Гэта не прафесiя – прызванне. 21.by

Гэта не прафесiя – прызванне

16.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алёна НІКАНЧУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Яны прысвячаюць сябе адказнай і высакароднай справе: вяртаюць людзям жыццё і здароўе, пачуццё радасці і надзеі. Дзякуючы іх самаадданасці, уменням і вопыту, міласэрнасці, дабрыні і чуласці, прафесія медыцынскай сястры стала адной з самых паважаных у грамадстве. 30 гадоў сваёй працоўнай біяграфіі аддала ёй мая гераіня – участковая медсястра раённай паліклінікі Ірына Макарук, якая шчыра любіць сваю работу і не ўяўляе сябе без яе.

Родам Ірына Макарук з палескай сталіцы – горада Пінска, вучылася ў пятай школе. Калі дзяўчына стала задумвацца аб будучай прафесіі і гэтае пытанне пачалі абмяркоўваць у сям’і, пачула парады ад бацькоў: тата раіў ісці ў гандаль, а вось мама рэкамендавала выбраць медыцыну. Яна і аргументы прыводзіла дачцэ: прыходзіць людзям на дапамогу – справа высакародная і патрэбная. Прыслухалася Ірына да матуліных слоў і пасля восьмага класа падала дакументы ў Пінскае медыцынскае вучылішча на фельчарска-акушэрскае аддзяленне. Дастойна вытрымала іспыты, але… не прайшла па конкурсе. Вачам не паверыла, калі ў спісе тых, хто паступіў, не знайшла свайго прозвішча. Ад мэты ўсё ж не адступіла. Пасля дзесяцігодкі паспрабавала свае сілы яшчэ раз – і паступіла, толькі ўжо на сястрынскае аддзяленне. Вучыцца вельмі падабалася, з прадметаў у ліку любімых была анатомія, а некаторыя яе пабойваліся. Цікава праходзілі практыкі, яны ладзіліся на базе медыцынскіх устаноў Пінска. А вось падчас дыпломнай практыкі Ірына стажыравалася ў раённай бальніцы Лунінца. Няпоўныя два гады навучання – незабыўныя студэнцкія гады – праляцелі хутка і весела. Медвучылішча Ірына скончыла “з адзнакай”. Як выдатніца, яна ішла па размеркаванні ў ліку першых і мела права выбару. На жаль, месцаў у родным Пінску не было, і дзяўчына спынілася на Брэсце: атрымала накіраванне ў Брэсцкі абласны скурна-венералагічны дыспансер. Маладога спецыяліста ветліва сустрэлі ў Брэсцкай установе – Ірына трапіла ў дружны калектыў, пра які з асаблівай цеплынёй гаворыць і цяпер. За тры гады работы ў дыспансеры паспела папрацаваць ва ўсіх кабінетах: скурных, венералагічных, мікалагічных захворванняў, іншых, дзе вяла прыём разам з урачамі, ажыццяўляла забор крыві, брала іншыя аналізы, выконвала розныя ін’екцыі.
Пасля адпрацоўкі дзяўчына марыла вярнуцца ў родны Пінск і працаваць разам з сяброўкай, але ў апошні момант у той змяніліся планы, і Ірына вырашыла застацца ў Брэсце. Паўстала пытанне: дзе ж працаваць? Яна не разгубілася – зай-
шла на прыём да галоўнага ўрача Брэсцкай гарадской паліклінікі № 4.
Ён адразу прапанаваў пасаду ўчастковай медыцынскай сястры, на якой Ірына Макарук адпрацавала 15 гадоў. Той час таксама ўспамінае добрымі словамі, працаваць падабалася: разам з урачом-тэрапеўтам вялі прыём на здраўпункце Брэсцкага панчошнага камбіната, працаўнікі якога і складалі дадзены ўчастак. У гэты час у Ірыны адбыліся змены і ў асабістым жыцці: на вяселлі ў добрага знаёмага, якое гулялі спачатку ў Пінску, а потым у пасёлку Ленінскім на Жабінкаўшчыне, сустрэла сваю палавінку – будучага мужа. А праз год Ірына і Аляксандр згулялі ўласнае вяселле. Пакуль будавалі свой дом у Ленінскім, паспелі пажыць з Сашавымі бацькамі і ў інтэрнаце ў Жабінцы. У 1997-м Макарукі справілі наваселле.
Ездзіць на працу ў Брэст з цягам часу Ірыне станавілася ўсё складаней, і яна вырашыла ўладкавацца ў раённую бальніцу. З 2005 года Ірына Макарук – участковая медсястра паліклінікі. На ўчастку № 5, які яна абслугоўвае разам з урачом-тэрапеўтам Вольгай Бутрым, каля дзвюх тысяч пацыентаў. Ірына Васільеўна займаецца апрацоўкай картак, выклікае на прыёмы дыспансерных хворых, вядзе кантроль за іх своечасовым абследаваннем, актыўна наведвае пацыентаў дома. Асаблівая ўвага надаецца адзінокім людзям, тым, якія маюць родзічаў, але пражываюць самі, інвалідам І групы, не абследаваным больш за два гады. Пад кантролем у Ірыны Макарук імунізацыя насельніцтва ўчастка, выклікае людзей на планавыя прышчэпкі. Яна вядзе шмат дакументацыі і запаўняе розныя карткі: уліку дыспансернага назірання (форма № 131), куды ўнесена ўся інфармацыя пра пацыента; флюараграфічных абследаванняў; прафілактычных прышчэпак дарослага насельніцтва і іншыя.
У размове Ірына Васільеўна падкрэсліла, што ёй камфортна працаваць у тандэме са сваім урачом – Вольгай Леанідаўнай, а гэта вельмі важна ў рабоце, калі паміж калегамі пануе разуменне і ўзаемадапамога. Сваім настаўнікам і дарадцай Ірына Макарук лічыць старшую медыцынскую сястру паліклінікі Тамару Рынчук, якая заўсёды прыйдзе на дапамогу ў любой сітуацыі, падкажа і падтрымае.
Прафесійнае свята – Дзень медыцынскай сястры – адзначыць спачатку са сваімі калегамі. Для медсясцёр Жабінкаўшчыны падрыхтавана цікавая і насычаная праграма, у якой наведванне басейна, прагляд кінафільма, экскурсія па горадзе і святочны стол. Дома ж Ірыну павіншуюць муж Аляксандр і дачушка Настачка. Для любімай жонкі і матулі яны прыгатуюць шашлыкі і юшку – фірменныя стравы Макарукоў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК. Яны прысвячаюць сябе адказнай і высакароднай справе: вяртаюць людзям жыццё і здароўе, пачуццё радасці і надзеі. Дзякуючы іх...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика