«…Навучыць пісаць вершы нельга. Паэзія — гэта пачуццё, жывое, трапяткое…  для мяне кожны радок — як гарачыя вугалькі, як вочы дзявочыя, якія спаць не даюць… »

Гэтыя словы належаць вядомаму беларускаму паэту, узнагароджанаму ордэнам Францыска Скарыны,  Заслужанаму дзеячу культуры Рэспублікі Беларусь, аднаму з аўтараў Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі прафсаюзаў Беларусі, Уладзіміру Іванавічу Карызне (на фото).

Нельга не пагадзіцца з паэтам –  хіба можна навучыць ад нараджэння сляпога адрозніваць колеры вясёлкі, ад нараджэння глухога, адрозніваць гукі флейты ад гукаў скрыпкі, ад нараджэння нямога спяваць так,  як спяваў, напрыклад,  Ф.І.Шаляпін?  Вядома, навучыць нельга, але эстэтычнае пачуццё ў чалавека не нараджаецца разам з ім, не з’яўляецца інстынктыўным, яно ўзгадоўваецца асяроддзем, у якім расце і развіваецца дзіця з маленства.

Уладзіміру Іванавічу пашчасціла нарадзіцца ў творчай і дружнай сям’і, дзе панавала любоў. Любоў, якая ахоўвала, якая ратавала,  якая выхоўвала добры густ і пачуццё стылю, любоў, якая навучыла сціпласці і шчодрасці,  якая даравала талент.

“ Мой бацька быў шафёрам, вазіў Твардоўскага, ведаў на памяць усяго “Васіля Цёркіна”, — успамінаў Уладзімір Іванавіч. — Дзядуля па мамінай лініі — Канстанцін Захарэвіч — быў кавалём. Акрамя таго, сам рабіў музычныя інструменты і іграў на скрыпцы. Такі быў выдумшчык! У яго нават замок на дзвярах адкрываўся толькі тады, калі два з паловай разы прагучыць мелодыя. Другі мой дзед таксама іграў на скрыпцы.

Паэзія падобная на музыку. Яна настолькі тонкая, глыбінная, што не пішацца, а іграецца!.. Яна, зразумела, з’яўляецца цяжка: гэта як ураджай сабраць… І ў той жа час — як на скрыпцы сыграць: не кожны зможа, гэта тонкая праца душы.”

 Уладзімір  Карызна  нарадзіўся 25.05.1938 г. у вёсцы Закружка, што на Міншчыне. Яму спаўняецца 80 гадоў.  Імя паэта на слыху – яго песні гучаць па радыё, яго творы выдаюцца і прадаюцца ў кніжных крамах, артыкулы аб ім публікуюць салідныя выданні…  Але, я так і не знайшла  нічога пра яго радзіму – сціплую вёсачку, што раскінулася на беразе ракі Пціч, адкуль і пайшоў радавод Уладзіміра Іванавіча Карызны.

Я вырашыла  наведаць вёску, дзе нарадзіўся знакаміты паэт Беларусі,  і расказаць пра яе. На майскія святы я адправілася ў падарожжа.   Яшчэ здалёк запрыкмеціла буслянку  з бусламі. Гняздо прыляпілася на вяршыні жалезабетоннага слупа, які стаяў у самым пачатку вёскі, адразу за дарожным знакам  «Закружка». Яно, быццам назіральная вежа, узвышалася над мясцовымі сялібамі. А бацяны, нібы анёлы-ахоўнікі, сустракалі ўсіх, хто наведваўся ў вёску – абодва цыбатыя, стаялі ў гняздзе на сваіх доўгіх чырвоных нагах, час ад часу ўзмахвалі крыламі, бы запрашаючы ў госці.

 Пад час вайны вёска Закружка трапіла ў спіс “партызанскіх” –   фашысты бязлітасна амаль усю спалілі яе. Але не гледячы на ўсе жорсткія пакуты, вёска выстаяла і не проста выстаяла,  яна, як Фенікс-птушка,  паўстала з попелу –  адрадзілася.  Яе не зруйнавала  Вялікая Айчынная вайна, яе не скасавала перасяленне моладзі   ў горад,  яе не знішчыла  перабудова. Вёска і  сёння працягвае  жыць па сваіх законах.  Здаецца, што  ўсё тут  засталося так, як і многа гадоў таму: за ваколіцай пасвяцца каровы, хаты патанаюць у квеценні садоў, на агародах завіхаюцца гаспадары,  на падворышчы  паважна, нібы падзішах,  ступае  певень, зорка пільнуючы  свой гарэм, а сабака, забурыўшыся на маладую траўку,  з асалодай жмурыць вочы…  Не спыняючы свае гульні,  голасна, на ўсю вёску, гукаюць і смяюцца дзеці,  маладыя матулі вязуць-гойдаюць у калясках “сваё шчасце”…

Ні то ад доўгачаканага  сонца, ні то ад вясёлкі, якая толькі што ўзнялася над сялібамі, пасля цёплага,  майскага дажджу,  вочы і твары вяскоўцаў  уважліва-прыветлівыя, па-добраму  свецяцца…

Мой шлях ляжыць амаль праз усю вёску, мясцовыя жыхары, тлумачачы дарогу,  распавялі, што мне трэба арыентавацца на векавую ліпу з буслянкай.  Менавіта тут, на беразе ракі Пціч   у час, “ калі квітнелі сады”,  у сям’і Ніны Канстанцінаўны і Івана Ціханавіча  Карызнаў  25 мая 1938 года і нарадзіўся маленькі хлапчук,  якога шчаслівыя бацькі нараклі Уладзімірам.  Сапраўды, якое звычайна-незвычайнае імя —  Уладзімір Іванавіч  (Уладарыць Мірам з Боскім Блаславеннем, літаральна так перакладаюцца гэтыя два імёны.)

Уладзімір Іванавіч Карызна   знакаміты на ўвесь свет,  аўтар многіх выдатных твораў, а яшчэ бацька вядомага кампазітара Івана Уладзіміравіча Карызны  і,  ў тым ліку, дзядуля таленавітага музыканта-віяланчаліста Івана Карызны.

Раптам маю ўвагу прыцягнула старая ліпа з бусламі па левым баку вуліцы,  і я зразумела, што дзесьці тут, ужо зусім побач, сяліба, дзе з’явіўся на свет Уладзімір Іванавіч…  Чым больш я набліжалася да ліпы, тым большае зачараванне ахоплівала мяне: высокае, метраў 15-20, векавое дрэва ў два-тры абхваты…   Я пазірала на ліпу,  якая, напэўна, добра памятае ўсе ліхалецці мінулага стагоддзя, якія выпалі на лёс вяскоўцаў, памятае  радзіны, хрысціны, вяселлі, сустрэчы-развітанні…

Спадарыня-ліпа, менавіта так трэба было б звяртацца да яе,   велічная, недасягальная, у  чалме-буслянцы якой сядзелі высакародныя птушкі,  ганарыста ўзвышалася над вёскай. Прамяністае вясновае сонейка  і  дробны майскі дожджык адначасова абрушвалі  на ліпу свае  любоў і пяшчоту, а лагодны, лёгкі ветрык клапатліва церабіў яе за галінкі і прыветліва махаў мне.

Нечакана ўспомніўся дзіцячы вершык, які быў напісаны Уладзімірам Іванавічам:

Бусел на ліпе

Сёння сонца прыпякло,

Цеплыня такая,

Што прыціхла ўсё сяло:

Дожджыку чакае.

Дождж нарэшце асмялеў –

І пайшоў, паехаў,

Вадаспадам зашумеў

Ён па гулкіх стрэхах.

Бусел з ліпы не ўцякаў:

Ліпаю прызнаны,

Ён дажджу таго чакаў,

Як нябеснай ванны!

Гэта ж трэба такому здарыцца,  – хваляванне ўсё больш ахоплівала мяне,   –  а можа гэта і ёсць тая самая ліпа?!   У роздуме я зрабіла яшчэ некалькі крокаў,  азірнулася навокал – наўпрост ад мяне па ўсё тым жа, левым баку, недалёка ад ліпы, патанала ў пеннай квецені сяліба, тая самая спадчына, якая засталася Карызнам ад іх продкаў. Я наблізілася да весніц  і… зноў дзіва-дзівоснае:  дык гэта ж той самы вішнёвы сад, а ў ім, вось там у глыбіні, насупраць хаты, магчыма,  і стаіць тая самая “Маміна вішня”:

Дзе была мая калыска

Песнямі заманена,

Засталася толькі вішня –

Вішня маміна

Данеслася аднекуль з недраў маёй памяці знакамітая песня Ул.І.Карызны, напісанная ім у  1994 годзе – настрой мой узнімаўся, на душы было светла і радасна і я амаль услых пачала мармытаць сабе пад нос:

Я вясной туды прыеду.

Там –  святла праталіна,

Усміхаешся мне цветам,

Вішня маміна.

Маміна вішня, маміна вішня,

Маміна вішня плакучая…

Сэрца маё растрывожыш заўжды…

На імгненне здалося, што гэта песня прысвечана і маёй матулі таксама –  па нейкіх містычных абставінах, іх імёны саўпалі.  Мая матулечка таксама  была неабыякавай да вішань, вельмі любіла жыццё і нас, сваіх дзяцей. Яна таксама, як і Ніна Канстанцінаўна,  спявала, асабліва частушкі і народныя песні, была вясёлай і прыветлівай, многа працавала. Яе сям’я, як і сям’я Карызнаў,  пазнала холад і голад… Розніца толькі ў тым, што пад час вайны мая мама была зусім дзяўчынкай…  Менавіта з гэтай песні я і пачала перакладваць творы Уладзіміра Іванавіча на рускую мову.

Калі вярталася назад, пазнаёмілася  з вельмі цудоўнай і  прыгожай жанчынай –  90 — гадовай   Янінай Карлаўнай Гайдукевіч.  Менавіта яна мне і  распавяла аб тым, што пад час вайны бацька, Іван Ціханавіч Карызна, быў у партызанах “нейкім глаўным”, і таму, хату, у якой нарадзіўся Уладзімір,   немцы спалілі, а сям’я  цудам уратавалася ад расправы, добрыя людзі папярэдзілі пра тое, што на вёску плануюць напасці карнікі , і маці з трыма маленькімі дзецьмі паспела схавацца ў лесе. Калі ад хаты застаўся толькі попел, сям’я пасялілася ў хлеве, побач з жывёлай, адгарадзіўшыся дошкамі… Але сям’я Карызнаў  і ў гэтых нечалавечых умовах доўжыла  спяваць.

Многае давялося перажыць  Каразнам і іх аднавяскоўцам – у жахлівыя дні блакады ўмярзалі ў балота, аднак маці ратавала сваіх немаўлят,  як магла,  не толькі лагодным словам, але і песняй… Спявала ціха – так, каб толькі дзеці чулі яе голас, каб не пужаліся, каб ведалі, што яна побач… Што ўсё праходзіць, і гэта пройдзе, і што, яна, іх матуля, вельмі любіць і будзе  заўсёды побач…

Бацька Уладзіміра вельмі добра граў на балалайцы, а маці валодала   прыгожым, меладычным голасам – уся вёска збіралася, каб паслухаць  Карызнаў  і патанчыць пад іх акампанемент. Пасля вайны людзі жылі вельмі  бедна, але дружна — дапамагалі адно аднаму, дзялілся апошнім.

Пазней, амаль праз паўстагоддзе, Уладзімір Іванавіч скажа: “Матчына і бацькава душы былі багатыя, і іх душэўнае цяпло ішло да мяне”.

Вяскоўцы адносяцца да сям’і Карызнаў па-асабліваму, з павагай і пашанай. І калі заходзіць гаворка аб гэтай сям’і,  людзі прыветліва ўсміхаюцца і кажуць з гонарам, што, маўляў, гэта – цудоўная сям’я і вытокі іх радаводу знаходзяцца тут, на беразе ракі Пціч, у іхняй вёсцы – Закружка.

Размаўляю з гэтай пажылой жанчынай і бачу, як ад успамінаў асвятляецца яе твар.  Раптам яна нешта ўспомніла, а потым дадала:  “Дык ён жа і пра майго мужыка, Гайдукевіча Міхаіла Фёдаравіча,  напісаў кніжку такую… пра тое,  як у вайну было плоха-тяжка, як гадаваліся-гараваліся…”

На развітанне Яніна Карлаўна   папрасіла павіншаваць Уладзіміра Іванавіча з 80-годдзем ад імя ўсіх  землякоў-вяскоўцаў, перадаць яму, што яны яго памятаюць, любяць, ганарацца ім і ад усёй душы жадаюць яму доўгіх гадоў жыцця, моцнага  здароў’я і плённай працы ў яго творчасці.

Я зноў іду па вуліцы ў пачатак вёскі, дзе мяне  сустракалі, а цяпер праважаюць узмахамі крылаў Буслы-Ахоўнікі, а перада мной, паабапал дарогі, раскінуліся абшары маёй Айчыны.

Жытнёвае поле, лясы і азёры,

Крынічка ў лузе і ў небе жаўрук…

Услухайся толькі, усё тут гаворыць:

“Люблю цябе, Белая, Белая Русь!”

Успамінаю цудоўную песню Ул.І.Карызны ў выдатнай апрацоўцы хормайстра Андрэя Саўрыцкага, у выкананні беларускай спявачкі Дарыі, націскаю на кнопку плэера:

Ну, як не любіць тыя хаты за гаем,

Ля сініх азёр і палёў залатых,

Дзе хлебам і соллю сяброў сустракаюць 

І з песняй праводзяць, як родных сваіх!

Аднойчы Уладзімір Іванавіч пад час інтэрв’ю сказаў: “Я не адчуваю так глыбока рускае слова. Беларускае для мяне больш тонкае, больш далікатнае. Афарбоўка ў яго больш эмацыянальная.” Ён падкрэсліваў, што ў час яго паездак за мяжу ў Японію, Бельгію, Канаду, ЗША, Англію – усюды, куды яго запрашалі, прасілі пагаварыць на беларускай мове. І што адметна – яго разумелі. Разумелі не ведаючы мовы: сэрцам, душою – на падсвядомым узроўні. А ўсё таму, што ёсць мелодыя слова, яго велізарная  энергія, яго асаблівая  інтанацыя,  яго асабісты характар. І з горыччу ў голасе дадаў:  “Мы ціхія і спакойныя, і мова ў нас такая – мілагучная, павольная. А мы мяняем душу, мяняем характар. Не будзе ў нас мовы – не будзе і беларусаў. Застанецца адна пародыя на нацыю. Трэба ведаць сваю ўласную культуру, музыку, гісторыю, а асабліва – сваё роднае слова. Яно павінна быць святым.”

Да майго слыху даносіцца:

Свет помніць і сёння, як ты ваявала…

Што кожны чацвёрты ў зямлі – беларус!

Ад ворагаў лютых Маскву засланяла

Сынамі Радзімы мая Белая Русь!

Кожны радок гэтага твора наскрозь пранізвае  сэрца слухача..  Маё падарожжа завершана, я азірнулася на вёску і памахала ёй рукой.

Марына ВЕРАСЕНЬ.

Информацию читайте в № 149-152 от 23.05.2018 г.