Ёсць такая краіна, якую немагчыма знайсці на геаграфічнай карце. Але яна існуе і жыве ў сэрцы кожнага з нас. Мы называем яе па-рознаму:  “родны кут”, “родная старонка”, “малая радзіма”. Але часцей усяго – гэта “бацькаўшчына”. У кожнага чалавека яна свая адзіная і непаўторная.

Сапраўды, найдаражэйшым кутком для кожнага чалавека будзе тая мясціна, дзе ён нарадзіўся, тая калыска, якая  яго ўзгадавала, і з якой кожны з нас, як тая птушка, паляцеў у свет.

Але малая радзіма – паняцце больш шырокае. Яно ўвабрала ў сябе яшчэ і народныя традыцыі, і  звесткі пра людзей, якія пакінулі пасля сябе добры след. Гэта і ўсё наваколле, якое аказвае вялікі ўплыў на фарміраванне нашага светапогляду, на наша станаўленне як асобы, як чалавека.

Сёння хочацца павесці гаворку пра такія населеныя пункты Усяжскага сельсавета як  Ізбіцкае і Высокае. Здаўна гэты куточак быў звязаны  з жыццём нашых  далёкіх продкаў, сваякоў і блізкіх  мне людзей.  Гэтыя мясціны я таксама лічу сваёй малой радзімай.

У далёкія гістарычныя часы нашы прашчуры  абжывалі гэтыя мясціны, пілілі і сплаўляі лес, асушалі балоты вакол Высокага і Ізбіцкага,  будавалі і рамантавалі дарогу, па якой і сёння ездзім у Лагойск і Мінск.  Іх умелымі рукамі быў пабудаваны Высоцкі млын. Яны заўсёды многа і шчыра працавалі на зямлі – і на сваёй, і на панскай.

Жыхары гэтых мясцін былі добрымі бачкарамі.  У архіўных дакументах 1897 года значыцца, што жыхары  вёсак Трубічына, Ізбіцкае, Высокае, Шпакоўшчына займаліся бондарным промыслам, продажам жывёлы і сплавам лесу. У дакументах мне сустрэліся паняцці “ізбняк”, “лясы  ізбяныя”. Магчыма, адсюль і пайшла назва Ізбіцкае.

Вёскі Ізбіцкае, Высокае, Трубічына, Шпакоўшчына,  згодна інвентару 1844 года,   належылі да маёнтка Астрашыцкі Гарадок графа  Іосіфа Міхайлавіча Тышкевіча. Значыўся там і фальварак Высокае, што знаходзіўся ў пажыццёвым уладанні  межавага суддзі  Аляксандра Дамброўскага. У 1853 годзе  граф Тышкевіч  аддзяляе вёску Высокае  разам з навакольнымі лясамі і землямі  і прадае гэтую частку сваіх уладанняў  Роберту Антонавічу Радзевічу. З таго часу маёнтак пачаў насіць назву “Высокае”.

Роберт Антонавіч Радзевіч  загадаў перанесці мясцовыя могілкі з высоцкай гары ў тое месца на Ізбіцкім, дзе яны знаходзяцца і цяпер. Людзі казалі, што не ўсе змаглі перанесці сваіх памерлых на новае месца пахавання.

А на месцы, дзе былі могілкі, памешчык Радзевіч пабудаваў свой маёнтак. У 1867 годзе гаспадар маёнтка памёр, уладальніцай маёмасці стала яго адзіная дачка Марыя Габіх. Але яна не вельмі клапацілася пра развіццё гаспадаркі. Жылі з мужам тым, што пілілі і прадавалі лес, а ўзнаўленнем пасадак зусім не займаліся. І ўрэшце прадалі маёнтак памешчыку  Мікалаю Іванавічу Дзямідаву. Гэта быў сапраўдны гаспадар,  многа рабіў добрых спраў і для сябе, і для людзей  з навакольных вёсак. Гэта яго заслуга, што на рацэ Усяжа быў пабудаваны млын, які называлі Высоцкім  і які потым быў аднесены да помнікаў прамысловай архітэктуры. Дзямідаў  займаўся ўмацаваннем дамбы пры млыне, падтрымліваў у добрым стане дарогу, якая і цяпер вядзе ў Лагойск. Насельніцтва падтрымлівала задумы свайго пана. Гэта іх рукамі ствараўся гэты дабрабыт.

Да гэтых заслуг трэба дадаць яшчэ і тое, што  Мікалай Дзямідаў  унёс вялікі матэрыяльны ўклад у Ізбіцкую  царкоўна-прыходскую школу, што была адчынена ў 1908 годзе. Знаходзілася школа ў панскім маёнтку, і Дзямідаў  падтрымліваў установу сродкамі і ўвагай. Навучанне ў школе доўжылася два гады, спачатку яе наведвалі толькі хлопчыкі, а пазней на вучобу пачалі прымаць і дзяўчынак. Навучаліся тут дзеці не толькі з Ізбіцкага, але і з  Высокага, Трубічына, Шпакоўшчыны. Штат складаўся з двух супрацоўнікаў: настаўніка і святара.  Ёсць звесткі, што ў 1910 годзе ў школе вучыліся ўжо 50 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак. Настаўніцай працавала Вера  Вашчанка, а святаром —  Іван Пашын.

У 1922 годзе школа атрымала назву “Ізбіцкая савецкая працоўная школа”.

У пачатку 1914 года Дзямідаў прадае маёнтак братам Сяргею і Івану  Людвігавічам Бараноўскім, ім засталася вялікая і  моцная гаспадарка. Меўся жылы дом гаспадара,  тры дамы для рабочых, шмат гаспадарчых пабудоў. Былі  ў гаспадарцы свая кузня, канюшня, лядоўня, капцільня, многа сельгасінвентару і машын, у асноўным, замежнай вытворчасці. Добры прыбытак давалі рыбная гаспадарка і вялікі сад, які займаў чатыры дзесяціны зямлі. Сапраўдным упрыгожаннем маёнтка былі жалезныя каваныя вароты на заездзе ў двор з боку дарогі.

Але па-сапраднаму разгарнуцца новым гаспадарам перашкодзілі  спачатку нямецкія, а потым польскія акупанты ў 1918 годзе, якія ўстанавілі рознага роду падаткі з кожнага двара, забаранілі вывозіць прадукты харчавання на продаж у Мінск, забралі ў жыхароў большуя частку іх ураджаю. Каб уратаваць маёмасць, сяляне вымушаны былі хаваць  жывёлу ў лесе. А ў 1919 годзе напаткала і яшчэ адно ліха: тыф, ад  якога памерла шмат жыхароў навакольных вёсак.

Памешчыкі Бараноўскія таксама  дапамагалі школе. Настаўніцай у той час працавала іх сястра  Аляксандра Людвігаўна  Ельніцкая. Захаваліся дакументы аб тым, што настаўніца звярталася ў Мінскую павятовую ўправу з прапановай  выдаткаваць грошы на выпіску школе газет, часопісаў і кніг. Прапанова яе была задаволена. Збіралася  працаваць у школе і яшчэ адна сястра Бараноўскіх – Маргарыта Людвігаўна, якая ў сваёй заяве да ўлады пісала, што з’яўляецца слухачкай Петраградскіх курсаў новых моў. Але ёй адмовілі, а маёнтак у хуткім часе быў нацыяналізаваны. Ішоў ужо 1918 год.

У сувязі з ваеннымі дзеяннямі  1919-1920-х гадоў маёнтак быў разрабаваны. І пазней школа зноў пераводзіцца ў Высокае, у той жа самы  напаўразбураны будынак. Камісія, якая наведалася ў школу, адзначыла вельмі кепскія ўмовы для работы школы. Са школьных прылад для 41 вучня налічвалася 6 сшыткаў, адзін аловак, адна бутэлечка чарніла, меўся глобус, два камплекты азбукі, чатыры геаграфічныя карты, класная мэбля была паламана.

Настаўніца  Лізавета Аляксееўна  Івакова, якая ў тыя гады працавала ў школе, неаднаразова звярталася да ўлад з прапановай пабудаваць школу ў Ізбіцкім, бо гэта было зручным для большасці вучняў з навакольных вёсак і хутароў. І ўлады прыслухаліся. У 1926 годзе ў вёсцы Ізбіцкае з’явіўся свой школьны будынак. Старэйшы жыхар  гэтай вёскі  Яўген Мікалаевіч Шымановіч у размове  ўспамінаў, што і ён вучыўся ў той школе.  З архіўных дакументаў бачна, што навучалася 65 вучняў у двух класах. Заняткі праводзілі два настаўнікі. Праіснавала школа да сярэдзіны 70-х гадоў. З таго часу ізбіцкія дзеці далейшую вучобу працягвалі ў Усяжскай сярэдняй школе. А пасля закрыцця школы ў Ізбіцкім у будынку размяшчаліся і клуб, і бібліятэка.

Але Ізбіцкае працягвае жыць, хоць сённяшняе яе жыццё не такое насычанае, як было некалі. Пражываюць тут і людзі паважанага ўзросту. Гэта  Яўген Мікалаевіч Шымановіч,  Надзея Яўгенаўна Шымановіч, Ніна Антонаўна Радкевіч. А дапамагае гэтым людзям у штодзённым жыцці добразычлівая энергічная жанчына —  Наталля Георгіеўна Шымановіч,  якая з’яўляецца сацыяльным работнікам і адначасова дэпутатам  сельскага Савета дэпутатаў.

Хочацца спадзявацца,  што дзеці і ўнукі тых людзей,  якія сезонна пражываюць у вёсцы і каго тут называюць “дачнікамі”, таксама палюбяць гэтыя прыгожыя мясціны, зацікавяцца іх гісторыяй і захочуць зрабіць штосьці карыснае для росквіту гэтай зямлі.

Валянціна Мікалаеўна КАЗАК, вёска Шпакоўшчына.