Кубак «раёнкі» — у выхаванцаў СДЮШАР. 21.by

Кубак «раёнкі» — у выхаванцаў СДЮШАР

23.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Зборная каманда Чэрвеньскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву стала пераможцай Кубка раёна па футболу на прызы газеты “Раённы веснік” сярод юнакоў.


Спаборніцтвы, якія ладзіў фізкультурна-спартыўны клуб аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама разам з рэдакцыяй газеты, праводзіліся ў два этапы. Напачатку адбыўся занальны турнір. У групе “А” гулялі зборная Чэрвеньскай СДЮШАР, каманды Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя і Раваніцкай школы, у групе “Б” – зборная школ Смілавічаў, каманды смілавіцкіх сельгасліцэя і аграрнага каледжа.

З групы “А” ў фінал выйшла зборная СДЮШАР, якая разграміла каманду будаўнічага ліцэя – 15:0, а таксама ўзяла верх над раваніцкімі школьнікамі – 3:1.
Пераможцай групы “Б” стала каманда Смілавіцкага сельгасліцэя. Яна заваявала пуцёўку ў фінал, дзякуючы перамозе над зборнай смілавіцкіх школ (3:1) і нічыёй з футбалістамі аграрнага каледжа (3:3).

Фінальны матч спаборніцтваў прайшоў на стадыёне Чэрвеньскай СДЮШАР. Выхаванцы спартшколы ад пачатку валодалі гульнявай ініцыятывай, але да дакладных удараў па варотах смілаўчан справа не даходзіла. А вось ліцэісты адну са сваіх нешматлікіх атак завяршылі голам. На 19-й хвіліне, пасля падачы імі вуглавога, ігракі СДЮШАР не здолелі выбіць мяч за межы штрафной пляцоўкі, і ў штурханіне ля варот Сяргей Гнілякевіч адкрыў лік.

Неўзабаве чэрвеньцы адыграліся. І – таксама са стандарту. Пасля навесу Ягора Ваяводзіна з вуглавога Уладзімір Хурсік галавой скіраваў мяч у сетку – 1:1.
Дэбют другога тайма склаўся для каманды сельгасліцэя найгоршым чынам. Ужо на першай яго хвіліне смілаўчане прапусцілі яшчэ адзін мяч. З перадачы Уладзіміра Хурсіка вызначыўся Аляксей Лявонцьеў. Увогуле, другую палову сустрэчы зборная СДЮШАР правяла прыкметна мацней, чым першую. Тэрытарыяльная перавага чэрвеньцаў увасобілася яшчэ ў два мячы, якія забілі Уладзімір Хурсік і Ягор Ваяводзін – 4:1.

Інтрыга ў матчы, здавалася б, цалкам згасла. Але нечакана адрадзілася ў апошнія пяць хвілін сустрэчы, калі ў зборнай СДЮШАР адбыўся шэраг замен. Ліцэісты Дзмітрый Юдо і Максім Патапчык скарацілі разрыў у ліку да мінімуму – 4:3. Аднак фінальны свісток зафіксаваў перамогу выхаванцаў спартшколы.

Уладальнікамі Кубка “Раённага весніка” ў складзе зборнай Чэрвеньскай СДЮШАР сталі Андрыян Мурашка, Захар Каражан, Эрык Аруцюнян, Аляксей Юдо, Ігнат Барбоцька, Аляксей Грабянок, Ягор Ваяводзін, Уладзімір Хурсік, Аляксей Лявонцьеў, Ілья Няхай, Арцём Бляян, Аляксей Баранаў, Дзяніс Зімін, Максім Целяціцкі, Арцём Кацько, Дзяніс Калтовіч і Андрэй Няборскі. Рыхтаваў каманду да спаборніцтваў дырэктар СДЮШАР Ігар Філічонак.


Каманда Смілавіцкага сельгасліцэя – фіналіст спаборніцтваў

Пераможцы і фіналісты спаборніцтваў атрымалі медалі. Дыпломамі і прызамі – падпіскай на нашу газету на трэці квартал – заахвочаны лепшыя ігракі каманд: Яўген Лепеш і Дзмітрый Юдо (Смілавіцкі сельгасліцэй), Уладзімір Хурсік і Эрык Аруцюнян (Чэрвеньская СДЮШАР).

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Зборная каманда Чэрвеньскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву стала пераможцай Кубка раёна па футболу на прызы газеты “Раённы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика