Накірунак супрацоўніцтва: Нарач — Балтыйскае мора. 21.by

Накірунак супрацоўніцтва: Нарач — Балтыйскае мора

19.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


У РАМКАХ абмену вопытам па назіранні за рэкамі, у Нарацкай сярэдняй школе №1 прайшла сустрэча вучняў з прадстаўнікамі кааліцыі “Чыстая Балтыка”, што прыехалі з Калінінграда. Нашы краіны аб’ядноўвае адна вялікая рака — Нёман, якая ўпадае ў Балтыйскае мора. Таму цікавасць расійскіх гасцей мэтанакіраваная — паназіраць за тым, як працуюць беларускія калегі.
Пад эгідай кааліцыі дзейнічае Барэнц-Балтыйская праграма “Прырода і чалавек”, адным з накірункаў якой якраз і з’яўляецца назіранне за рэкамі. Пра тое, якія работы выконваюцца ў рамках праекта, распавёў адзін з каардынатараў Дзмітрый Філіпенка. Ён таксама з’яўляецца метадыстам Калінінградскага абласнога дзіцяча-юнацкага цэнтра экалогіі, краязнаўства і турызму і кіраўніком грамадскай арганізацыі “Зялёная планета”.
— Праект рэалізуецца ў Калінінградскай вобласці, у Санкт-Пецярбурзе і ў Барэнц-рэгіёне і складаецца з мноства тэматычных накірункаў, — расказвае каардынатар. — Асноўная праца праводзіцца ў напрамку вырашэння дзвюх комплексных задач. Адна з іх — зніжэнне ўзроўню забруджвання басейна ракі Нёман і Балтыйскага мора. Мы праводзім навучальныя мерапрыемствы, інфармуем мясцовых жыхароў, ажыццяўляем грамадска-экалагічны маніторынг, даследуем якасць пробаў вады. Шмат працуем са школамі. Дарэчы, даследаванні не толькі прыносяць грамадскую карысць, але і ідуць у асабісты залік самім вучням. Бо такія веды могуць легчы ў аснову даследчых работ, якія дзеці змогуць абараняць на навукова-практычных канферэнцыях, і ў будучым прадоўжыць развівацца ў гэтым накірунку.
— Чаму менавіта Нёман?
— Гэта рака аб’ядноўвае адразу тры краіны: Беларусь, Літву і Расію. І мы ўсе з вамі жывём у яе басейне. Справа ў тым, што мы з Беларуссю працуем паралельна ў адным накірунку, і калі сустракаемся на агульных мерапрыемствах, якія арганізоўвае кааліцыя, заўсёды расказваем аб праведзенай рабоце, абменьваемся інфармацыяй аб дасягненнях. Але пры гэтым не ўяўляем, як праходзіць праца на месцах. Так што мэта гэтай паездкі: пазнаёміцца з працэсам ужывую. Так адбываецца абмен вопытам, і з’яўляецца рэальная магчымасць ацаніць праведзеную працу не толькі па вусных справаздачах.

На сустрэчы вучні якраз прадэманстравалі гасцям метады даследавання, якія яны выкарыстоўваюць для вывучэння мясцовых вадаёмаў і крыніц пітной вады. Школьнікі падзяліліся на дзве групы, кожная з якіх праводзіла свае доследы.
Напрыканцы каардынатар дзіцячай навукова-даследчай дзейнасці Нарацкай СШ №1 Жанна Куцкевіч прапанавала правесці “бытавы” эксперымент. У шкляначкі з рознымі пробамі вады была пасаджана звычайная цыбуля. Як вядома, яна лепш расце менавіта ў чыстай вадзе, таму ўжо праз тыдзень, па тым, наколькі актыўна растуць яе карані, стане зразумела, у якой са шклянак вада чысцейшая.
— Ведаеце, у параўнанне з мясцовымі паказчыкамі, на тэрыторыі нашай краіны справы ідуць горш, — гаворыць Святлана Гуцол, загадчык аддзела экалогіі і аховы прыроды Калінінградскага абласнога дзіцяча-юнацкага цэнтра экалогіі, краязнаўства і турызму. — Але трэба ўлічваць, што Нёман лічыцца даволі забруджанай ракой, тым больш у нас яна праходзіць праз буйныя гарады.
— На сустрэчах у школах вы не толькі назіраеце за працай вучняў, але таксама праводзіце ўласныя даследаванні?
— Вядома, у нас з сабой хімічнае абсталяванне, экспрэс-метады, гідрабіялагічныя метады, бінакуляр — увогуле, мы пастараліся максімальна падрыхтавацца да палявых работ, усё абсталяванне ў нас даволі кампактнае, таму што наш цэнтр і на радзіме пастаянна ў раз’ездах. Працуем са школамі, праводзім даследаванні разам з дзецьмі.
У гасцей з’явілася магчымасць прадэманстраваць сваё абсталяванне. Калі юныя нарачанцы праводзілі даследаванне вады на наяўнасць у ёй нітратаў і фасфатаў, то атрымалася, что самая забруджаная проба вады — з крыніцы. Гэта выклікала спрэчку. Тады госці і прапанавалі пераправерыць вынікі з дапамогай сваіх метадаў. Так, вада аказалася не настолькі забруджанай, як у вучняў, але ў ёй усё ж такі знайшлі прымесі, якія перавышалі норму.
У Беларусі ў накірунку водааховы працуе праект “Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і садзейнічанне развіццю арганічнай сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”, які каардынуе спецыяліст па ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі “Цэнтра экалагічных рашэнняў” Наталля Парэчына.
— З назвы відаць, што гэта вялікі, комплексны праект, і адна з яго частак прысвечана вывучэнню і захаванню водных рэсурсаў, — гаворыць Наталля Іванаўна. — У гэтым напрамку мы працуем з многімі школамі нашай рэспублікі. На сёння гэта каля 40 школ. У тым ліку і ўстановы Мядзельшчыны. У нас шмат розных тэм. Гэта — даследчая дзейнасць, калі школьнікі з дапамогай практычных метадаў правяраюць якасць вады ў прыродных вадаёмах і пітную ваду ў калодзежах ці крыніцах. Таксама дзейнасць па выяўленні патэнцыяльных крыніц забруджвання водных рэсурсаў. У рамках гэтай задачы школьнікі падчас летніх канікул удзельнічаюць у экспедыцыях, дзе вывучаюць малыя рэкі, азёры і іншыя вадаёмы сваёй мясцовасці і выяўляюць тыя ці іншыя праблемныя месцы, як, напрыклад, звалкі, узворванне водаахоўнай зоны, сцёкі з жывёлагадоўчых комплексаў — самая распаўсюджаная праблема ў Беларусі.
— Праект прадугледжвае толькі навуковую працу, або ёсць і грамадскія напрамкі?
— Дзеці праводзяць шмат навукова-папулярных і адукацыйных акцый у населеных пунктах, дзе жывуць. Напрыклад, нядаўна на працягу трох месяцаў у нас праходзіла інфармацыйная кампанія “Рэкі без фасфатаў”, у рамках якой было зроблена “Дзесяць крокаў да чыстай вады”. Школьнікі праводзілі анкетаванне сярод мясцовых жыхароў, інвентарызацыю бытавой хіміі і парфюмерна-касметычнай прадукцыі ў крамах на прадмет фасфатаў. Акрамя таго, для іх былі арганізаваны экскурсіі на мясцовыя лакальныя ачышчальныя аб’екты, яны праводзілі даследаванні, арганізоўвалі флэшмобы, малявалі плакаты з прадукцыяй без фасфатаў, якія пасля вывешвалі на дзвярах крам. І ў Мядзельскім раёне дзеці актыўна садзейнічаюць праекту. Нядаўна адбылася акцыя па ўборцы берага возера Мястра, якую арганізавалі вучні ДУА “Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі” пад кіраўніцтвам Анастасіі Галімскай.

У канцы сустрэчы Наталля Іванаўна перадала школе дыскі з тэматычнымі даследчымі матэрыяламі.
— Наш праект працуе на тэрыторыі Беларусі ўжо больш за дзесяць гадоў, і кожны год да нас далучаюцца новыя ўстановы адукацыі. Мы заўсёды адкрыты для супрацоўніцтва, дапамагаем школам літаратурай, абсталяваннем, інфармацыйнымі матэрыяламі, распрацоўваем і перадаём адукацыйныя стэнды, стараемся працаваць так, каб школам было карысна і цікава. Бо толькі разам зможам эфектыўна абараняць навакольнае асяроддзе і малую радзіму.
Падарункамі абмяняліся і ўдзельнікі сустрэчы. Расійскія госці ўручылі вучням выданні з метадычнымі і навуковымі матэрыяламі, а таксама сумкі з экалагічнага матэрыялу з эмблемай праекта.

Аляксандра Гарачка.
Фота Аляксандра Высоцкага

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У РАМКАХ абмену вопытам па назіранні за рэкамі, у Нарацкай сярэдняй школе №1 прайшла сустрэча вучняў з прадстаўнікамі кааліцыі “Чыстая Балтыка”, што прыехалі з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика