Родным мясцінам, даўнім часінам, людзям тутэйшым…. 21.by

Родным мясцінам, даўнім часінам, людзям тутэйшым…

18.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

>


Мне пашчасціла нарадзіцца і ўсё жыццё пражыць у Бараўках. Усяго адзін кіламетр аддзяляў гэту вёску ад Варапаева. К канцу 30-х гадоў мінулага стагоддзя Бараўкі зліліся з Варапаевам і сталі адным паселішчам.  Мой бацькоўскі дом стаіць на зямлі прадзеда. Увогуле, многія дамы жыхароў Бараўкоў стаяць на зямлі іх продкаў. Чым старэй станаўлюся, тым больш шчымлівымі і яскравымі паўстаюць карці­ны маленства і юнацтва.

У большасці гаспадароў была свая зямля, на якой яны шчыра працавалі, сеялі зерневыя, лён, каноплі, вырошчвалі агародніну; былі конь, карова, падцёлак, авечкі, свінні, куры, качкі, гусі.

Нашы продкі былі ўмелымі ў многім. Славіўся выдатным шаўцом Вікенцій Дашчынскі. Да гэтага часу помняцца маміны прыгожыя летнія туфлі з далікатнымі палоскамі і невысокім абцасікам, зграбныя мужчынскія і жаночыя хромавыя боты, сшытыя яго рукамі. Ён і Іван Кіёнак выдатна рамантавалі абутак. Жылі ў Бараўках добрыя шаўцы і швачкі, печнікі, цесляры, майстры па вырабе валёнкаў. Выдатным цесляром, будаўніком, пчаляром быў мой стрыечны дзядзька Міхаіл Дзевятоўскі. Трывала стаіць на зямлі збудаваны ім дом. У доме маіх бацькоў захаваўся з пяцідзясятых гадоў “эксклюзіўны” буфет дзядзькі Міхаіла, практычны і прыгожы. Узгадваю такіх жа майстроў па дрэве Аляксандра Зарэцкага, Мікалая Дзевятоўскага. Напэўна, ёсць людзі, якія памятаюць і добрага каваля Уладзіміра Дзевятоўскага, майго бацьку. З пачатку жніўня 1944 года і да канца жыцця (1968 г.) ён працаваў у кузні Варапаеўскай дыстанцыі пуці. А ў сваёй уласнай вырабляў для сябе і людзей усё неабходнае ў гаспадарцы, умеў падкаваць каня.

Добра выраблялі ў Бараўках шкуры хатняй і дзікай жывёлы, шылі з аўчынак кажухі — будзённыя і святочныя. Жанчыны пралі на калаўротах ільняное валакно і воўну, ткалі. Саматканыя палотны ішлі на пашыў жаночай і мужчынскай бялізны, прасцін, ручнікоў, настольнікаў, посцілак, верхняга ­адзення. У мяне да гэтага часу ёсць прыгожы “паласавік”. Жанчыны ў Бараўках былі вельмі працавітыя і ўмелыя. А найлепшым прыкладам для мяне была мама. Нават у 94 гады яна смажыла для ўсіх родных дранікі, пякла бліны з мукі. Мама была нашым анёлам-ахоўнікам, і мы бязмежна ўдзячныя ёй. Яна не раз гаварыла ўнукам: “Вы ўсе мае любыя ўнукі і самыя блізкія адно аднаму людзі. Я гарну вас усіх да сябе. Вось такой цеснай кучкай і жывіце, каб кожны клапаціўся пра ўсіх”. Унукі памятаюць бабулін наказ і стараюцца выконваць яго.

Мае землякі і радня ўмелі не толькі працаваць, але і весяліцца. Мужчыны добра гралі на струнных інструментах і гармоніках, апошнія нават умелі вырабляць. Асабліва падабаліся вяселлі. Яны спраўляліся адкрыта, летам “гледачы” маглі зазірнуць праз адчыненыя вокны ў пакой, дзе ішло вяселле, абмеркаваць, ці прыгожыя маладыя, госці, ці багаты стол. Зімой паглядзець гэта ж самае можна было з кухні дома. “Гледачоў”, асабліва дзяцей, бацькі маладых нярэдка частавалі.

У час Вялікай Айчыннай вайны жыхары Бараўкоў змагаліся на франтах і ў партызанскіх атрадах. Усю вайну прайшоў сувязістам мой родны дзядзька Мікалай Герасімавіч Ярмола. З высокімі ўзнагародамі, але без рукі вярнуўся з вайны Уладзімір Адамавіч Дзевятоўскі. Цяжка параненым  прыйшоў з фронту і Віктар Антонавіч Ярмола. Загінуў у партызанскім атрадзе Мікалай Дзевятоўскі.

З некалькіх пакаленняў тых, хто жыў і жыве ў Бараўках, і з пакаленняў іх нашчадкаў выйшла многа працавітых, адукаваных людзей. Ёсць сярод іх алімпійскі прызёр і чэмпіён свету Вадзім Дзевятоўскі, кандыдаты навук, урачы, настаўнікі, інжынеры, спецыялісты многіх галін. Ганарымся вядомым праваслаўным святаром, ураджэнцам Бараўкоў Антонам Кірылавічам Дзевятоўскім (1917—1995 гг.). Ён закончыў Духоўную семінарыю ў Вільні. Служыў у розных прыходах Заходняй Беларусі (Стоўбцы, Беласточчына). Потым была  Польшча (Гайнаўка), дзе і пабудаваў за гады службы капліцу і чатыры царквы.

Маладыя нашчадкі ўра­джэнцаў Бараўкоў — годныя прадаўжальнікі добрых спраў сваіх продкаў. Ганарымся, што ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь выбраны дэпутатамі і плённа працуюць  Вадзім Дзевятоўскі і Сяргей Зямчонак, праўнукі аднаго прадзеда з Бараўкоў.

Сапраўдным патрыётам Варапаева—Бараўкоў з’яўляецца вядомы вучоны, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі Андрэй Майсяёнак. Ён нарадзіўся не ў нашых мясцінах, але яго сям’я  прыехала сюды ў сярэ­дзіне саракавых гадоў. 

…Самая шчаслівая, цудоўная пара дзяцінства і юнацтва жыве з чалавекам да яго апошніх дзён. Любыя маладыя бацькі, яшчэ жывыя дзядулі і бабулі, добрыя суседзі, сябры і сяброўкі той пары… Мае дарагія! Я памятаю ўсіх вас, вашы галасы, як збіралі разам ягады, пасвілі  кароў, адбываючы радоўку, як ездзілі ў Рудку па цэглу і потым складвалі яе ў акуратныя слупкі. Не забыць школьных будняў, нашых гульняў на калгасным двары, каля рэчкі, катання з горак на санках і лыжах і многага іншага. Шчасце, што з некаторымі з майго пакалення магу пагутарыць па тэлефоне…

Галіна КУЗНЯЦОВА (Дзевятоўская)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
> Мне пашчасціла нарадзіцца і ўсё жыццё пражыць у Бараўках. Усяго адзін кіламетр аддзяляў гэту вёску ад Варапаева. К канцу 30-х гадоў мінулага стагоддзя Бараўкі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика