Лабани – деревня трудолюбивых и старательных людей. 21.by

Лабани – деревня трудолюбивых и старательных людей

22.06.2018 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На карце Беларусі вёску Лабані можна знайсці толькі ва Ушацкім раёне. Паколькі не славіцца вёска прыазёрнай прапіскай, то і не карыстаецца папулярнасцю ў дачнікаў і гараджан, якія мараць, каб з аднаго боку сядзібы быў лес, а з другога – прыгожы вадаём. “А дзе гэта?” – запытаюць нават многія з ушачан. Аднак хоць і адносяцца Лабані да так званых неперспектыўных населеных пунктаў, тут яшчэ цепліцца жыццё, якое ідзе сваім размераным ходам.

Лабані – ад Лабанёў

Некалькі кіламетраў ад ажыўленай шашы Полацк-Мінск – і мы трапляем у куточак, дзе не гудуць аўтамабілі, а цішыню часцей парушае спеў птушак, чым гоман людзей. Як і многія вёскі, Лабані ўяўляюць сабой адну працяглую вуліцу, уздоўж якой размясціліся хаты. Пастаянных жыхароў, якія тут прапісаны і пражываюць, можна пералічыць па пальцах, а калісьці ў гэтым населеным пункце кіпела жыццё. Аб гэтым падказваюць рэшткі былой фермы на ўездзе ў вёску. Як расказваюць мясцовыя, тут іх было нават дзве, а навакольныя землі належалі ажно тром калгасам: “Новы свет”, “Прагрэс” і “Праўда”. Спачатку яны аб’ядналіся ў саўгас “Сарочына”, а пазней у “Арэхаўна”, дзе ў жывёлагадоўлі, паляводчых брыгадах працавала абсалютная большасць вяскоўцаў. Старажылы прыгадваюць, што яшчэ раней тут дзейнічала майстэрня па рамонце гадзіннікаў. “Вось там, у канцы вёскі, непадалёк ад нашага дома ў акружэнні бяроз была пачатковая школа, у якую хадзілі не толькі мы, але і дзеці з суседніх Шчарбёнак”, – прыгадвае карэнны жыхар М.М.Пятніца.

У былыя часы зямля тут была ў вялікай цане. Зараз жа нямала зарослых участкаў і закінутых хат, але зусім земляробства не заняпала: у цёплы сезон сюды імкнуцца нешматлікія гараджане. Іх адрозненне ад дачнікаў іншых вёсак у тым, што ў Лабані едуць не дзеля адпачынку, а каб даглядаць бацькоўскія хаты і вырошчваць на ўчастку агародніну.

“Як кажуць, буслы не селяцца ў дрэнных месцах, а ў Лабанях птушкі пабудавалі гняздо якраз у цэнтры вёскі. Кожны год яны прыляталі на аблюбаванае месца. Так было і сёлета, а нядаўна спачатку некуды знік ён, а потым не стала і яе. Нешта здарылася, напэўна, з нашымі сябрамі…” – перажывае карэнная жыхарка Вольга Лаўрэнаўна Кроўш.

Яшчэ адна мясцовая адметнасць – сібірская сасна, якая расце ў канцы вёскі. “Такую на Ушаччыне больш нідзе не знойдзеце! – адзначае Г.А.Пятніца. – Яе яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя прывёз з Севастопаля і пасадзіў наш сваяк. Іголкі падобныя на звычайныя сасновыя, але мякчэйшыя, а шышкі – як у елкі. А які водар стаіць ад яе, калі паставіць галінку ў ваду!”

Назву ж вёскі жыхары тлумачаць проста: адным з самых распаўсю­джаных прозвішчаў тут здаўна з’яўляецца Лабань.

Прыгажосць навокал… і ў душы

Адна з карэнных жыхарак вёскі – якраз з такім прозвішчам. Лёс прыгатаваў Анастасіі Аляксееўне нямала выпрабаванняў. Доўгі час працавала ў мясцовым калгасе цялятніцай, разам з мужам Фёдарам Сцяпанавічам выхоўвала траіх дзетак, трымала вялікую падсобную гаспадарку. Заўчасная смерць другой палавінкі, а таксама хвароба, што сур’ёзна падкасіла здароўе, не здолелі зламаць жанчыну – яна навучылася браць ад кожнага дня па максімуме.

Разам з дачкой Таццянай Бялевіч, якая ўзяла на сябе клопат аб Анастасіі Аляксееўне, на працягу апошніх пяці гадоў узімку ездзяць у Наваполацк, дзе тая мае кватэру, а ўвесну вяртаюцца ў родныя Лабані. Тут, як прызнаюцца жанчыны, нават дыхаецца інакш. “Памятаю, як у гады майго дзяцінства за вёскай было вялікае футбольнае поле, дзе мы з аднагодкамі праводзілі шмат часу, – расказвае Таццяна. – Але ж у пашане нашай сям’і, як і вёскі ў цэлым, заўсёды была праца на зямлі. Пасля вяртання з заняткаў ў Сарочынскай, а потым Ушацкай школе не менш важныя жыццёвыя ўрокі атрымлівала ад бацькоў на прысядзібным участку”.

Яны пайшлі жанчыне на карысць – усё, што цяпер зроблена ля бацькоўскага дома ў Лабанях, – справа яе рук. Заўсёды чысціня і парадак на агародзе. Падворак літаральна патанае ў кветках. Нельга прайсці міма і не зачапіцца позіркам за арыгінальныя архітэктурныя формы, якіх ля дома хоць адбаўляй. Прыгожых папугаяў, паўлінаў з пластыкавых бутэлек Таццяна Фёдараўна вырабляе непасрэдна на месцы іх будучай дыслакацыі, а вось больш складаныя формы выразае з пенапласту, пакрывае гіпсам і размалёўвае доўгімі зімнімі вечарамі на балконе ў гарадской кватэры. Атрымліваюцца садовыя фігуры надзвычай прывабнымі – прафесійныя навыкі майстра кулінарнай вытворчасці не схаваеш.

«Такіх працавітых людзей пашукаць трэба!»

Так зазначылі ў Сарочынскім сельвыканкаме пра сям’ю Пятніц. Упэўнены, што падобную характарыстыку гэтым старанным людзям далі б усе, хто ведае Мікалая Макаравіча і Галіну Аляксандраўну. Прафесійны шлях абаіх быў звязаны з сельскай гаспадаркай. Яна працавала заатэхнікам-селекцыянерам на свінагадоўчым комплексе, а ён – вадзіцелем у сельгасхіміі і “Ушацкім райаграсэрвісе”. Былыя калегі па рабоце і сёння прыгадваюць М.Пятніцу, як моцнага і мэтанакіраванага прафсаюзнага лідара, які горача адстойваў правы працаўнікоў.

Галіна Аляксандраўна родам з Малінаўкі, а прыехаўшы аднойчы ў “Сарочына” па размеркаванні, засталася тут назаўсёды. Хоць і пабудавалі ў гарпасёлку кватэру, але практычна там не жылі. На той час маці Мікалая Макаравіча быў патрэбны пастаянны догляд – так і засталіся ў бацькоўскім доме, нават калі яе не стала.

“На пенсіі, здаецца, сталі працаваць яшчэ больш. Каб зрабіць усе справы, дня не хапае. У 5 гадзін раніцы пад’ём, а спаць кладзешся толькі пасля 11 вечара”, – гаворыць Галіна Аляксандраўна. Застаць сямейную пару, якая разам ужо 44 гады, удалося якраз за работай: гаспадар займаўся нарыхтоўкай сена, а гаспадыня шчыравала на праполцы агарода. Вялікая цяпліца, рады бульбы, градкі з агароднінай і клумбы з кветкамі – усё тут чыста і дагледжана. І ў сталым узросце яны не могуць адмовіцца ад падсобнай гаспадаркі, у якой не толькі птушка ды свінні, а яшчэ і кароўка, да таго ж збіраюцца завесці пчол. Дапамагаюць па гаспадарцы дзеці з унукамі, аднак асноўны цяжар кладзецца ўсё ж на плечы старэйшых.

Пасля двух дзясяткаў гадоў работы ў прафкаме Мікалай Макаравіч не адмовіўся ад грамадскай нагрузкі – зараз з’яўляецца старэйшынам Лабанёў, хвалюецца за парадак. Сваёй касілкай перыядычна абкошвае пустуючыя сядзібы, а таксама абапал вуліцы. А зімой часам прычапляе да ўласнага трактара лапату і чысціць дарогу. “Нічога дрэннага не хачу сказаць у адрас дарожнікаў, яны свае абавязкі выконваюць – і чысцяць, і грэйдзіруюць, і падсыпаюць, калі патрэбна. Але ж зразумела, што зімой у адну хвіліну ўсе дарогі не расчысціць… А раптам каму з нас тэрмінова трэба выехаць?!”, – зазначае М.Пятніца.

Усё можа і суседзям дапаможа

Лабані больш за дваццаць гадоў таму сталі другой радзімай для расіянкі В.М.Чэкулаевай. Са сваім будучым мужам, грамадзянінам Беларусі, яна пазнаёмілася ў Ленінградзе, дзе той праходзіў тэрміновую воінскую службу. Пэўны час сямейная пара жыла ва Ульянаўску. Змяніць жа адрас прапіскі прымусіў… часопіс “Чалавек і закон”, у якім Валянціна Міхайлаўна прачытала артыкул пра Наваполацк і загарэлася жаданнем сюды прыехаць.

Амаль усё жыццё працавалі Чэкулаевы на “Вымяральніку”. А бліжэй да пенсіі, калі меркавалі купіць дачу, упершыню пачулі ад калегі пра Ушаччыну і непасрэдна Лабані. У гэтым прывабным куточку, удалечыні ад гарадской мітусні, сярод добразычлівых людзей муж і жонка адчулі сябе па-сапраўднаму шчаслівымі. Так гараджане сталі жыхарамі вёскі – купілі прасторны домік, займелі агарод і немалую падсобную гаспадарку: карову, свіней, курэй. Калі ж галавы сям’і не стала, усе клопаты ўзяла на сябе Валянціна Міхайлаўна. Яна і зараз, на восьмым дзясятку, ні дня не сядзіць без справы. Прычым, завіхаецца не толькі на ўласным участку, але і на суседскіх. “Зараз курэй сваіх пагляджу – і збегаю да сяброў на сена,  – агучыла бліжэйшыя планы В.М.Чэкулаева. – Яны кароўку трымаюць, трэба дапамагчы!”. Удзячны жанчыне за такую неабыякавасць усе жыхары Лабанёў. “Гэта наш верны памочнік, надзейнае звяно вясковага калектыву, – кажа пра Валянціну Міхайлаўну М.М.Пятніца. – Назваць яе дачніцай будзе няправільна – яна даўно стала нашай, лабанёўскай”. Зрэшты, так лічыць і сама В.М.Чэкулаева. Жыць у гэтых мясцінах для яе – цудоўны падарунак лёсу, лепшыя лекі ад суму і хвароб. “А яшчэ знаходжанне тут прыносіць своеасаблівы “амаладжальны” эфект, – упэўнены двое сыноў жанчыны. – З кожным годам, здаецца, наша мама толькі прыгажэе”.

У кожнага з прадстаўнікоў гэтай вёскі свой лёс і характар. Аднак у народзе ўсіх іх называюць аднолькава – лабані. Назва населенага пункта і распаўсюджанае тутэйшае прозвішча даўно стала паняццем намінальным, якое характарызуе чалавека найперш як працавітага, неабыякавага, вернага роднаму краю.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАМАРКОВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На карце Беларусі вёску Лабані можна знайсці толькі ва Ушацкім раёне. Паколькі не славіцца вёска прыазёрнай прапіскай, то і не карыстаецца папулярнасцю ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика