Прадавец, які не толькі прадае. 21.by

Прадавец, які не толькі прадае

24.05.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


НЯДАЎНА ў рэдакцыю патэлефанавала жыхарка Мядзела, якая хваліла прадаўца з размешчанай у Доме быту крамы РайПО і прасіла падрабязней расказаць пра яе на старонках газеты. Каб даведацца, што ж гэта за прадавец, звярнулася да Таццяны Бурачонак, старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі райспажыўтаварыства. Пра сваю супрацоўніцу Таццяна Аляксееўна адгукаецца станоўча:
— Гэта Ніна Сёмка — вельмі старанная, працавітая жанчына. Сумяшчае некалькі пасад і ўсюды выдатна паспявае, сваю справу ведае добра.
Зараз сярэдзіна дня, у краме ў Ніны Іванаўны пуста, але яна ўсё роўна стаіць за прылаўкам так, быццам вось-вось могуць увайсці пакупнікі. І гэта нягледзячы на тое, што ў прафесіі яна ўжо больш за трыццаць гадоў! Яшчэ ў 1985 годзе прыехала ў Мядзел на практыку, а ў выніку знайшла тут сваё каханне, выйшла замуж і засталася ў горадзе. А родам яна з Чэрвеньскага раёна. Прызнаецца, што першы час хацела вярнуцца дадому, вельмі сумавала. Але побач быў каханы чалавек, добрая праца, з’явіўся сын, а з гадамі і ўнучкі, жыццё ўвайшло ў каляіну — і цяпер Ніна Іванаўна гаворыць пра Мядзел з любоўю.
Асноўная яе праца — прадавец у краме, але, акрамя гэтага, Ніна Іванаўна займаецца яшчэ чысткай падушак і рамонтам абутку. Дарэчы, па спецыяльнасці яна якраз майстар па рамонце абутку. Хоць, акрамя гэтага, можа займацца яшчэ і яго пашывам.
— Як вы ўжо зразумелі, усе мае абавязкі вельмі падабаюцца, — усміхаецца жанчына. — А як інакш? Толькі калі сапраўды любіш сваю справу, можна займацца ёй так доўга. Самае галоўнае для мяне, каб кліенты засталіся задаволеныя, таму стараюся рабіць усё максімальна якасна.
Ніна Іванаўна прапаноўвае мне прайсціся па краме, разгледзець тавар і працягвае:
— Уся прадукцыя, якая тут прадаецца — вытворчасці РайПО. Асартымент самы разнастайны: ручнікі з вышыўкай, льняныя вырабы, адзенне, у тым ліку спецвопратка, а таксама падушкі, пледы, наборы для лазні.
Па тым, як Ніна Іванаўна распавядае пра свой тавар, адразу відаць — у якасці тавараў яна ўпэўнена. Падае іх з лепшага боку, стараецца зацікавіць, нават ведаючы, што зараз нічога купляць не збіраюся.
— Тавар на паліцах не залежваецца?
— Не, і гэта радуе. Прыемна, што тавар карыстаецца попытам, людзі набываюць ахвотна, ёсць нават пастаянныя пакупнікі. Незадаволеных якасцю вырабаў увогуле няма.
— А як вы лічыце, што самае галоўнае ў рабоце прадаўца?
— У гандлі вельмі важна паказаць тавар, што называецца, тварам. Падаць яго так, каб чалавек не сумняваўся, што купляе сапраўды якасную рэч. І мне здаецца, гэта задача шмат у чым вырашаецца прадаўцом. Бо калі мы самі не будзем упэўнены ў тавары, то як зможам прапаноўваць яго людзям? Таму праца не абмяжоўваецца проста выдачай чэкаў. Стараюся зрабіць працэс пакупкі для чалавека максімальна камфортным: і пакажу, і падкажу, і параю, калі, напрыклад, прыйшлі па падарунак, але не ведаюць, што лепш выбраць.
— Ці лёгка сумяшчаць некалькі абавязкаў?
— Спраўляюся. Рамонт абутку — работа па спецыяльнасці. Быццам бы гэта чыста тэхнічнае дзеянне — памяняць набойкі, абнавіць фарбу, ушыць маланку — але месца для нейкай творчасці ўсё роўна застаецца. Стараюся зрабіць так, каб было нават лепш, чым раней. Часам трэба эксперыментаваць, калі, напрыклад, няма фарбы неабходнага колеру. У галаве адразу з’яўляюцца варыянты, як зрабіць не проста надзейна, але і прыгожа, паставіць латку, напрыклад, каб схаваць дэфект.
— А дома творчасцю займаецеся?
— Вольнага часу не хапае. Дома гаспадарка: гадую свіней, даглядаю агарод. Але для душы займаюся шыццём, вельмі радуе, што магу проста па жаданні сесці і пашыць нешта сабе. Магу і ўнуччыным лялькам сукенкі зрабіць.
— Жадання пераехаць кудысьці больш не ўзнікае?
— Змяняць сваё жыццё не хачу. Ведаю, што ў Еўропе гэта нармальная справа — выйсці на пенсію і пачаць падарожнічаць або кардынальна памяняць працу, пераехаць куды-небудзь. Але мне вельмі падабаецца Мядзел. Люблю гэты горад, тут цудоўная прырода. Паветра чыстае, у лясах у сезон заўсёды збіраю ягады і грыбы. Возера, зноў жа, — прыгажосць! А яшчэ вельмі люблю птушак, і ў Нарачанскім краі ў гэтым плане проста раздолле, столькі розных відаў. Я казала, што вольнага часу не хапае, але на прагулку ля возера яго заўсёды знайду.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
НЯДАЎНА ў рэдакцыю патэлефанавала жыхарка Мядзела, якая хваліла прадаўца з размешчанай у Доме быту крамы РайПО і прасіла падрабязней расказаць пра яе на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика