палохае. Працаваць умеюць. Наведваюць бацькоў Сяргея ў Пераброддзі, дапамагаюць па гаспадарцы. Вользе падабаюцца маляўнічыя перабродскія мясціны. Яе родныя ў Шумілінскім раёне. На лета туды да бабулі збіраецца Даша.


НЕПРЫКМЕТНА пабяжыць час. Прынясе першыя адзнакі са школы старэйшая дачушка, пачнуць рабіць першыя крокі блізняты. Мноства розных падзей — радасных і сумных, важных і звычайных, незабыўных і клопатных — чакае дружную сям’ю. Разам будуць радавацца поспехам, спраўляцца з праблемамі, заплятаць дзяўчынкам косы, збіраць у лесе грыбы, замарожваць на зіму суніцы, купацца на перабродскім возеры. Словам, быць шчаслівымі. 

Фота аўтара.

Кацярына РЫНКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 — Тата — раз, мама — два, я — тры, маленькія — чатыры і пяць, кот Рыжык — шэсць, — пералічвае сваю сям’ю дзяўчынка Даша. — Самы галоўны — тата, самая модная і...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика